1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21

Млын на Сініх Вірах

К а л я д а. У мяне да вас некаторыя пытанні. Вось хлеб, вось колькасць людзей, падлічыце дзённы выхад, патрэбу.

Лаўрановіч (уваходзячы). Таварыш Каляда, там вас нейкая дзіўная дэлегацыя пытае. Прывялі кагосьці.

К а л я д а. Ну добра, гэта ўжо апошняя справа. Трэба ехаць. Кажуць, што вораг выйшаў на цэнтральную вуліцу. Прасіце іх.

Адчыняюцца дзверы з вуліцы, і да кабінета ўваходзяць ч а л а в е к п я ц ь л ю д з е й рознага выгляду. Яны вядуць Т р у б а й л у, скруціўшы яму рукі. Перад працэсіяй крочыць дзіўны чалавек, падобны да бацяна, апрануты сціпла, але добра. Манеры ў яго экстравагантныя. Гэта В ы с а к а р о д н ы з л о д з е й.

Што вам трэба, таварышы?

В ы с а к а р о д н ы з л о д з е й. Прабачце, але нас нельга назваць “таварышамі”. Мы, як бы мовіць, люмпенпралетарыят, адрынутыя законам і грамадскасцю. Мы, людзі, якія кіруюцца ў сваёй дзейнасці кніжкай, якая называецца КПК, крымінальна-працэсуальны кодэкс. Карацей кажучы, мы – правапарушальнікі.

К а л я д а. Дзіўная сітуацыя. Але ў чым справа? Што за жарты?

З л о д з е й. Мы просім у вас увагі, толькі пяць хвілін увагі. Як гэта кажуць, мы не затрымаем вас на час большы, чым трэба на тое, каб узламаць добры сейф.

К а л я д а. Як бачыце, сейф тут адчынены. Турма зараз не функцыяніруе.

З л о д з е й. Фі, турма! У мяне ад гэтага слова пабольвае сэрца. Ад такіх недалікатных слоў. Дазвольце звярнуцца да вас хоць аднойчы як сумленным людзям. Ведайце, што і ў бандзюкоў ёсць чуллівае, чулае, уразлівае сэрца. Слухайце, савецкая ўлада нам была як мама родная. Яна лупцавала нас і ставіла ў кут, але бывала, што мы раскайваліся – і яна карміла нас пернікамі. Паслухайце, – хто б тут пакрыўдзіўся? – некалькі месяцаў турмы гэта ж глупства. А немцы, кажуць, будуць расстрэльваць. Гэта ж ціхі жах, гэта антыгуманна. Вы ведаеце, тут грабілі склады. Мы падумалі, што гэты грэх таксама ўпадзе на нашы бедныя галовы. Гэта ж ганьба, калі такое думаюць пра сумленных зладзеяў. I што сказалі б нашы бедныя мамы на тым свеце? Яны б перавярнуліся ў труне. I мы сказалі: “Ша!” Мы сказалі: “Хопіць”. Мы спаймалі аднаго з гэтых бандзюкоў (якое шчасце, што гэта зусім не прафесіянальны злодзей. I ніхто не кіне такі дакор сапраўднаму злодзею, ніхто не запэцкае яго добрае імя), мы ўзялі яго і даставілі вам. А склады мы запалілі, усё адно іх не вывезеш ужо.

К а л я д а (стрымліваючы ўсмешку). Што вас штурхнула на гэта?

З л о д з е й. Ведаеце, аднойчы былі ў вёсцы перавыбары старшыні. Калі перавыбралі, устаў вясковы злодзей і папрасіў, каб перавыбралі і яго. Ён сказаў: “Я ўкраду кавалак сала – кажуць, што я ўкраў дзежку. Я ўкраду пуд дзерці – скажуць, што я ўкраў мех крупчаткі. Перавыбірайце”. Ведайце, нам было б вельмі прыкра, каб з-за гэтага булахоўца і пагромшчыка, з-за гэтае контры наша імя зазнала б ганьбу.

К а л я д а. Добра, Дзякую вам... таварышы. (Да звязанага, рэзка.) Прозвішча.

Трубайла (ганарліва). Трубайла, шляхціц.

К а л я д а. Чаму вы рабавалі?

Трубайла. Чалавек, род якога прыгадваецца ў Гарадзельскім прывілеі, не будзе адказваць хаму.

К а л я д а. Ну й дапатопная істота! А што, Гарадзельскі прывілей даў вам прывілею і крамы рабаваць таксама?

Трубайла. Гэта вы нас зрабілі зладзеямі.

З л о д з е й. Ша, паклёпнік!

Трубайла. Вы зрабілі нас рабаўнікамі. Дзе мае пяцьдзесят валок? Дзе маёнтак дзедзіч маіх?

К а л я д а. Значыцца, пяцьдзесят валок было? Ну, тады ў вас па рабаванню досыць даўняя практыка.

Трубайла. Жартуеш, пшэклёнта халера? Нядоўга вам жартаваць. Хутка вас – варам, як непатрэбных шчанюкоў... За наш край!

К а л я д а. I яшчэ, напэўна, за беларуса сябе лічыць. Беларусы сваёй мовай размаўляюць. I яны не рабуюць, яны зараз па лясах. Табе і азёрны твой край толькі тады патрэбны і добры быў, калі на тваіх валоках пейзане ў стракатых анучках жыта жалі.

Адвярнуўся.

Злодзей. I што рабіць з гэтым дэгенератам, скажыце, добрыя людзі?

К а л я д а. Вызавіце чалавека з варты. Няма чаго з ім валаводзіцца, расстраляць (павяртаецца).

В і к т а р (ціха). Вось лічбы. Млын на Сініх Вірах можа пракарміць некалькі тысяч чалавек. (Трубайла прыслухаўся.) Думаю, што, калі я зраблю нешта вартае, вы перавядзеце мяне з Звініцкае пушчы ў іншае месца. Мне ўсё ж не імпануе суседства з Чарнабогамі.

Трубайла прыслухоўваецца.

К а л я д а. Тут не месца гаварыць пра гэта, Віктар. З млына вы пойдзеце тады, калі прыкажуць.

Уваходзяць д в а в а р т а в ы я. Бяруць Трубайлу пад рукі.

Трубайла. Свалота! Куды вы схавалі наш ціхі край! Паркі нашы высеклі, палацы нашы запаскудзілі!

К а л я д а. Ты маўчы, ты на новую Беларусь смярдзючае джала не высоўвай. Воўк.

Трубайла. Нічога, мы вас вылегчаем. Каціцеся адсюль, сабачыя сыны, чырвоная падла!!! Чака-айце. Наш час прыйшоў!

Т р у б а й л у выводзяць, выходзіць за вартавымі і дэлегацыя.

З л о д з е й. Бывайце здаровы, таварыш старшыня. Я думаю, што гэта ўсё хутка скончыцца, і мы з вамі яшчэ пабачымся, калі я, вядома, буду на волі.

К а л я д а. Бывайце.

Уваходзіць Л а ў р а н о в і ч.

Лаўрановіч. Машына чакае. Выбух непадалёку.

К а л я д а. Пачакай, давай пасядзім. Вось быў я, браце, пісьменнік, дрэнны пісьменнік, не хапала ўсведамлення самага важнага, у гарвыканкоме больш быў да месца. I раптам звалілася гора: гарады палаюць, дзеці маленькія без хлеба, без бацькоў. Сакратара гаркома бомбай напавал, партызаншчына на нашы плечы ўпала. Добра, хоць цябе з вобласці прыслалі. Дзе тая былая цішыня. Але які народ! Асінскі гэты, знахарка, Ветка наш. I нават зладзеі гэтыя, язык не паварочваецца іх так назваць. I я ведаю, чаму гэта. Мы хлябнулі за дваццаць год сапраўднай волі. I нас з кожным годам будзе ўсё больш і больш немагчыма загнаць у калішнюю цемру. Як бы гэта ні было газетна і банальна, але шлях ад кувалды да аэраплана – гэта велічна. Не, не так я буду пісаць, калі давядзецца. З сэрцам, з болем, са шчырасцю вялікай.

Блізкі выбух.

Лаўрановіч. Час ехаць.

Хутка ўбягае адзін з в а р т а в ы х. На твары ягоным кроў.

В а р т а в ы. Таварыш Каляда, выбухам забіты Рубанаў... Словам... арыштаваны скарыстаў момант і ўцёк.

К а л я д а. Ну і трасца яго матары. Бандзюк звычайны. Хадзем, Лаўрановіч. Час ехаць.

Накіроўваецца да дзвярэй, у гэты час зноў выбух, і, як бы ў адказ, загаварыў рэпрадуктар. Усе спыніліся.

Г о л а с. Увага! Увага! Жыхары горада. Хто мае магчымасць – пакідайце горад. Немцы ўзялі Заходнюю. Апалчэнцам ля прычалаў трэба адыходзіць, іх могуць адрэзаць.

К а л я д а. Што ён робіць, вар’ят! Могуць вузел адрэзаць.

Лаўрановіч. Ён не пойдзе. У яго жонку забіла. Памятаеш, як калісьці смяяліся. Важна так кажа: “Чытаў аб’явы дыктар Ветка”. Што яшчэ акрамя аб’яў, чытаць даводзілася? Сёння, можа, ўпершыню адчуў сябе сапраўдным дыктарам, на сваім месцы.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21