1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21

Млын на Сініх Вірах

С м і х а л ь с к і (паціху). Ну добра, я табе пакажу ёлупа. Я пакажу, як хцівасцю сваёй адбіраць яе ў мяне. Дый ты паплачаш, Марыська. Я здрэйфіў тады, але я, хаця і раб, не дазволю вам смяяцца. Раб жыве, калі чалавек памірае.

Сміхальскі хутка лезе на гару. Звонку чуваць крык: “Эй, млынар!”

А н д р э й. Ціха, Марыська. Займайся сваёю справай. Трэба будзе іх затрымаць.

З’яўляецца Ш в а л ь б е, Р а н ц о ў, А д л е р б е р г, І л ь з е н в е л ь д э, д в а с а л д а т ы.

Ш в а л ь б е. Эй, млынар! Хто быў? Хто толькі што бег?

А н д р э й. Не ведаю. Можа, я? Я толькі што прыйшоў.

Ільзенвельдэ. Я толькі што бачыў гэтага чалавека на шостым пункце, ён не мог быць ва ўрочышчы.

А н д р э й. А больш нікога не было. Нядаўна, праўда, былі два салдаты.

Ш в а л ь б е. Хто яшчэ?

А н д р э й. Можа, жонка мая? Але яна нікуды не хадзіла, з самага ранку тут.

Ш в а л ь б е. О-о! (Рыўцом саджае Марысю на ложак і глядзіць на падэшвы.) М-м, не, падэшвы сухія. А ва ўрочышчы мокра. Не, не яна.

А н д р э й. Пан, не чапайце яе. Напэўна, вам было б непрыемна, калі б так паводзіліся з вашай жонкаю.

Ш в а л ь б е. Ого! Шчасце ваша, што ў вас добрая біяграфія і рэкамендацыі. Хто тут быў яшчэ?

А н д р э й. Я не бачыў. Праўда, тут праходзіў чалавек, але ён павярнуў берагам, па той бок грэблі. А больш нічога не бачыў.

Ш в а л ь б е. Абшукаць.

Салдаты абшукваюць млын і сцягваюць з гары В і к т а р а.

А гэта хто? Хто гэта?

А н д р э й. Я думаў, што пан камендант ведае. Гэта наш падсыпка, ён ужо два тыдні, як тут. I маёр Ранцоў гэта ведае, ён яго бачыў.

Р а н ц о ў. Так. Мне здаецца, Швальбе, што вы заблыталіся. Трэба хутчэй гнацца за тым чалавекам.

А н д р э й (паціху). Цяпер не дагоніце.

Стрэлы. Убягае с а л д а т.

С а л д а т. Гер маёр, там чалавек на гаці напароўся на нашых. Адстрэльваецца і паціху адпаўзае багнішчам.

Р а н ц о ў і А д л е р б е р г з салдатам выбягаюць.

Ш в а л ь б е. Та-ак. Але я бачу, што ў гэтага падсыпкі бегаюць вочы.

І л ь з е н в е л ь д э. Пакіньце, Швальбе. Ранцоў жа сказаў.

Ш в а л ь б е (ціха.) Нічога, гаўптман. Я трошкі разбіраюся ў людзях, я сам бачу, хто ён, але пара ляпасаў не пашкодзіць. Калі не, мы кінем яго і пойдзем за тым. Нічога страшнага... (Уголас.) Да таго ж, глядзіце, мокрыя ногі.

М а р ы с я (пра сябе). Божа, забыў зняць боты.

Андрэй маўчыць.

Ш в а л ь б е. Фрыц, дапамагай, расцягнем яго трошкі.

Пачынаюць збіваць Сміхальскага.

М а р ы с я (даволі голасна). Віця, любы, дарагі. Трымайся! Мацуйся! Я хацела, каб ты кінуў гаварыць тыя словы. Каханы мой! Трымайся!

Віктара б’юць, потым кінулі. Сміхальскі акрываўлены, вопратка парваная.

Ш в а л ь б е. Нун, падсыпка. Куды хадзіў? Хто гэты чалавек? Можа, ведаеш?

В і к т а р (імкнучыся трымацца з годнасцю). Я бачу, ад вас нічога не схаваеш. Якая карысць маўчаць? Усё адно рана ці позна. Дык лепей рана, не будзеш потым інвалідам. Я ведаю, хто гэты чалавек, і ведаю пра ролю гэтых людзей, што стаяць тут.

Стрэлы здалёк.

Ш в а л ь б е. Глядзіце, гаўптман, нечакана пашанцавала. А я збіраўся на гэтым і скончыць. Дзіўна, першы раз бачу, што нехта з іх загаварыў. Ну кажы.

В і к т а р. Той чалавек, што ўцёк, гэта старшыня гарвыканкома Каляда, памочнік вядомага Дубоўскага, зараз кіруе асобным атрадам, а гэта сын Дубоўскага-Лаўрановіча, а тая – гэта яго жонка. Яны працавалі ў млыне ўвесь час партызаншчыны.

Ш в а л ь б е. О-о! Цікава!

М а р ы с я. Віктар! Віця! Што ты робіш! Ві...

А н д р э й. Пакінь яго, не трэба... Здраднік.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21