1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21

Млын на Сініх Вірах

М а р ы с я. Часу няма. I капрызы твае мне апрыкралі.

В і к т а р. Я сёння не буду. Я хачу спытаць: ты мяне кахаеш?

М а р ы с я. Ну, кахаю.

В і к т а р. Тады ты павінна пайсці са мною, тут небяспечна. Мне апрыкраў твой фіктыўны шлюб, гэты дурань, які жыве тут. Кінем усё гэта. Зямля ўся крывёю залілася, нашы на поўдні бягуць. Планета звар’яцела, усё гіне. Пойдзем проста ў лес і там, у нетрах, збудуем хату. Няхай б’юцца, няхай глоткі грызуць – што нам да гэтага залітага крывёю, знявечанага сметніка. I не торкай мне, як панацэю ад усіх няшчасцяў, свой народ. Я кажу, зямля звар’яцела. Разумныя павінны пайсці ад вар’ятаў.

М а р ы с я. Ведаеш, мне здаецца, што ты тады, падчас замаху на Трубайлу, не дарэмна захварэў. Мужны такога не скажа, ён застанецца апошнім і будзе біцца, бо пакуль існуе і б’ецца ён – існуе гонар яго народа.

В і к т а р. Ты... Ты... Разумееш, што ты такое сказала?!! Ты думаеш ці не? Я па-ранейшаму да Дзюбкі хаджу, я аціраюся тут, хаця тут, на млыне, часта бываюць Швальбе, Ільзенвельдэ, Ранцоў, хаця тут іхніх дзотаў, як грыбоў. I ты мне кідаеш такі дакор!

М а р ы с я (спакойна). Не крычы, давай пагаворым. Я кахаю цябе, але ты мучыш мяне. Я вельмі няшчасная. Думаеш, мне не хацелася б кахання, не хацелася мець дзяцей? Я год марыла пра тое, каб проста паплысці з табою некуды на чаўне і не думаць, не думаць пра ўсё, толькі пра цябе. Але нельга, сорамна глядзець у вочы галодных, у вочы страчаных, сорамна глядзець на знявечаны лес у дратах. А ты арганічна не разумееш гэтага. Месяц таму я думала, выцягні з мяне душу, мучай, зневажай, але будзь чалавек. Будзь чалавек, і тады я хоць на край свету за табой. А потым нешта памёрла ў душы. I ты мне дарагі, але чужы. Андрэй лепшы, ён не крычыць, а робіць сваю справу. I хоць я не пакахаю яго, я, здаецца, кіну і цябе кахаць.

В і к т а р. Та-ак, бачу да чаго яно хіліцца.

М а р ы с я. Не плявузгай! Сам вінаваты. Мог бы пашкадаваць хоць раз тое, што, як святыню, насіла ў сэрцы, – каханне да цябе. Не пашкадаваў. Ты заўсёды быў жорсткі, як маланка. I вось, здаецца, прытупілася каханне маё. Падумай, Віця, дарагі мой, падумай, да чаго ты ідзеш, пашкадуй хаця мяне, калі сябе не хочаш!

Паўза.

Пацалуй мяне. Можа, хоць тады растане сэрца тваё.

В і к т а р. Прабач, мне здаецца, што ты памылілася, я не льдзіна. Я і адзін пражыву. Але думаю, што ты яшчэ пашкадуеш. Я зраблю так, што ты пашкадуеш. Шчасця з ім не зведаць табе.

У дзвярах з’яўляецца сілуэт чалавека. Гэта К а л я д а.

М а р ы с я. Таварыш Каляда!!!

К а л я д а. Я. Вырашыў наведацца, як вы тут маецеся. Што чуць?

М а р ы с я. У сваім краю, як у раю. Але вам тут нельга! Тут немцы, сёння нават камендант прыехаў.

К а л я д а. Ат, нічога, мне неадменна трэба было. Вы памятаеце, мы закапалі ва ўрочышчы хлеб і зброю. Зараз прыйшла крайняя патрэба. Добра, што вы тут, Віктар. Трэба праверыць, ці можна туды будзе пад’ехаць заўтра з вазамі, ці няма там нямецкіх пастоў.

В і к т а р. Добра, я пайду.

М а р ы с я. Толькі будзь асцярожным.

В і к т а р пайшоў.

К а л я д а (сеў на жоран). Уначы вывезем, калі ўсё будзе добра. А вам трэба будзе сапсаваць млын і – прэч... Сігнал яшчэ не забыла? Калі небяспека – кугакай савою... Наш чалавек будзе спяваць жаўруком, гэта значыць, хутка дапаможам. Ціха тут. Я калісь у такіх мясцінах на глушцоў любіў паляваць. Змрочны лес, павуцінне, спявае глушэц. Так ціха, толькі кроплі падаюць... Не, нашу лясную волю не прадамо.

М а р ы с я. Ціха! Не, гэта Андрэй.

З’яўляецца А н д р э й, здароўкаецца з Калядою, сеў.

Ці еў ты хаця, Андрэйка? Зусім ты сябе не шкадуеш.

К а л я д а. Ну як, муж з жонкаю? Як жыццё?

А н д р э й. А, дрэнь жыццё. Налезла іх тут. Ва ўрочышчы як мурашнік ад іх.

К а л я д а. Як ва ўрочышчы? Туды толькі што Сміхальскі пайшоў.

А н д р э й. Ат, д’ябал! Гэты абавязкова напорацца. Будзе ісці, як на парадзе.

К а л я д а. Швальбе не вельмі дакучае.

А н д р э й. Швальбе – жывёла. Жыве і помсціць сабе і іншым за тое, што паслужыў таму, у што не вельмі верыць.

К а л я д а. А ты, я чуў, таксама добры, ніколі перад ім шапкі не знімеш. Вераб’і ў тваёй шапцы, Андрэй, ці што?

А н д р э й. Гэта яму занадта добра будзе.

К а л я д а. I то праўда. Значыцца, жывеце зараз поруч з фашызмам. Ну і як?

А н д р э й. Брыдка. Некаторыя з іх прыгожыя словы кажуць, а на самай справе...

К а л я д а. Як кажуць, галоўку чэша, а за коску – скуб!

Блізкія стрэлы.

А н д р э й. Далібог, напароўся. Таварыш Каляда, трэба ўцякаць. Давайце, давайце. Пойдзеце рэчышчам, там не так небяспечна.

К а л я д а. Марыся, можа, разам пойдзем?

М а р ы с я. Не, я з Андрэем.

Андрэй апранае на Каляду сваю вопратку. У гэты час з’яўляецца С м і х а л ь с к і.

С м і х а л ь с к і. Сарвалася справа... Стралялі.

А н д р э й. Чаго ж ты бег сюды? Чаго ты наогул бег? Падводзіш млын, камандзіра! Ёлуп! А калі ў іх сабакі?

Здалёк чуваць брэх сабак, усе заціхлі.

Уцякайце, таварыш Каляда. Уцякайце хутчэй. Рэчышчам! Там вада! Па вадзе. Па гэты бок грэблі. (Выпхнуў Каляду з дзвярэй.) Направа. Там адхон. Пайшоў! Будуць крычаць – не звяртай увагі.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21