1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21

Млын на Сініх Вірах

На сорам забыўся просты,

Пятлю адплаты вяжа рука

Караючага Барбаросы.

Так што прыклад няўдалы. Гэта напісана патрыётам не ў нашым разуменні. I гэта досыць дрэннае прароцтва адносна нас. Скончым давай пра гэта.

І л ь з е н в е л ь д э. З табою, Паўль, зусім нельга размаўляць. На ўсё ўзвышанае ў цябе знойдзецца неадменна нешта дрэннае. А я не веру ў наш канец. Вось мы тут, і пойдзем яшчэ далей, і хоць мне агідна глядзець на гэтых мардатых афіцэраў, але я гляджу на нашы поспехі і пачыцаю думаць, што фюрэр – гэта Калібан, у якім, як гэта не парадаксальна, увасобілася ідэя Дабра, ну няхай не дабра, але Велічы. Ён з’явіўся вяршыць вялікую справу, і ў ім душа нашага народа. Ён, магчыма, і ёсць абсалютны дух справядлівасці. З’явіўся ў выглядзе мільёнаў і чыніць справу ўваскрасення людзей да новага жыцця.

А д л е р б е р г. Ты, Зігфрыд, не філосаф. (Пазяхае.) Я не лезу ў такія нетры. Ва ўсякім выпадку, у яго нельга адняць цвёрдай волі... I вось яшчэ што, выключы ты гэта глупства. Не люблю Вагнера... Штукарства!

І л ь з е н в е л ь д э. Дарэчы, фюрэр яго любіць, і, да таго ж, прыгожа, эпас.

А д л е р б е р г. Гм... Цябе замясілі на ружовай вадзе... Ах-ах, нібелунгі! Ах, бойка ў палаючай зале!.. Гаген п’е кроў!.. Скарб Рэйна! А я не спадзяюся на лешпае. Рухаемся мы дрэнна, сустрэліся з самым дзіўным народам на свеце... I я яшчэ болей пераканаўся ў гэтым, калі пабачыў тутэйшых мужыкоў. Прымітыўныя і жахлівыя, як вандэйцы. Я не ўпэўнены ў тым, што наш эпас, музыку, філасофію трэба было, як ты кажаш, насаджаць тут. Ды яшчэ зброяй. Пфуй!

І л ь з е н в е л ь д э. Ну і што ж рабіць?

А д л е р б е р г. Што? Вешаць. Нарэшце, людзі паўсюль аднолькавыя. Аднолькавае ўгнаенне пад ідэі, а якія з ідэй верныя, і сам бог не разбярэцца. Сёння буду я вешаць, а заўтра, калі ласка, вешайце мяне, я не пакрыўджуся.

І л ь з е н в е л ь д э. Не жартуй, Паўль. Я ведаю, ты не такі. Іначай чаго б ты даваў салют па таму рускаму пілоту.

А д л е р б е р г. А што ж ты мне прыкажаш, рабіць як гэты парвеню Швальбе? Страляць людзей? У мяне для гэтага занадта тонкія нервы, я ўсё ж інтэлігент. Гвалтаваць, паліць, у ямы закопваць – не мой профіль. Але і зрабіць што-небудзь з гэтым паскуднікам я не магу і, праўду кажучы, не жадаю. Людзі – цвіль на нашай планеце. I я, і гэтыя тутэйшыя мужыкі аднолькава не ведаем, нашто з’явіліся, чаго жывём, куды знікаем. Так што ўсё адно... Вось толькі цябе я яшчэ люблю, мой малады, прыгожы, гарачы, сумленны нават у памылках, друг. Ты думай, можа, і выдумаеш нешта вартае, а я так ужо неяк пражыву, сузіральнікам. Спакайней будзе.

І л ь з е н в е л ь д э. Каб цябе ставілі на адну дошку са Швальбе? I не страшна? Ён з тых людзей, што, калі б перад ім Хрыста раскрыжоўвалі, ён бы сядзеў і аршад піў з асалодаю, бо Хрысту піць хацелася б.

А д л е р б е р г. Ну і што? Не ўсё адно, калі наперадзе мне і яму тая ж яма. (Пазяхае.) У венскім паноптыкуме паказвалі чэрап высакароднага рыцара, а пасля выявілася, што пераблыталі экспанаты і гэта не рыцар, а вядомы гільяцінаваны злодзей. Аднак без паперкі адрозніць чарапы нельга было.

І л ь з е н в е л ь д э. Ты не дражні мяне, Паўль. Такія, як Швальбе, псуюць справу германскай культуры на гэтых землях.

А д л е р б е р г. Я ўжо сказаў, што не лічу патрэбным, каб тут была наша культура. У іх свая культура, свая музыка, свае сагі, свае балады, свая ідэалогія – гэты марксізм. Яны трымаліся за яго сорак год і, відаць, не вельмі жадаюць яго пакінуць. I, зрэшты, калі ўжо на тое павялося, яны лепшыя, чым мы. Просты, вялікі, чыстасардэчны народ. Я захапляюся іхнімі саматужнымі вырабамі, у іх вялікая будучыня, хоць няма, пакуль што, свайго Гётэ. Яны шчырыя, гасцінныя, мужныя людзі. Што, дабіўся ад мяне дыфірамбаў? А я іх дзесяць год як не спяваў, і вось яшчэ, пакуль я зноў не пачаў гаварыць жартамі – на гэты раз ужо да канца дзён сваіх, – я раю табе сур’ёзна над гэтым падумаць, вызначыць свае адносіны да гэтай вайны, і да нямецкага поступу, і да твайго шаноўна-паважанага фюрэра... Пакуль не позна. I ведаеш яшчэ чаму? Гэта іхняя новая ідэалогія, як бы мы яе ні лаялі, робіць іх у сто разоў мацнейшымі. Гэтага не трэба забываць.

І л ь з е н в е л ь д э. Ты – і раптам сур’ёзнасць... Добра... я... падумаю.

А д л е р б е р г. Можа, я і памыляюся. Але скажу адно, хай фюрэр будзе хоць тройчы геніем у справах палітыкі і вайны, але ж ён такі – дрэнны мастак. Дапусціць, каб дзяржавай кіраваў бяздарны мастак – гэта ў духу немцаў. А я не магу так – і таму я не немец, не афіцэр, не камендант, я проста скептык, якому да таго ж вельмі хочацца спаць і які не дачакаецца сустрэчы са Швальбе, каб пасля адправіць яго да д’ябла, пачытаць штосьці вясёлае з твораў тутэйшых паэтаў (раю, мова паходзіць на рускую). I пайсці ў абдоймы Марфея.

Гудок аўтамашыны.

Здаецца, Швальбе, уласнай персонай. Не ўставай, Зігфрыд, замнога гонару.

Адчыняюцца дзверы, уваходзіць Ш в а л ь б е, за ім Р а н ц о ў, Ш т а р к е н ф а у с т, Л а м с д о р ф і Э в е р т.

Ш в а л ь б е. Зіг хайль!

І л ь з е н в е л ь д э.

А д л е р б е р г. – Зіг хайль!

Ш в а л ь б е. Зачакаліся мяне? А я з таго ёлупа, што вы прывезлі, Адлерберг, здабыў тое-сёе цікавае. Ён чакае ў прыёмнай... Ну што ж, не будзем дарэмна ганяць час, нам яшчэ трэба дагаварыцца пра ўзаемаадносіны ў аперацыі.

А д л е р б е р г. Сядайце, панове. Зігфрыд, адкрыйце карту. У вас, Швальбе, дзіўная страсць усё прыкрываць літарамі і нават асенізацыйныя работы на вадакачцы называць вытанчана, нешта накшталт “Эдэльвейсы квітнеюць”, як быццам справа ідзе пра чарговы наступ арміі. Мы з вамі невялікія палітыкі, абыдземся простымі словамі: “Аперацыя супраць партызанскай брыгады нейкага Дубоўскага”.

Ш в а л ь б е. Пазнаёмцеся... Камендант Адлерберг... гаўптман Ільзенвельдэ... маёр Ранцоў, нязломнасць, старанны афіцэр: ...Штаркенфауст, розум і моц. ...Фердынанд Эверт, “свой” хлопец. Ламсдорф. Лічу, што далейшая частка збораў пасля такога знаёмства будзе праходзіць нявымушана.

А д л е р б е р г (да Ільзенвельдэ). Амікашонства нейкае. Штучная “свойскасць”. А сам проста жывёла. (Уголас.) Сядайце, панове.

Ш в а л ь б е. Дык вось, Ранцоў, Штаркенфауст, Ламсдорф, Эверт прыбылі з карным загонам. Загад – камандавання – засцерагчы ад небяспекі тры чыгункі, што праходзяць у наваколлі горада. Зараз справы дрэнь. Справы трагічныя. Рух – ад выпадку да выпадку. У дапамогу Ранцоў вылучылі частку сілы каменданта горада. Загад: аб’яднанымі сіламі прыкончыць загон Дубоўскага.

Р а н ц о ў. Выканаем.

Ш в а л ь б е. І я думаю. Але дзе яны? Разведкі няма, звестак ніякіх.

Ш т а р к е н ф а у с т. Дазвольце мне. Хаця мы і не ведаем, але мне здаецца, што перш за ўсё іх трэба шукаць у самым вялікім масіве: Звініцкіх пушчах.

А д л е р б е р г. Р-разумная прамова. Але вы не ведаеце гэтага народа. У іх тут у кожнай страсе арсенал, у кожнай хаце інсургент. I, можа, не пушча, а любая вёска з’яўляецца месцазнаходжаннем гэтых людзей.

Р а н ц о ў. Выселім.

Ш в а л ь б е. Не маем пакуль што магчымасці. Рэпрэсіі супраць мясцовых жыхароў – пасля. Але Штаркенфауст таксама мае рацыю. Пушчу трэба блакіраваць.

Ш т а р к е н ф а у с т. Пакуль возьмемся за блакаду – нядрэнна было б узяцца за тыя вёскі, якія ляжаць у раёне пушчы. Якая вёска лічыцца тут самай глухой?

Ш в а л ь б е. Чарнабогі.

Ш т а р к е н ф а у с т. Заняць яе, направіць загон у лясніцтва, якое я тут бачу, у хаты палясоўшчыкаў. Жыхароў хат расстраляць, хаты спаліць.

Ш в а л ь б е. А пасля гэтага пачнём метадычнае прачосванне пушчы. Пачнём з поўдня і з поўначы, ад лініі чыгункі.

Ш т а р к е н ф а у с т. Іх трэба паступова адцясняць у мяшок паміж гэтымі рэкамі. Вакол – дрыгва. Яны пападуцца там, як мышы ў пастку.

Ш в а л ь б е. А зараз і я парадую вас. У мяне ёсць чалавек, які сёе-тое ведае, хоць вельмі мала.

Націскае званок, у пакой салдат уводзіць Т р у б а й л у.

А д л е р б е р г. А, гэты бандзюк.

Ш в а л ь б е. Шляхціц Трубайла паведаміў, што ў апошнія гадзіны горада, яго, Трубайлу, прывялі да старшыні гарвыканкома Каляды. Што вы чулі там?

Т р у б а й л а. Прашу дараваць мне, панове, але я чуў мала. Мяне амаль адразу загадалі падвергнуць страце цераз расстралянне. Я паспеў зразумець, што справа вялася пра ўстаткаванне млына недзе ў пушчы. Размову вялі Каляда і Сміхальскі, адзін з іхніх начальнікаў. Казалі, што млын павінен абслугоўваць вялікую колькасць людзей. Казалі яны і пра месца, але я забыў. Я быў у такім становішчы... Але я абавязкова ўспомню.

Ш в а л ь б е. Добра. Пойдзеце разам са мною і маёрам Ранцоў. Выведзіце яго.

Т р у б а й л у выводзяць.

Я, здаецца, прадчуваю той момант, калі яны заскачуць у паветры. I дай бог, каб я быў добрым прарокам. Я задам ім лазню.

Ш т а р к е н ф а у с т. Ну што ж, нядрэнна. Мы ведаем зараз, што яны ў пушчах, што Чарнабогі належыць узяць за глотку, што там недзе ёсць нават млын, значыцца, гаспадарка нядрэнная. Нам трэба шукаць перш за ўсё гэты млын. Заняўшы або спаліўшы яго і блакіраваўшы пушчу, мы задушым іх голадам.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21