1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21

Млын на Сініх Вірах

К а л я д а. Трэба яго ратаваць. Паехалі.

Г о л а с. Яны падпалілі вузел. Выйсця няма (трывожна). На Чартальне пачаў гарэць старажытны помнік, будынак калегіума. Добраахвотнікі, змагайцеся з агнём, змагайцеся з агнём. Гарыць ваша старына. Гарыць ваш горад. Ратуйце яе, ратуйце яго!

3 рэпрадуктара чутны глухія ўдары.

Яны ўдзіраюцца сюды. Бывайце, таварышы, бывайце, сябры мае, браты. Яны ламаюць дзверы, яны пагражаюць, што будуць страляць.

3 рэпрадуктара аўтаматная чарга. Цішыня.

Т-таварышы, я яшчэ жывы. Яны ламаюць дзверы... М-м-м...

К а л я д а. Дабілі, дабілі Ветку... Ветку дабілі.

Г о л а с. Таварышы!.. Таварышы!.. Без панікі... Пакідайце кватэры... Пакідайце. Горад гіне... Гіне наш горад. Жывіце ў барацьбе, жывіце ў славе.

Паўза.

Хай жывуць Саветы!

Паўза. Пасля адрывіста, хрыпла.

Хай жыве Беларусь!

Заслона

КАРЦІНА ДРУГАЯ

Млын на Сініх Вірах. Звініцкія пушчы. Цёплы жнівеньскі дзень ружавее над пушчаю. На пярэднім плане, справа, ціхі поплаў, пакрыты вільготнай зялёнай травой. Амаль на сярэдзіне сцэны некалькі густых кустоў здзічэлага бэзу. Яшчэ лявей таўшчэзны дуб-волат, лісце якога звісае над поплавам, утвараючы зялёны паўзмрок. Дуб вельмі стары, вялікае дупло ззяе ў яго ствале. Пад дубам старая, тоўстая, далоні ў тры, лава, на чурбаках, укапаных у зямлю. Тут жа каменны будынак, дзверы яго адчынены, маленькае акенца забрана кратамі. Віецца сцежка ў глыб сцэны, да млына. За поплавам увесь другі план злева займае рачулка, якая разлілася тут даволі вялікім стаўком і блішчыць пад сонцам. Люстра яе зарасло лотаццю, кугой, дзе-нідзе бялеюць ля берагоў лілеі. Ставок перагарадзіла ўдалечыні зялёная грэбля. Над ёю, справа, бачны шэры будынак млына. За стаўком – густыя кусты каліны над вадою, далей – палоса падлеску, у якім яшчэ стаяць руіны старой карчмы. А далей густыя, цяністыя, зялёныя шаты лясоў. Неба амаль нямое над імі. Зялёна, вільготна. Спяваюць птушкі, даносіцца далёкі гоман млынавага кола. I цішыня толькі падкрэсліваецца гэтым, цішыня стаіць такая, што звініць у вушах. М а р ы с я на траве сядзіць і зашывае нешта, мармыча сабе паднос і зрэдку запявае ўголас:

“Як табе, рачушка, без крутых беражкоў,

Так і мне, дзяўчыначцы, без любага дружка”.

В і к т а р (асцярожна падыходзіць, ціха). Марыська!

М а р ы с я. Віктар, даражэнькі. Ой, якая я шчаслівая. Мне так цяжка бывае, калі ты ідзеш. Усё мне здаецца, што ты ўжо недзе схоплены, забіты.

В і к т а р. Ну кінь, кінь. Я не з тых, што лёгка даюцца ў рукі.

М а р ы с я. Я ведаю. Але ўсё адно баюся.

В і к т а р. Нічога, Марыська. Не дзеля сябе аспрэчваем смерць, а дзеля тых, што ўладараць над нашым сэрцам, нельга ж прымірыцца з тым, што яны загінуць. Нічога, у апошняй бойцы перамогуць каханне і любоў.

М а р ы с я. Нейкі ты дзіўны сёння, Віця... Ты лепей раскажы, што ў горадзе?

В і к т а р. Ат, месяц як там немцы і месяц як там робіцца няведама што. Думаеш, усе тыя, што крычалі пра перамогу, і зараз крычаць. Сядзяць, як бараны, па хатах... паразмаўляем пра іншае, Марыся.

М а р ы с я. Што ты?

В і к т а р. Я не ведаю, што са мною робіцца, не магу гэтага растлумачыць. Уся мая энергія перайшла да кагосьці іншага, ніяк не магу пазбегнуць адчування пустаты. Нішто мне не лезе ў галаву, акрамя аднаго, і гэта адно ўсю маю душу запаланіла. Не то я, што раней, іншым уяўляю сабе свет. Балюча мне, але самы боль мне вялікі – радасць і таямніца. Ты мяне не разумееш?

М а р ы с я. Не.

В і к т а р. Ну дык вось (бярэ яе галаву ў далоні, цалуе). Вось і ўсё. I можаш зараз рабіць са мною што хочаш. Усяго сябе, з усёй душой аддаю. I якая мне справа да ўсяго, калі ты са мною, лепшая мая. Усё гэта сон, гэтыя спрэчкі, бойкі. Шкода, што праходзіць маладосць пад гэты надакучлівы акампанемент. А ты мяне кахаеш?

М а р ы с я. Я цябе даўно кахаю. Я чула, што не трэба так адразу казаць. Маўчаць, так будзе мацней. Але я баюся цябе пакрыўдзіць, перарваць тонкую ніць. Нашто мне мучыць цябе, каб было мацней? Я ж цябе таксама кахаю, я цябе не паўкрыджу. За Андрэя ты не крыўдзішся? Я яго вельмі люблю. Ён сябра з дзяцінства.

В і к т а р. Не, за Андрэя я табе даўно дараваў. Я яго проста шкадую.

М а р ы с я. Не трэба, ён таксама вельмі добры. Іншы раз мне здавалася...

В і к т а р. Пачакай. Слухай цішыню. (Цалуе ёй рукі.) Мне другі раз здаецца, што ўсё гэта сон, гэтыя выбухі. Расплюшчу вочы – і будзе ціхі дзень, акно адчынена, ты яшчэ спіш.

Уваходзіць А с і н с к і.

А с і н с к і. Да вас можна сюды, моладзь? Дзень добры, Віцька. Як справы ў горадзе?

В і к т а р (незадаволены). А трасца яго бяры і разам з немцамі.

А с і н с к і. Цю-у, здурэў дзяцюк! Ты якія гэта словы гаворыш, га?

В і к т а р. Я і на самай справе, Ім бы барыкады будаваць, а яны сядзяць ціхутка, як мышы. Што я ім дапамагаць хавацца буду, ці што? Мяшчане! Тыранія дробязяў. А дробязяў гэтых у жыццё чалавеку напхана, як сардынак у бляшанку. Адзін гіне, а другому пляваць – у яго мазалі. Дый не так ужо там жахліва, як я думаў. Камендантам нейкі Адлерберг. Я думаў, што будуць паліць і на кожным ліхтары вешаць, – аж ціха ўсё. Лётчыка нашага падбілі, упаў за горадам, а калі немцы прыехалі, дык яго ўжо нейкая падла абрабавала. Ну, гэты Адлерберг і кажа, што вы, – свінні, сваіх герояў не паважаеце. Вярнуць вопратку і ўсё, што забралі з самалёта, інакш вёску спалю і ўсіх пад корань. Праз пяць мінут усё прынеслі, цалюткае. Тады яны лётчыка пахавалі і далі над магілаю салют: “Глядзіце, як шануюць нямецкія героі гонар героя рускага”. А таго, хто рабаваў, Трубайлу нейкага, забралі з сабою, але, кажуць, не забілі. Што ж, годны, рыцарскі ўчынак.

А с і н с к і. Глупства ты вярзеш. Такія для нас яшчэ больш небяспечныя, чым адвартыя гады. Але ж мярзота якая! “Ру-ускаму гер-рою!” А мы сваіх гадуем. Адаслаў ужо другі абоз з мукой. Комам стане ў іхняй глотцы наш хлеб. А што яшчэ чуць? Як Дзюбка?

В і к т а р. Адкрыў краму і зараз прагарае. Што праўда, знайшоў выхад: робіць са спарахнелае драўніны ідалаў. Купляюць. “О-о, беларусішэ калёрыт! Еўрапейскія папуасы!” Дзюбка гэты яшчэ! Турак нейкі.

Паўза.

Ну, мне час. Трэба зноў у горад. Я там занёс да вас што трэба, Цыкмун Пятровіч.

А с і н с к і (павярнуўшыся спіною). Добра. Можаш ісці.

В і к т а р (карыстаючыся, што Цыкмун не бачыць, ціха). Бывай, мая каханая (цалуе ёй руку).

А с і н с к і (усё яшчэ стоячы спіною). Гэх, усім бы ты добры быў, Віця, ды вось толькі не ўмееш ты з сучаснымі паненкамі абыходзіцца. (Павярнуўся.) Ты б гэта зараз пеўнікам падскочыў, дыгнуў ножкаю, вусы падкруціў, падставіў руку абаранкам і па-французску : “Куркуле-муркуле альфоне ролле”.

В і к т а р (змрочна). Гэта не па-французску.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21