1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21

Млын на Сініх Вірах

А н д р э й. Так, мы хочам жыць, мы разумеем вартасць жыцця лепей, як такая амёба, як пан камісар. Але нас, відаць, выхоўвалі ў духу прыстойнасці. I мы добра ведаем, што калі грамадская адкрытасць – гэта дабрачыннасць, дык за Юдзін грэх, а асабліва перад такімі разлезлікамі, як вы, мала таго што нам плюнуць у твар, мы яшчэ і паважаць сябе перастанем. Так што з прапановамі вашымі ідзіце ў другое месца: мы нашым гонарам пастаўлены ў становішча, якое не адпавядае вашым жаданням.

І л ь з е н в е л ь д э (ціха). I вы не бачыце шматкаляровасці зямлі, якую збіраецеся пакінуць, не ведаеце, што акрамя чорнага і белага колеру, у якія вы фарбуеце свет, існуюць і іншыя?

А н д р э й. Па вашым тоне я бачу, што вы не зусім тое, што гэты гадавец. Пакуль яшчэ не позна, зразумейце, што ў белым колеры, у нас, па законах фізікі, змешчаны ўсе колеры зямлі, а вы чорны колер, нават і не колер, а проста адсутнасць святла, смярдзючая яма, бруд.

Ш в а л ь б е (дае Андрэю ляпаса). Хто кажа пра гэта? Дзікун? Скіф?

А н д р э й (пагардліва). Ваш метад пераконвання вы, напэўна, лічыце метадам культурнага чалавека, не скіфа, не дзікуна? Так, мы на такі ўчынак, біць звязанага, не здатны – мы, скіфы.

Марыся застагнала, села.

I біць дзяўчынак мы, скіфы, таксама не можам, слабых дзяўчынак з мужным сэрцам, галубак з ільвіным сэрцам. Мы ведаем, у іх слабыя костачкі – хрупні – і няма. Таму мы лашчым іх, абараняем, носім на руках. Напэўна, у гэтым і ёсць розніца між такімі культурнымі людзьмі, як вы, і такімі скіфамі, як мы.

М а р ы с я (абдымае калені Андрэя). Муж мой! Я ганаруся табою.

Ш в а л ь б е. Круціце яму рукі, круціце! Я дачакаюся хвіліны, калі ён будзе скавытаць ад болю!

А н д р э й. Не, мы не тыя, што скуголяць. Мы сталі людзьмі. Мы сталі відушчымі, а вы, як тысячу год таму, ходзіце ў ідэйных шкурах. Тых, што сталі відушчымі, не загоніш у цемру, тыя, што ўваскрэслі, не паміраюць. Мы не дачакаемся хвіліны, калі будзеце скуголіць вы, але мы верым, вы будзеце скавытаць, як пабітыя сабакі, будзеце лізаць ногі нашы, бо вы толькі на гэта і здатныя. Перад намі – Камуна, перад вамі – магіла ганебна страчаных. Таму так памерці, як паміраем мы, вы не зможаце, – не!

Ш в а л ь б е. Маўчаць!!!

І л ь з е н в е л ь д э. Пан камісар, пакіньце гэтых людзей. Забіце іх, але не катуйце. Вы бачыце, з імі нічога нельга зрабіць.

Ш в а л ь б е. Маўчыце і вы. Я пераламаю гэтым паршыўцам косці!

А н д р э й. А душу нашу зламаць нельга. Хто можа пахваліцца, што ён зламаў душу Адама новай зямлі, рускага, беларуса, – не такога, як гэты шчанюк, – сапраўднага чалавека. Нас у багне тапілі – мы заставаліся жыць, нас прыгняталі пад варожай пятой – мы жылі і паўставалі, у нас адбіралі мову – мы спявалі нашы песні, на нас ішлі навалаю – мы адказвалі Піленамі, Крутагор’ем і Грунвальдам, нас знішчаюць зараз – мы знішчаем вас. Сцеражыцеся, ёсць канец і нашаму цярпенню, цярпенню добрых, а калі пачынаем мы – свет саступае нам дарогу, адзін варты тысячы і рэкі нашы сплываюць чужынскай крывёй. Не выпрабоўвайце цярпення нашага. Я сказаў! Чуеце?

Ш в а л ь б е (выцірае пот). Д-добра. Ён зараз знаходзіцца ў стане экзальтацыі. Я пагляджу, ці так ён будзе адказваць заўтра. Адвядзіце іх у гэты пусты свіран, пастаўце самую моцную варту. Іх не навучылі мае кулакі – іх навучыць апошняя бяссонная ноч. I запамятайце, калі не перадумаеце, дык з першымі праменнямі сонца вас будзе чакаць страта. Добра?

А н д р э й. Дарэмна стараецеся. Адказ будзе той жа. Наш хлеб – гэта горкі хлеб, хлеб з крывёй і мякінай, але мы ганарымся... Мы простыя, мы нечыноўныя, мы – соль зямлі. Думаю, што гісторыя з гэтым млынам кажа сама за сябе: колькі гераізму з аднаго боку і колькі мярзоты – з другога.

М а р ы с я. Мы не мяняем нашых думак па дзесяць разоў на дзень.

Ш в а л ь б е. Пабачым, што вы скажаце, калі загаворыць у час роздуму жаданне жыць.

А н д р э й. Жаданне жыць? Вы называеце жыццём жыццё здрадніка? Дзякуй вам.

Ш в а л ь б е. Маўчаць!

А н д р э й. Рота нам не замажаце. Вам, Швальбе, позна, вас чакае мыла і вяроўка, але вы, гаўптман, падумайце над тым, што значыць уцягнуць нашага чалавека ў мора гневу. О, які пярун грымне над вашай галавою, калі ўстане на ўвесь рост мой народ!

Швальбе дае знак. А н д р э я і М а р ы с ю павялі. Ш в а л ь б е ідзе за імі. У пакоі засталіся Ільзенвельдэ, Віктар, салдат.

III в а л ь б е. Фанатыкі! Зараз зламіць іх для мяне пытанне жыцця.

В і к т а р. Марыся! Андрэй! Даруйце мне! Я здраднік! Я Каін!

Пайшлі не адказаўшы.

І л ь з е н в е л ь д э (ціха). Яны бы не паміралі так, каб не ведалі чагосьці.

С а л д а т. Дазвольце спытаць. Што рабіць з гэтым чалавекам?

І л ь з е н в е л ь д э (абыякава). З гэтым... чалавекам?.. Расстраляйце тут жа, зараз, ля грэблі. Падла можаце выкінуць у багнішча, я не пратэстую. Як кажа прымаўка гэтага народа: “Здраду прымаюць, а здрадніка вешаюць”.

В і к т а р (цвёрда). Пачакайце, я ведаю яшчэ аднаго, я трьмаў з ім сувязь.

І л ь з е н в е л ь д э (тым жа тонам). Я не жадаю чакаць. Мы – чума, але ёсць яшчэ ў некаторых нямецкае сумленне. Расстраляць! Эх ты... Такіх людзей.

Заслона

КАРЦІНА ВОСЬМАЯ

Каменны свіран млына на Сініх Вірах. Атынкаваныя муры там-сям аблупіліся, праглядае цэгла. Столь у некалькі скляпенняў. Проста перад гледачом акно, забранае кратамі. Злева – дзверы. На падлозе – свяча, поруч з ёю сена. На сене сядзіць М а р ы с я. А н д р э й ля акна кугакае савою. Крык трывожны, гучыць з пярэрвамі, з паўзамі.

М а р ы с я . Засталося якіх чатыры гадзіны. Як доўга і як мала. I мы пабачым дзень, сонца, наш млын. (Расплакалася.)

А н д р э й. Ну-ну-ну, нашто гэта, Марыська. Не трэба.

М а р ы с я. Як ён мог, як мог?!

А н д р э й. Э, плюнь, ну бывае з людзьмі. Не трэба, яму было горш, чым нам. Пакінь, Марыська. Бывае ж...

М а р ы с я. З табою не было. Сорамна мне, Андрусь... як сорамна мне!

Андрэй. І я не лепшы. Таксама дрэнны. Ведаеш, калі яны падступалі да Масквы, казалі, што нават узялі, я быў зняверыўся. Толькі і розніца, што я вырашыў тады маўчаць. (Ціха, недзе крычыць сойка.) Цяпер веру, хаця б нават да Урала мы адступалі, веру як ніколі.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21