1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21

Млын на Сініх Вірах

А н д р э й. Тут... Таварыш Каляда, мне неяк нязручна. Руку, бачыце, асколкам раздзёрла ў першы ж налёт. Дазвольце лепей стрэльбу ўзяць. Мяхі цягаць мне цяжка будзе.

Лаўрановіч. І я лічу, што правільна. Няма чаго на млыне ацірацца, няхай ваюе разам з іншымі ў лесе.

Каляда. А я думаю іначай. Мяхі яму цягаць цяжка, а па шэсцьдзесят вёрст рабіць, у багне гадзінамі ляжаць, на дрэвы лазіць – гэта не цяжка?.. Гэта зараз найважнейшае. Зразумеў, Андрэй? Ты з адзінай здаровай рукою будзеш за дваццаць інсургентаў ваяваць.

А н д р э й. Калі трэба, я пайду.

М а р ы с я. А можа... можа б, Віцю... Віктара Сміхальскага на млын, а Андрэя... задаволіць яго просьбу (саромеецца). Усё ж гэта будзе лепей, бо Сміхальскі мацнейшы.

Сміхальскі. Не, дазвольце адмовіцца. Я гераізму жадаю, рамантыкі. Радзіма ў такім становішчы, а мяне на млын, кулі цягаць.

А с і н с к і. Гэта ён таму адмаўляецца, што думае: хлеб на вярбе расце.

Сміхальскі. Не, я ўсё ведаю. Я толькі думаю, што на млыне кожная пасрэднасць працаваць можа. А я больш карысці прынясу, калі буду партызанам. Да таго ж, як адзін з працаўнікоў райкома камсамола я не магу так: крычаць на зборах пра Карчагіна, а як пачалося сапраўднае, дык на млын.

К а л я д а. Глупства ты вярзеш, хлопча. Ты і ў райкоме быў не таму, што ў цябе з дня нараджэння шышка чыноўнасці на галаве развілася, і тут будзеш ваяваць у атрадзе не таму, што ў райкоме камсамола працаваў. Ты проста больш спрактыкаваны чалавек, ніж Андрэй. I запамятай, будзеш чакаць дзіва, пацягнеш людзей на “рамантычны” ўчынак, нешта накшталт нападу на танкі са стэкам у руках – зганю. I наогул, вельмі рамантычнага месца не дам. А вось што. Будзеш, малец, трымаць сувязь з Дзюбкай. Будзеш на гэтым самым млыне жыць, хадзіць па атрадах і ў горад. Тут табе будзе выгодна. I паветра галаву халадзіць, і лясны водар прадухіляе чалавека ад разліцця чорнай жоўці. Ну і яшчэ... мне старому за гэта, некаторыя людзі “дзякуй” скажуць.

Сміхальскі. Таварыш Каляда! Радзіма гіне, а я...

К а л я д а. Што ты, што ты. Крый цябе божа. На Радзіму хан Койдан нападаў, – яна не загінула, Літва з палякамі ішла, – таксама не загінула. Палякі і немцы ў грамадзянскую ішлі – яна не загінула. I цяпер, калі працаўнік райкома Віктар Сміхальскі, які яшчэ хварэе адцягненым, трохі вонкавым гераізмам, добры хлопец, падабаецца многім, падобны на Дэмана, – не пойдзе проста ў атрад, а будзе сувязным – яна таксама, я думаю, неяк вытрымае, не загіне. Так што досыць размаўляць. Значыцца так, мы вырашылі, Цыкмун Пятровіч з Марысяю адразу ж, разам са мною, едуць у аколіцы Чорнага Бору і стуль дабіраюцца да Млына на Сініх Вірах. А вы ўсе пабачыцеся са мною праз тыдзень. Цяпер выйдзіце ў залу і атрымайце там дакументы і іншае. У Лаўрановіча.

Усе ідуць да дзвярэй у залу, Асінскі ідзе апошні.

Цыкмун Пятровіч, пачакайце. Вось што, патрэбна, каб нехта меў сувязь асабіста з вамі на той выпадак, калі ў гэтых небяспечных Чарнабогах з’явяцца немцы. Можа, там трэба кагось пасяліць, скажам, пад выглядам бежанкі, жанчыну якую-небудзь?

А с і н с к і. Пасяляць там нікога не трэба. Там у мяне жыве сваячка, Тэкля Каваль. Я і то збіраўся спытаць, ці нельга, каб яна калі-нікалі прадуктаў падкінула. Дый небяспека ад немцаў з гэтага боку вялікая.

К а л я д а. А вы за яе можаце паручыцца?

А с і н с к і. Вы давяраеце мне – давярайце і ёй. I выйці з вёскі яна можа так, што ніхто не заўважыць. Дый прафесія ў яе такая, патрабуе бадзянняў у лесе.

К а л я д а. Чакайце, Тэкля, Тэкля Каваль? Нешта знаёмае.

А с і н с к і. Гэта тая... ну... “вядзьмарка”.

К а л я д а (шчыра разрагатаўся). Памятаю, памятаю, гэта тая, знахарка, чараўніца. Што гэта ў нас такі народ падбіраецца... цікавы. Ноеў каўчэг нейкі. Сем пар чыстых, сем пар нячыстых.

А с і н с к і. Дарэмна вы так. Недарэчны смех. Яна не замовамі лечыць, яна адмыслова ведае травы. I ўрэшце (раззлаваўся), што ёй было рабіць? Што, я вас пытаю? Мужа забілі на Мазурскіх азёрах, старэйшых сыноў легіянеры закатавалі за партызаншчыну. Думаеце, яна менш надзейная, ніж гэтае фу-фу Сміхальскі, хоць ён і камсамольскае начальства.

К а л я д а. Ну, дарэмна гэта вы так, ён яшчэ малады, ён як малады хорт: гоніцца за ваўком, абгоніць зграю і не ведае, што ваўку раз кляцнуць зубамі і – гамон яму.

Асінскі. А вы занадта добры. Зараз ён малады яшчэ, пасля, калі будзе сталы, на неўраўнаважанасць будзеце спасылацца, а пасля: “Ды ён жа стары, яму дараваць трэба”. Андрэй лепшы – яго раскалыхаць, дык трэба пяць чалавек, як той брацкі Звон у Магілёве, але ён верны, сумленны чалавек, не фіцюлька. Добры вы чалавек, таварыш Каляда, але не да тых, да каго трэба. Што Тэклі было рабіць з дачкой ды з немаўляткам-сынам? Ну і пачала лячыць, балазе маці яе і бабуля першымі траўніцамі былі. Дасць добрую траву – нашы людзі лаяцца пачнуць: “Ты б хоць сказала нешта”. Цемра! Ну яна і пачала шаптаць. Вось вы, як кажуць, аж дзве кнігі калісьці напісалі, а ці ведаеце вы, што аптэка ад іншых хвароб не так добра лечыць, як гэта Тэкля. Не паважаюць урачы траў, а, між іншым, аптэкі не заўсёды былі, і ў аптэках валяр’ян, канвалія, маліна, ліпавы цвет ляжаць. А колькі яшчэ невядомых траў? Вы б вось спыталіся, як яна мёдам ды зязюльнікам язву страўніка ў вашага бухгалтара вылечыла? Альбо як звычайнай ясноткай лячыла ад слабасці, альбо як падтыннікам ад воўчага мяса лячыла людзей, маладым дзяўчатам прыгажосць вяртала. Цяпер яна і шаптаць кінула, – людзі не тыя, дый сын дапамагае.

К а л я д а. Што гэта ты, бацюхна, так разбушаваўся?

А с і н с к і. А таго, што сам гадоў дзесяць таму нешта вельмі лёгка пачаў співацца. Вып’ю чарку – і з капытоў. Перад сябрамі сорамна. Ну, Тэкля адшукала траўку. Апетыт да гэтай справы загубіў, але выпіць магу добра. Так што мне мой мужчынскі гонар не дазваляе, каб яе лаялі. Не тараканаў дае, не з вугаля брызгае – лечыць чыстай, сумленнай травой.

Задумаўся.

К а л я д а. Рознае бывае ў жыцці. Можа быць. Ведаеце, калі будзем жывыя, дык трэба будзе пагаварыць пра гэта, дзе трэба. Не злуйцеся. Калі будзем жывыя, вы мне пра гэта падрабязна раскажаце. Добра? А цяпер хадзем у залу. Стуль пойдзеце чорным ходам, да машыны. А Марысю возьмем па дарозе.

Выходзяць, прапусціўшы ў дзвярах С м і х а л ь с к а г а і М а р ы с ю.

Віктар, хвілін праз пяць будзьце тут, у кабінеце.

Сміхальскі. Добра (да Марысі). Ну нашто, нашто ты гэта прапанавала? Немаведама што могуць падумаць.

М а р ы с я. Віця, не трэба так. Ты ведаеш, я гэта зрабіла не для цябе, мне Андрэя стала шкода. Яму горш, ніж табе. Ты ж такі моцны, вялікі, на ўсякім месцы будзеш добры.

Сміхальскі. А ён?

М а р ы с я. Ён не такі. Ён, ведаеш, вельмі добры, але, напэўна, бязвольны хлопец. Яму там, на млыне, будзе дрэнна, зусім яго засмокча... Ну ведаеш, напэўна, дурная, але я сама не ведаю, чаму я так зрабіла.

Сміхальскі. А я ведаю. Ты маеш да яго прыхільнасць.

М а р ы с я. Віця, навошта ты так! Ты проста яшчэ не ведаеш...

Уваходзіць А н д р э й і накіроўваецца да дзвярэй.

Сміхальскі. А я табе кажу, што гэта так. Ты сама не ведаеш. Што ж, мне нічога не застаецца, як падставіць галаву пад першую кулю. I можаш тады думаць пра яго колькі хочаш. I, калі ласка, не плач. Вашы слёзы – вада.

А н д р э й (павярнуўся). Слухайце, сеньёр. Вы можаце размаўляць якім хочаце тонам і са мною і з іншымі, але з ёю гэты тон пакіньце.

В і к т а р. А якое права...

А н д р э й. Я маю права сябра дзяцінства.

Ві к т а р. I ўсё???

А н д р э й. Так, пакуль што ўсё.

В і к т а р. Пакуль што? Вось што, малады чалавек, я здзіўляўся высакароднасці вашай і вашага бацькі, але толькі да таго часу, пакуль Каляда не адмовіў вам у вашай просьбе. Цяпер я бачу замест высакароднасці танную спробу адсядзецца ў ціхім месцы і зрабіць выгляд, што гарыш жаданнем біцца.

М а р ы с я. Віця, не трэба.

А н д р э й. Ух-х. Вось што, панок. Я буду сядзець там, дзе трэба. I я не баюся цябе, але зараз не такі час, каб даваць нейкаму дурню па твары. Бачыш, вайна.

Пайшоў. Выходзіць К а л я д а.

К а л я д а. Вы яшчэ тут, таварыш Асінская?

М а р ы с я. Я зараз пайду. (Пайшла.)

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21