1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21

Млын на Сініх Вірах

К а л я д а. Добра. Пакуль тое будзе, паклічце Дзюбку.

Лаўрановіч выходзіць і вяртаецца з Д з ю б к а м.

Дзюбка апрануты старамодна і трохі зухавата, вусы падкручаны, у руках кіёк.

Сядайце, Елпідзіфор Сяргеевіч. Памятаеце нашу размову дзесяць дзён таму? Вы самі бачыце, час наступіў... Вы не камуніст, менавіта таму мы вас і выбралі, менш падазрэнняў. Вы не перадумалі? Не будзеце эвакуіравацца?

Д з ю б к а. Не, у мяне тут засталося яшчэ шмат экспанатаў. Але, перш за ўсё, дзякуй вам, што дапамаглі вывезці мой музей... Шчыра дзякую. Старажытныя шыферныя прасліцы... меч старасты адроўскага, бронзавы меч, такога і ў Гнёздаве няма... надзвычайныя косткі маманта, карціна Пэна... А вось чучалы пакінулі... мядзведзь, рысь яшчэ. I мая надзвычайная арніталагічная калекцыя. Мне заўсёды не шанцавала. Я, вядома, ад яе нікуды не паеду, так што, калі ласка, я да вашых паслуг.

К а л я д а. Што б вы сказалі, калі б вам прапанавалі трымаць канспіратыўную кватэру?

Д з ю б к а. Па прынцыпу: добрага сабаку на прывязі трымаюць? Ну што ж... Я, малады чалавек, маю, вядома, брушка і падобны да бухгалтара, але, мне здаецца, мы падчас той нашай размовы ўсё высветлілі. Так што размаўляць няма чаго. Значыцца, спатрэбіліся мае старыя косці, а я ў такіх выпадках не адмаўляюся тым, што я з большым задавальненнем сядзеў бы ў піўной і піў піва. Піва, вядома, лепей за шыбеніцу, але, як падумаеш, і за піва, нарэшцее, трэба расплачвацца.

К а л я д а. Добра. Пра абавязкі даведаецеся паслзя. Пакуль што, ведайце адно, пароль будзе вельмі складаны, запамятайце добра: “Ці не прадасцё што-небудзь цікавенькае? Можа, ёсць старыя фібулы або слуцкі пас (менавіта, пас). Водзыў: многа хочаце, гэтага няма, але ёсць унікальная каптарга. Зноў пароль: гэта значыць металічны кашэль? водзыў: так, з бычынай галавой”. Запамяталі? Добра.

Д з ю б к а. Чакайце, але з якой прычыны яны будуць пытацца ў мяне такое?

К а л я д а. Вы будзеце камерсантам, значным камерсантам. Грошы атрымаеце, іх будзе дастаткова. Адкрыеце ўласную краму пад шыльдаю, – трэба нешта вытанчанае, – ну, хаця б так: “Гандаль старажытнасцямі, рэчамі культу, інкунабуламі і прадметамі народнага мастацтва. Камерсант пан Е. С. Дзюбка”.

Д з ю б к а (абурыўшыся). Не, браткі, і ракаў не хачу, і ног не мачу. Я ў прынцыпе супраць прыватнага капіталу. Я разумею, трэба, каб хадзілі людзі, але чаму б мне не стаць, ну лудзільшчыкам, ці што. Я ўмею.

К а л я д а. Чалавек павінен працаваць па свайму густу. Каго здзівіць, што былы загадчык музея адкрыў гандаль старажытнасцямі. Грошы будуць. Вы будзеце мець магчымасць раз’язджаць па вёсках дзеля скупкі, ездзіць нават у вялікія гарады. Як жа, камерсант, паважная асоба. Будзеце запрашаць нямецкіх афіцэраў у госці, задавальняць іх, калі нам будзе патрэбна.

Д з ю б к а (менш рашуча). Гандляваць свяшчэннымі для мяне прадметамі? Не, не буду. Ды і скуль я іх дастану?

К а л я д а. Не турбуйцеся, гандляваць вы будзеце падробкамі. Мы паклапаціліся, яны ў вас будуць. Вы ведаеце пра калішнюю калекцыю Сіпайлы?

Д з ю б к а. Гэты блюзнір! Гэтае падла! Добра ведаю. Мы з ім спрачаліся дваццаць пяць год таму, ён думаў, што калі ён багатыр, дык ён мае добры густ. Трасца ў яго была, а не густ! Яму перакупшчыкі спіхнулі на дзесяць тысяч без малога самых грубых падробак, якія я бачыў. К-калек-цыянер!

К а л я д а. Дык вось, гэтыя падробкі, калі Сіпайлу выселілі з маёнтка, ляжалі ў фондах драмтэатра, для гістарычных драм. Цяпер яны будуць у вашай краме.

Д з ю б к а. Я пратэставаў – не слухалі. Такую дрэнь нельга было нават на сцэне ўжываць замест сапраўдных рэчаў.

К а л я д а. Добра, добра. Я думаю, што для вас гэта будзе дадатковай радасцю: збыць у іхнія рукі такое. Ну як, згода?

Д з ю б к а (амаль згаджаючыся). Эканаміст з мяне дрэнны, таварыш Каляда. Я вексель з жырафам блытаю. Прагандлююся ўшчэнт. I тут мне не шанцуе.

Лаўрановіч. Ну вось тады і будзеце лудзільшчыкам. Гэта будзе нават зусім натуральна: банкрут Дзюбка, былы антыквар, зараз лудзільшчык.

Д з ю б к а. Кінь ты, Пятро, свае жартачкі... Ну... добра ўжо, няхай. Буду камерсантам. Усім быў, а гэтага – не, не было. Я, таварыш Каляда, няўдачнік.

К а л я д а. Галоўнае: маўчанне, канспірацыя, трываласць.

Д з ю б к а. Я ўсвядоміў. Можаце спадзявацца.

К а л я д а. Пакуль што пабудзьце тут... 13.00. Напэўна ўжо прыйшлі (ідзе да дзвярэй і адчыняе іх). Заходзьце, таварышы.

Уваходзяць Ц ы к м у н А с і н с к і ў танным шэрым гарнітуры, М а р ы с я, за ёю С м і х а л ь с к і, малады чалавек у добрай вопратцы, трохі пасля – А н д р э й Л а ў р а н о в і ч.

Сядайце. Паразмаўляем у цеснай кампаніі. Вы згадзіліся застацца тут, таварышы...

У рэпрадуктары нешта трэснула.

Голас: Грамадзяне горада! Добраахвотнікі толькі што адбілі атакі ворага на Заходнюю станцыю. Становішча там стабілізавалася. Мы падпалілі склады ля могілак цягнікоў. Агонь выкурыў фашыстаў з могілак. Зараз на радыёстанцыі таварыш са штаба таварыства садзейнічання авіяцыі і хімічнай абароне. Ён просіць перадаць: вораг насядае з боку ракі, вораг насядае з боку ракі. Трэба затрьмаць яго, пакуль са станцыі не вывезуць апошніх эшалонаў з жанчынамі і дзецьмі. На дапамогу, людзі! Бярыце зброю хто можа.

Лаўрановіч. Як ты сабе хочаш, Каляда, але гэта ганьба. Армія адышла, а зараз стрымліваюць ворага пацаны, героі ў кароткіх портках. Сорам! Дзеці торкаюць салдатам дулі пад нос.

Каляда. Не трэба, Пятрусь... Што ж паробіш, калі нельга. Відаць, замала сілы.

Лаўрановіч. Шыфроўкі нашы.

Голас яшчэ некаторы час агалошвае лічбы, усе пасуровелі.

К а л я д а. Што ж, таварышы. Вы ведаеце, у чым справы. Ад станцыі Чорны Бор цягнецца пушча. Мы, пакуль што, прайгралі адкрыты бой, армія пакіне горад і адыдзе, можа, аж за Дняпро. Не хачу вас пужаць, але становішча цяжкае, і, невядома, можа, нават цэлую зіму давядзецца людзям сядзець у лесе. А галоднага, хоць бы ён быў героем, можна забраць голымі рукамі. Нам патрэбен хлеб, шмат хлеба. Сёе-тое ў нас ёсць, вывезлі з элеватараў у лясныя сховішчы. Але адным збожжам не абыдзешся, на сялянскія жорны яго не змелеш. Патрэбен млын. I вось мы вырашылі.

Падыходзіць да карты раёна.

Бачыце, кут між рэкамі. Тут дарога ў Звініцкія пушчы. Яны цягнуцца на сто восем вёрст на поўдзень ад станцыі Чорны Бор да чыгункі, якая ідзе з захаду на ўсход. Калісьці праз пушчы ішоў чумацкі шлях, але ён ужо гадоў сто дваццаць як заглохнуў. Да калектывізацыі ў самых нетрах там была вёска Пагост, на гэтым калішнім шляху, а ля яе яшчэ карчма і млын на два паставы. Дарога канчалася вёрст за пяць да Пагоста, і далей цягнуўся звычайны зімнік. У калектывізацыю вёску перанеслі ў Дравічанскі сельсавет, а на млын неяк забыліся. Тыдні тры таму я там пабываў. Глуш страшэнная. На поўдзень – восемдзесят восем вёрст да чыгункі, на поўнач – дваццаць да станцыі Чорны Бор, на ўсход дваццаць пяць да ракі (там, на беразе, ёсць вёскі), на захад – каля трыццаці вёрст да вёсак Дудзічы, Ведрычы, Пляскі і да ўрочышча Разбіты Рог, дзе ёсць лясніцтва. Адзіным бяльмом на воку з’яўляецца вёска Чарнабогі, дзесяць вёрст ад млына і дзесяць вёрст з гакам ад станцыі, трошкі ўбок. Ды яшчэ ля Чарнабогаў ёсць некалькі невялікіх вёсак. Вось і ўсё. Як бачыце, лепшага месца не знойдзеш. Млын хоць і ладна спарахнелы, але прыдатны. Мы адрамантавалі там усё, што магчыма. Ёсць там, акрамя млына, руіны карчмы, потым даволі моцны каменны будынак, добры будзе свіран.

Д з ю б к а. Я гэта месца ведаў яшчэ калі паляваў. Лясы такія, як кафедральны касцёл. Чыстая готыка! Па берагах рэчак драбналессе. I між соснамі ў сонечны дзень пара ад зямлі ідзе, быццам ладан кураць. I рэчкі: Тна, Вілюшка, Зубраўка – чыстыя. Уначы ляжыш ля кастра, восень, паветра – віно халоднае, і зоры кацяцца, кацяцца, кацяцца.

Аглянуўся, усе слухаюць, засаромеўся.

К а л я д а. Невядома яшчэ, калі нам такую мірную размову давядзецца чуць, Сяргеевіч. Гаварыце, калі ласка.

Д з ю б к а. Вільгаццю ад вады тхне. Бугай вадзяны недзе “Буукае”... Між іншым, гістарычная назва гэтага Пагоста – Сінія Віры. Калісь быў даволі вялізны пачынак. Адзін з Ягайлавічаў там памёр, не сумелі ўрача даставіць, такая глуш была. I зараз не лепей... Назва якая, “Млын на Сініх Вірах”! Я там начаваў аднойчы з сябрам. Якія мясціны! Рэкі, лясы бясконцыя, дзе-нідзе курганы, лілеі ў затоках. Паветра, як у першы дзень стварэння. Што пасля яго тая гарэлка? Хваробы сабе купіў на свае грошы. Увосень, у апошнія дні палявання на качак, здарыцца прымаразак, – трава, як драбнюткай соллю пасыпаная, хрумстае пад нагамі, ружовая ад зары. I недзе ў паветры спявае нешта, спявае, далёкае такое. I цішыня, слухаць яе можна, як сімфонію.

Далёкі выбух.

За гэту цішыню даў бы яму па галаве, – праз рэбры ўласныя бы глядзеў на свет белы, бандзюк. А то б галавою ў вір – і садухі.

К а л я д а (пасуровеўшы). Добрая ўмоўная назва: “Млын на Сініх Вірах”. Мне няма чаго гаварыць, што гэтага патрабуе ад вас Радзіма – вы ведаеце самі. На вашых плячах баяздатнасць партызан цэлай акругі. Лаўрановіч, пры поўнай рабоце млына на два паставы колькі насельніцтва ён можа забяспечыць?

Лаўрановіч. Я не ваенны інтэндант, але раней у нас такі, прыблізна, млын працаваў на два сельсаветы, у тым раёне, адкуль я зараз прыехаў. I нічога, не вельмі скардзіліся.

К а л я д а. Вось бачыце. Сытасць такой колькасці людзей будзе ў вашых руках. Таму таямніцу млына берагчы, як зрэнку вока, а самы млын трымаць да самага скону, як гонар свой. Вы, Цыкмун Пятровіч, працавалі да рэвалюцыі на млыне братоў Лапіных?

А с і н с к і. Так, а пасля ў млынтрэсце.

К а л я д а. Дык вось, Цыкмун Пятровіч Асінскі, як майстра, будзе млынаром.

А с і н с к і. Добра. Праца будзе ладная, дык я і дачку вазьму з сабою, як гаспадыню. I падсыпку дайце такога, каб сала еў мала, а мяхі варочаў вялікія.

К а л я д а. Добра. Андрэй Лаўрановіч тут?

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21