1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21

Млын на Сініх Вірах

М а р ы с я. Якія мы маленькія: дзве зоркі ў цемры, дзве кроплі ў пустыні.

А н д р э й. Зоркам лягчэй, бо яны ведаюць: недзе ёсць цэлыя сузор’і, кроплям лягчэй, бо недзе ёсць мора. Так і нам. А ты даруй мне, ва ўсім, што можа здарыцца, вінен толькі я.

М а р ы с я. Калісьці мне здавалася, што я кахала цябе... Потым з’явіўся той, але зараз я кахаю цябе сто разоў. Чаму ты не сядзеш зараз тут, поруч? Андрэй.

А н д р э й. Не трэба. Я ж даў табе слова.

М а р ы с я. Андрэй, о Андрэй!

А н д р э й. Маўчы, не вырывай з мяне гэтага апошняга слова. Я ведаю, тут не я, а абставіны. Я не дарую сабе гэтага.

М а р ы с я. Андрэй, ты павінен падысці.

Андрэй падышоў і сеў непадалёку. Марыся абняла яго, Андрэй зрабіў спробу вызваліцца.

Не адштурхні мяне ў гэты апошні час.

А н д р э й. Каханая! (Прыпаў да яе вуснаў.)

М а р ы с я. Ты разумееш? Якія ў цябе прыгожыя, мяккія валасы, якія моцныя рукі. Ну... Павінна ж я выправіць апошнюю маю памылку на гэтай зямлі. Забудзем гэта! Каханы мой, любы.

Зацямненне. Цякуць хвіліны. У гэты час адны страляюць у другіх, чалавек павісае на калючых дратах. Гэтых таксама павядуць на страту, але ўсё забыта. Цемра. За акном гукі летняй ночы, спявае салоўка, быццам няма муроў, кратаў, быццам вакол галіны і месячнае святло ляжыць на люстры ракі. І зноў святлее. Марыся ляжыць на грудзях Андрэя. Зноў краты. Але рука ляжыць у руцэ, твар Андрэя на валасах Марысі.

М а р ы с я. Гэта – шчасце. Цяпер я ведаю. I засталіся, можа, якая гадзіна ці дзве. Як многа, калі ты поруч, калі я адчуваю кожную клетку цела твайго. Ты ахінуў мяне ўсю.

А н д р э й (страсна). Марыська, любая, я не чакаў, не спадзяваўся. Нашто, чаму я такі шчаслівы?! Усё знікне, толькі мы адны, збітыя, абылганыя, мы застанёмся навекі. Вось яны, вусны твае, косы твае, твае сумленныя, добрыя вочы. Дарагая мая, дарагі мне чалавек! Навекі, навекі з табою, за кожную кроплю крыві тваёй – хоць на крыж.

М а р ы с я (прыціснулася бліжэй да Андрэя, уздыхнула). Табе я б дала мора шчасця, толькі табе. Я б цябе кахала, я б цябе доўга, вельмі верна кахала, скупіла б усё.

Андрэй. А я б не даў ніводнай слязе змачыць гэтыя вейкі. Ніцая мая, ясачка мая, няўжо ёсць шчасце без гэтага жудаснага прывіду... I няўжо такія шчасныя людзі сварацца? Любая мая, яліначка.

М а р ы с я. Ты быў бы вельмі шчаслівы. Я ж не вінаватая, што яны забілі мяне тут, ля парога нашага шчасця, ля парога жыцця... Усяго толькі за стары млын мы памрэм, але як мне лёгка, як лёгка!

А н д р э й. Нічога, гэты стары млын, гэта наша радзіма, наша зямля, і мы біліся за яе год. Хто скажа, што мы дрэнныя воіны? Прыйдзе Радзіма і пабачыць нас не на полі бітвы, але таксама параненых. I скажа: вось ляжаць лепшыя дзеці мае, надзея мая. Яны біліся, яны перамаглі.

М а р ы с я. Сонца будзе. Будуць дзеці святкаваць Кастрычнік альбо Май. Дрэвы, кветкі, дзеці! Што будзе праз пятнаццаць – дваццаць – трыццаць год. Яны напэўна будуць вельмі шчаслівыя. Але няхай і не вельмі шчаслівыя, – няхай аглянуцца на нас. А потым будзе Камуна! Якая белая, якая блакітная, якая ззяючая далячынь! Маглі б і мы быць там. Вось я саджаю ў гародзе капусную расаду... А дзіцёнак, твой дзіцёнак, нябачны, ідзе за мною і выскубвае яе за маёй спіною сваімі пальчыкамі. (Заплакала.) Ніколі, ніколі не будзе гэтага, не будзе гэтага дзіцёнка.

А н д р э й. Затое будуць у тых тысяч, якіх мы выратавалі. Вялікая армія... – не, не армія, яны пасля такога жаху ніколі не будуць ваяваць, ніколі. Няхай успомняць нас, няхай паглядзяць на нас, каб лішні раз зразумець, што нельга, бесчалавечна так рабіць. Не армія, проста вялікая чародка дзяцей, шумных, як вераб’і, вясёлых, замурзаных. Гэта таксама чагосьці варта.

М а р ы с я. Слухай, а можа, яны нас яшчэ выратуюць, га? Можа, прыйдуць? Так шкода жыцця, асабліва цяпер, калі ты поруч, лепшы хлопец на зямлі.

А н д р э й (вызваліўся з яе абдоймаў, са стогнам кінуўся да акна, учапіўся рукамі ў краты). Куга! Куга! Куга!.. Куга!

Чуцен далёкі спеў жаўрука. Андрэй прыслухаўся.

М а р ы с я. Яны?

А н д р э й (апусціўся поруч з ёю, абняў). Не, любая, гэта проста першы жаўрук. Ты таксама самая лепшая ў свеце, самая каханая. (Лашчыць.) Але нам не дапамогуць. Яны не ведаюць... I гэта лепей, бо ўсе сілы паклалі б яны на тое, каб нас выратаваць. Шмат было б сірот. Яны не прыйдуць. Далёка нашы, далёка. Але я веру, мы будзем жыць вечным жыццём. (Пачынае днець.) Світанак новага дня. Хоць і на карчму падобная зараз наша краіна, хоць і плача яна крывавымі слязьмі, хоць і памірае яна ад пакут, але калі, калі мы не паміралі, калі не біліся?! З пакут і крыві паўстане радзіма наша. Памятаеш, як казаў Дантэ:

Мяне такой стварылі неба цені,

Што непарушна я пад градам мук

I ў полымя спускаюся нятленнай.

Што нам агонь? У нас моцны карак, мы здужаем усё. I памяць пра нас пройдзе праз стагоддзі. Кожны, як святыню, прыпомніць нас, простых плытнікаў, рыбакоў, дойлідаў, рабочых, песняроў, земляробаў.

Сонца ўзыходзіць. Праменні яго б’юць у акно, і недзе далёка спявае жаўрук.

М а р ы с я. Любы, як добра, як хораша мне.

А н д р э й. Птушкі спяваюць. Раса запаліла на дубах сотні ліхтарыкаў.

Знадворку нехта падбірае ключы, скрогат замка, ляскае завала.

А н д р э й (устае, падымае Марысю). Ну што ж, хадзем (цалуюцца), пойдзем разам.

I так, шчыльна прыціснуўшыся адзін да аднаго, яны стаяць, і сонца залівае іхнія галовы.

М а р ы с я. I ўсё ж такі мы жывём. I будзем жыць вечна. Сонца маё! Зямля! Ты падтрымала нас у апошнюю гадзіну. Дзякуй табе.

Заслона

1957 г.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21