1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21

Млын на Сініх Вірах

В і к т а р. А вы сляпыя краты, эмбрыёны.

А н д р э й. Ты быў камсамольскім важаком. Відаць, такія, як ты, толькі ў гадзіну шчасця ідуць за Камунай. Здраднік!

В і к т а р. Я вышэй за вас, я вышэй і за такую абстракцыю, як здрада. Я казаў, што вы пашкадуеце.

М а р ы с я (непаразумела). Я ж цябе каха... (Рэзка.) Я цябе ненавіджу!

Увайшоў А д л е р б е р г.

А д л е р б е р г. Пфе, Швальбе, што гэта ў вас за мясная крама? Памыйце рукі.

Ш в а л ь б е. Цягніце сюды арыштаванага!

А д л е р б е р г. Арыштаванага? Прабачце, зараз сюды прыцягнуць Ранцоў і чатырох салдат. Ён скакаў па балоту, як конік, і страляў, як Матэо Фальканэ. Павіншуйце мяне, я жывы, і ён таксама жывы.

Андрэй уздыхнуў. Швальбе адвярнуўся ад Адлерберга.

Ш в а л ь б е. Ну што ж, калі яны хаваюць звесткі пра партызан у сэрцы – я вырву іх разам з сэрцам. Шульц, Кёніг – рыхтуйце прылады. Там, на гары. (Салдаты цягнуць на гару Марысю, Андрэй барукаецца з тымі, хто трымае яго. Яго схапілі за рукі.) Зараз яе прыпаляць агеньчыкам. На бэльку яе! Кажы, ты, кажы!

А д л е р б е р г. Калі скончыце таркведамстваваць, Швальбе, абавязкова памыйце рукі. Інакш будзе непрыемна працягнуць вам руку.

Пайшоў. Ільзенвельдэ пайшоў быў за ім.

Ш в а л ь б е. Гаўптман, сядзіце тут. Вам прыказвае старэйшы афіцэр.

Здаўлены крык з гары. Андрэй зарыдаў горлам. Швальбе кідаецца да яго і пачынае трэсці за рэбры.

Кажы хутчэй! Дзе брыгада, дзе атрад Каляды? Інакш, яна ўжо ніколі не будзе прыгожай.

А н д р э й. Жывёла! Не дачакаешся.

Салдаты сцягнулі з гары М а р ы с ю, яна з акрываўленым тварам.

Ш в а л ь б е. Ну, кажы ты, кажы, іначай я зараз закатую твайго мужа.

М а р ы с я. Андрэйка, сапраўдны муж, дарагі, даруй мне за гэтага мярзотніка, за гэтага здрадніка. Зараз і ты гінеш... з-за мяне.

Ш в а л ь б е. Кажы, іначай яго павядуць.

М а р ы с я. Здраднік! (Швальбе дае знак, Андрэя ўсцягнулі на гару.)

Ш в а л ь б е. Зараз ён будзе крычаць, маладзіца. Вельмі будзе крычаць.

Стогн з гары.

Кажы зараз жа, дзе партызаны, дзе інсургенты?

М а р ы с я. Здраднік.

Ш в а л ь б е. Яму выкруцяць рукі, яго зробяць інвалідам, і сёння яшчэ нічога, а вось што я вам прапаную заўтра.

Стогн.

М а р ы с я. Андрэй, любы, маўчы! Не шкадуй мяне!

Ш в а л ь б е. Дзе інсургенты? Дзе Каляда?

М а р ы с я. Здраднік! I ты, грубая падла... я маўчу.

Швальбе б’е яе, яна падае. Салдаты сцягнулі ўніз А н д р э я. Ён хістаецца на нагах.

Ш в а л ь б е. Бачыш, яна ляжыць. Я зраблю такое дзесяць разоў – і тады яна памрэ. А ты, пакуль што, будзеш жыць. Адказвай!!!

А н д р э й. Эх, пан Швальбе, пан Швальбе! Як вам толькі не ганебна. На месцы вашага начальства я б у тры шыі пагнаў вас з працы. Год у нас, і так дрэнна ведаеце нашых людзей. Сталая істота, а крычыць, тупае нагамі, як дурное дзіця, якое хоча па малой патрэбе. Сорамна! З дзяўчынамі ваюеце, хутка да немаўлят дойдзеце. Карыстаецеся сілаю.

Швальбе б’е Андрэя ў твар.

Ну вось бачыце, стаю. На дзяўчыну сілы хапіла, а тут – не. Нашых людзей кулакамі, сілаю – не пераканаеш. Яны такіх свалачуг, як вы, за тысячу год ой колькі бачылі. I ніхто іх пакуль што не спудзіў да смерці.

Швальбе б’е зноў.

Ну, шчанюк, шчасце тваё, што мяне за рукі трымаюць. Я б табе даў раз, і былі б садухі – і ксяндза зваць не трэба, не тое што ты, авечая смерць.

Ш в а л ь б е. Яшчэ раз кажу, дзе хаваюцца гэтыя бандзюкі?

А н д р э й. Эх, камісар, камісар. У сябе ты быў папіхачом, хлопам, а тут з’явіўся ў чужую хату някліканы, няпрошаны, і вось тыраніш гаспадароў, з дзяўчынкамі ваюеш, паклаў ногі на наш стол, выгнаў гаспадара ў лес, ды яшчэ й бандзюком яго абзываеш. Несумленна! Хто ж пасля такіх слоў выходзіць бандзюк, га?

Ш в а л ь б е. Я перад табою красамоўстваваць не буду. Адно я абяцаю: скажаш – дам жыццё і табе і жонцы, не скажаш – заб’ю. I яшчэ перад смерцю пекла здасца табе раем. Вось.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21