1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21

Млын на Сініх Вірах

А с і н с к і. Нічога, яны ўсё роўна не зразумеюць. Яны толькі па-тутэйшаму, яны высуванцы.

В і к т а р. Слухайце, Цыкмун Пятровіч, кінулі б вы, праўда, гэтыя вульгарныя выразы, гэты вульгарны дыялект.

А с і н с к і. Што, па-французску лепей? А чаму? Чым не французская мова: “Марылён трэ, Сымон целяпасэ, Сідар рэ пужрэ?” Чаму “рэ пужрэ” – добра, а “рэпу жрэ” дрэнна? Не бачу розніцы. Значыцца, і мова нічым не горшая за французскую. Не, браце, як ты не вучыся – усё адно будзе ў цябе “дзе” і будзе “ру” і “г” будзе грубае, хоць ты па-італьянску брашы. Як калісьці “культурныя” семінарысты казалі, калі ім прапанавалі тытуню (націскаючы на р): “Бла-га-да-ру, я не куру, ваша табака – дрань, трапкай ваніць”. Толькі сорам адзін будзе і сабе і людзям. (Сур’ёзна.) I я табе кажу, хлопча, дрэнна ты скончыш, калі будзеш сваё лаяць. (Адышоў да будынка.)

В і к т а р. Гэта ўсё ўжо ўстарэла, пяцьдзесят год як стала глупствам.

М а р ы с я. Віця, пакінь, пакінь зараз жа. Гэтага ты не смееш чапаць. Я ведаю, ты жартуеш, але з гэтым – і зараз – не жартуюць. Гэтага я не дазволю... нават табе.

В і к т а р. Так, я сапраўды пажартаваў, дрэнна пажартаваў (да Марысі, ціха). Даруй мне за гэта, любая.

М а р ы с я. Чакай мяне, любы.

В і к т а р. Чакаць? Ну да, як жа... чакаць. Я вельмі кахаю цябе. Я буду чакаць... Але бывай. Бывайце, Цыкмун Пятровіч!!!

Асінскі не адказвае, В і к т а р выходзіць. Некаторы час ціха, толькі чуваць кумканне жаб. Потым з’яўляецца А н д р э й, перапэцканы мукою, пасталелы.

А н д р э й. Цыкмун Пятровіч, я спыніў працу. Малоць няма чаго.

Ц ы к м у н. Ну што ж, на сягоння пашабашым. Ты еў хаця што-небудзь, сынок?

А н д р э й. Нічога, я зараз пайду, мне трэба наведацца ў Чарнабогі. Нешта зноў рука баліць.

Ц ы к м у н. Казаў табе, не цягай такія мяхі. Гэтак няцяжка і грыжу зарабіць. Адпачывай. На млыне я дараблю.

Ц ы к м у н выходзіць. Андрэй і Марыся сядзяць, апусціўшы вочы.

А н д р э й. Што з табою, Марыся. Мне балюча глядзець на цябе. Нейкая ты сумная, як асенні дзень. Ці не магу я табе дапамагчы чым?

М а р ы с я. Не, Андрэй, тут і ты мне не дапаможаш. Смутна ў будучым. Але дзякую, ты добры друг. З табою дзяўчыне спакойна і не страшна.

А н д р э й. Сумны камплімент. Я б жадаў, каб табе са мною не было спакойна. А страшна? Няхай іншыя страх выклікаюць, я чалавек просты.

М а р ы с я. Мне заўсёды добра з табою, Андрэйка. Ты добры. Але ад сапраўднага чалавека, ад Георгія-перамаганосца мала ў табе ёсць чаго.

А н д р э й. З табою... з табою быць грозным, гордым? Нельга ж так.

М а р ы с я. Аднак вось па Віктару адразу можна бачыць, што гэта за чалавек. Нязломны, сумленны.

А н д р э й. Ат, Віктар. Што пра яго казаць. Не варта.

М а р ы с я. Чаму ты яго не любіш? Гэта несумленна. Ён ніколі дрэнна пра цябе не кажа. А гэта дрэнны спосаб спадабацца мне: лаяць таго, хто мне дарагі. За што ты яго?

А н д р э й. Я кахаю цябе... Я так кахаю цябе, што дыхаць не магу, няміла мне ўсё без цябе, жыцця няма.

М а р ы с я. Андрэй, дарагі, не пакутуй... Дарагі ты мой, стары сябра мой. Можа, усё было б іначай, каб я не сустрэла яго, лепшага чалавека на свеце. Ён верны, ён верна будзе кахаць мяне. Мы вырашылі пажаніцца, як толькі скончыцца вайна. Табе цяжка, але такое лепей ведаць адразу. Не сумуй толькі, сябра. Не трэба.

А н д р э й. Мне абы толькі ты шчаслівай была, здаровай, вясёлай. Я, вядома, бервяно, куды мне да такой, як ты. Але я цябе кахаю, я не вытрымаю, калі з табою здарыцца што. Таму я не магу крывіць душою. Іншы, можа, маўчаў бы, каб на яго не думалі, што ён гэта з нізкіх пачуццяў, з рэўнасці, з зайздрасці. Але па мне хоць бы хто быў, толькі не ён. Не люблю яго. Несур’ёзны ён. Сэрцам адчуваю – дрэнны ён.

М а р ы с я. А можа, проста зайздрыш? Розуму зайздрыш, прыгажосці яго. Сорам!

А н д р э й (пабялеў, устае). Кепска ты мяне ведаеш. Урачыста кажу, ад думкі маёй не адступлюся, не дам зглуміць тваё жыццё. А там будзь шчаслівай з кім хочаш. Я цябе кахаць заўсёды буду, і дай табе бог быць шчаслівай з іншым. А я моўчкі кахаць буду ці мёртвым прыцягнуся да цябе і другі раз памру. Будзь шчаслівай, жыві, радуйся. Як я цябе кахаю, няхай столькі і шчасця табе будзе з іншым... Бывай.

Амаль бяжыць. Марыся разгублена глядзіць услед.

М а р ы с я. Не трэба! Андрэй!

А н д р э й знік.

Што ж гэта атрымалася? Што я гэта яму сказала, не герой, але сэрца добрае, але ж шчыра мяне кахае! Ох, што ж я нарабіла!

Уваходзіць Ц ы к м у н.

Ц ы к м у н. Чаго гэта ты божкаеш так? Андрэя шкода? Мне таксама. Што ты яго мучыш?

М а р ы с я. Не ведаю. Раслі разам, разам з “баранчыкамі” ў лугі хадзілі, разам лазілі ў садкі за яблыкамі. А зараз я не ведаю, такая я маленькая, такая дурная... Віктар з’явіўся, добры, разумны, на Андрэя не злуецца.

Ц ы к м у н. Вось гэта і дрэнна. У наш час былому саперніку косці б пераламалі, а тут (перадражнівае) “не злуецца”.

Сядае поруч з дачкою.

Ходзім мы з табою, дачушка, па нажы над ямаю, кожную хвіліну можам кувырнуцца і тады – зацягнуць нам вяроўкамі шыі. Выбірай чалавека сапраўднага, каб было чым успомніць кароткі век свой... I ведаеш, чаму мне Віктар твой не падабаецца? Таму што наш чалавек, не чыноўны па бацьку, а трымае сябе, як шляхцюк. Мы яго высунулі, нашай воляю ён стырчаў, як пузыр на вадзе, і адразу забыўся, скуль ён і хто. Сапраўдны начальнік, вось як Каляда, заўсёды просты, а гэты спачатку адгарадзіўся ад нас кабінетнай сценкаю, а зараз імкнецца адгарадзіцца сваёй надзвычайнасцю. Ну няхай ён надзвычайны, няхай яму ўсе абяцалі будучыню не абы-якую, але ўсё ж сапля ён у параўнанні, – ну, хаця б, з такім чалавекам, як Купала, а я Купалу бачыў, сам з ім размаўляў. Просты ён быў: і паразмаўляць з чалавекам, і паспачуваць, і, галоўнае, паслухаць чалавека, і выпіць нават з ім. Прастата чалавечая – вялікая справа, такога чалавека з усіх бакоў іншыя падпіраюць, ён як сасна ў бары, а той, хто адгараджваецца, той адзін у полі пад вятрамі. I папомні мае словы, той, хто вось так адгараджваецца ад людзей, рана ці позна хрупне ў спіне і зваліцца, бо ў адказны момант у душы сваёй, у сваім народзе не адчуе падтрымкі. Гэта, дачушка, тая кантора, скуль вярбуюць дрэнных людзей.

М а р ы с я (амаль са слязамі). Ах, татка, ну нічога, нічога я не ведаю! Цяжка мне! I яго я не ведаю, і вас не ведаю... і сябе...

Пры апошніх яе словах з-за будынка з’яўляецца Т э к л я К а в а л ь з кошыкамі цераз плячо, асцярожна ставіць іх на лаву. Яна даволі высокая, з прыемным тварам і добра збераглася для сваіх гадоў. На ёй цёмная вопратка з белым фартукам. Гаворыць рэзка і ўладна.

Т э к л я. А хто з нас ведае сябе. Ніхто не ведае.

М а р ы с я Цётухна!

Цыкмун Здарова, Тэкля. Нешта даўно я не бачыў цябе.

Т э к л я. А табе, бацюхна, і бачыць мяне не трэба было. Ты на дзеўку лепей глянь, да слёз давёў. Чаго ты яе пілуеш, стары грахаводнік?

Ц ы к м у н. Лепей зараз няхай паплача гадзіну, чымсьці потым век плакаць.

Т э к л я. Ты ўжо маўчы. Я вам прынесла тое-сёе. Ідзі там разбярыся. (Цыкмун пайшоў. Тэкля прысела да Марысі.) Фу-у! Запарылася. Але стары конь трымаецца, пакуль на нагах. Дык што ж гэта ты так разрумілася? Што з табою?

М а р ы с я. Сэрца маё неспакойнае, цётухна.

Т э к л я. Гэта дрэнна. Але што паробіш, заўсёды так было ў чалавека, што спакою яму не было. А ты плюнь. Колькі я сябе памятаю, заўсёды мужыкі адзін аднаму глоткі перарывалі, заўсёды ў вайну гулялі. I яшчэ зараз вайна сапраўдная, неспакою ў сэрцы быць не павінна. Раней, думаеш, спакайней было на сэрцы? Вось як у мяне пайшоў мужык на вайну, не пайшоў – павялі, засталася я адна, з дзяцьмі дробнымі. Колькі слёз было, колькі нястачы! (Прыглядзелася, кажа іншым, сур’ёзным тонам.) I каханне заўсёды было не мёд. Сусед мой, Кандрат, я яшчэ дзяўчынкаю была, ажаніцца хацеў на дзяўчыне з суседняга пачынка. I ўсё добра было, пакуль ягоны бацька з бацькам нарачонай на мяжы не папароліся граблямі да смерці з-за зямлі. Або яшчэ, Базылёвых ведаеш? Дык вось, Янка Базылёў хадзіў да Анэлі з вёскі Казлы, а яе аддалі за суседа. Янка на вяселлі напіўся і лёг на снег, сухоты жадаў зарабіць. Не зарабіў, але пальцы на руках адрэзалі, стаў калекам. I шмат яшчэ такіх невясёлых гісторый было. Так што, калі ты пакутуеш, дык гэта глупства. Цяжкі наш лёс: не ведаем мы дня ані часа. Ніхто ж не забараняе табе цяпер выбіраць таго, каго жадаеш.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21