1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21

Млын на Сініх Вірах

М а р ы с я. Ды не, цётачка. Я сама не ведаю, чаго мне цяжка. Можа, таму... (схлусіла), што зубы вось баляць.

Т э к л я. Ну, гэта нічога, гэтаму гору мы дапаможам. Пажуй маўнкорань, і ўсё як рукой зніме. I наогул, травы вывучы, хоць некаторыя, гэта патрэбна. Давай вось я табе першы ўрок дам. Гэта што?

М а р ы с я. Баражоўка.

Т э к л я. Так, яе трэба даваць, калі чалавек на лёгкія захварэе і адхаркнуць не можа... Тут і алцей дапамагае. А вось гэта чабор, таксама лёгачная трава. А там унь чарнакорань, пакладзі пад падлогу – мышэй не будзе ў хаце. Вось так яно й вядзецца на свеце, амаль кожная трава на якую-небудзь карысць. А замовы – глупства. Адна толькі замова дапамагае і якраз ад зубоў. Хочаш дапамагу?

М а р ы с я. Давайце ўжо.

Т э к л я (шэпча). Зара-зараніца, сонца – светлая маці, дапамажы памагаці. На моры-акіяне, на востраве Буяне стаіць камень, на тым камені жарства, над той жарствою дуб зялёны, пад тым дубам ваўкі выюць... Каб жа ж і ты выла так ад зубнога болю.

М а р ы с я (засмяялася). Здаецца, дапамагло, цётачка.

Т э к л я. Ну ай добра. Глядзі, дзетухна, не сумуй. Гэта ўсё пройдзе. А галоўнае, як раней спявалі:

Праўда, праўда ў свеце,

Праўды не ўзыскаці, праўда ёсць.

Як цяжка дзеткам без маткі пражыці,

Так цяжка свету без праўды пражыці.

I перад гэтай Праўдай нашай, нашы маленькія праўдачкі – глупства... Цыкмун, дзе ты там?!

Ц ы к м у н (выйшаў з-за будынка). Чаго табе?

Т э к л я. Я пайшла. Вось што я толькі табе скажу. Уначы, хлопча, не працуй, гук па ветры і да нас далятае. Праўда, той, хто не ведае, не здагадаецца, але лепей не трэба. Немцы ходзяць па пушчы. Я й то чакаю, што вось-вось да Чарнабогаў дабяруцца.

Ц ы к м у н. Добра. Ты б папярэдзіла нас на такі выпадак.

Т э к л я. Не ведаю. Я хоць і старая, але мне жыццё не абрыдла, вельмі ўжо лезці на ражон не буду, мы пра гэта не дамаўляліся.

Пайшла. Цыкмун сеў ля Марысі на траву.

Ц ы к м у н. Трэба табе, пэўна, Марыська, перабірацца глыбей у лес, да Каляды.

М а р ы с я. Ты што, татка, жартуеш? Кіну я тут цябе і справу, чакай яшчэ. Вось што, ты мне лепей раскажы нешта старое-старое, каб такі ж час, як наш, каб героі былі, каб усё на карту ставілася... Даўно мы з табою ўжо не размаўлялі.

Ц ы к м у н. Што б табе расказаць? Хіба што пра гісторыю белага воіна.

М а р ы с я. Раскажы.

Ц ы к м у н. Добра. Вось закуру толькі... Дык вось, было гэта дзвесце год таму. Яшчэ больш страшная навала прыйшла на нашу зямлю, але мы выстаялі, як выстаім, вядома, і зараз. Мы – каменныя. Але было цяжка, вялікае пала гора... Па начах білі гакаўніцы недзе па-над Сожам-ракой і нешта палала, палала... палала...

Заслона

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ

Кабінет Адлерберга. Той самы кабінет, што і ў першай карціне першай дзеі, толькі тут адбыліся некаторыя змены. На вокнах цяжкія чырвоныя шторы. У правай сцяне зроблены электрычны камін. На супрацьлеглай сцяне нейкі маляр намаляваў ландшафт: Рэйн, зялёныя горы і вежы на іх. Ад гэтага пакой стаў нейкі чужы, надзвычайны. У крэслах ля камінка сядзяць г р а ф А д л е р б е р г, камендант горада, і ягоны сябра, гаўптман З і г ф р ы д ф о н І л ь з е н в е л ь д э. Тут жа маленькі столік, бутэлька віна. Точыцца ціхая размова. За вокнамі позні вечар, дождж. 3 рэпрадуктара музыка Вагнера.

А д л е р б е р г. I ўсё гэта, урэшце, глупства. Нават уласныя нашы салдаты глядзяць на нас павучымі вачыма, хаця іх вядуць зараз праз перамогі, кветкі, славу. За душою ў нас ані паламанага шэлега. Зараз – галеча духоўная, потым – смерць, а пасля, зусім па-Дастаеўскаму, шматгадовае ляжанне ў яме сярод павукоў. Паўсюль на зямлі адна мярзота і, калі ёсць, нават нешта станоўчае, дык гэта полымя, віно, ціхая размова з табой, мой любы друг. Адсюль назад: менавіта тымі самымі дабротамі карысталіся пітэкантрапы. Толькі ў нас замест вогнішча – электрычны камін, замест настою з мухамораў – бардо (трохі цяжкаватае для страўніка), а замест размовы пра паляванне – размова пра сучасны дадаізм. Змены, як бачыце, толькі фармальныя, а сутнасць тая самая.

І л ь з е н в е л ь д э. Я ў гэта ніколі не паверу, Паўль. Жыццё развіваецца. Вядома, тут многія зняверыліся ў нашай перамозе, хаця мы і рухаемся наперад. Але я скажу табе па сакрэту, што падтрымлівае мяне. Гэта Германія, яе веліч. Я веру, што, калі нам давядзецца цяжка, адчыніцца гара Кіфгайзер і стуль з’явіцца вялікі Барбароса з рыцарамі. Памятаеш?

Хвацкія ў бітве, ўдалыя ў сядле,

Выспаліся на славу.

Вырашыў Кайзер вялікі ўчыніць

Забойцам суд і расправу.

А д л е р б е р г. Той чалавек, які напісаў гэта, зараз забаронены. I твой рамантызм тут недарэчны, бо далей, як памятаеш.

Забойцам нявіннай кветкі маёй

З вачыма праменнымі дзевы,

Залатакудрай Германіі,

Сонца, ты, полымя гневу!

На ўсіх, хто ў багатых замках сваіх

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21