1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21

Млын на Сініх Вірах

Ш т а р к е н ф а у с т. І я схільны да таго, каб млын, калі адшукаем, не паліць. Заняць яго невялікім гарнізонам. Гэта будзе нядрэнная прынада для галодных.

І л ь з е н в е л ь д э. Але гэта не ёсць метад сумленнай вайны.

Ш т а р к е н ф а у с т. Вы ідэаліст. Якая можа быць з імі сумленная вайна. Гэта дзікуны, і гэтыя дзікуны знішчылі, за апошні час, сем нашых вайсковых гарнізонаў. Я ўжо не кажу пра дыверсіі і сабатаж на чыгунцы. I яны становяцца ўсё больш нахабнымі. Нельга выйсці ўначы з хаты. Дол для мёртвых, пекла для жывых – вось адзіны метад з імі.

Ш в а л ь б е. Ну вось і кароткі план. Вы, Адлерберг, трымаеце, згодна загаду камандавання, наваколле горада і паўночную ветку чыгункі. Я бяруся за лясніцтва. Ранцоў і вы, паны афіцэры, займаеце Чарнабогі і прачосваеце паўночную частку пушчы. Гаўптман ідзе з вамі. Пасля мы ў згодзе з паўднёвымі часцямі пачынаем блакаду. Гэта складаная і не хуткая справа, але я пастаўлю гэта пытанне перад камандаваннем. Адсунуць іх у балотны мяшок і знішчыць голадам і зброяй. Вось здаецца і ўсё. Падрабязна – заўтра. Аперацыя пачнецца праз тыдзень. Я лічу, што ўсё ясна? Можна разыходзіцца, панове.

А ф і ц э р ы развітваюцца, выходзяць. Ш в а л ь б е выходзіць апошнім, ціха размаўляючы пра нешта з Адлербергам. Нарэшце ўсе пайшлі. Засталіся Адлерберг і Ільзенвельдэ. Ільзенвельдэ круціць радыёпрыёмнік, чуваць гукі 5-й сімфоніі Бетховена.

І л ь з е н в е л ь д э. Гэта, вядома, вайна, але гэта не вайна рыцараў. Гэта не нямецкая вайна. I гэта жахліва, жахліва, душыць людзей голадам, няхай яны і ворагі.

А д л е р б е р г. Ты што, не бачыў рускіх палонных? I наогул, хоць людзі і цвіль, але жахлівым будзе лёс гэтых хлопцаў. Дзіўна, аднак, бывае: лёс тысяч людзей залежыць ад памяці аднаго прахвоста.

Заслона

КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ

Хата Тэклі Каваль. Звычайная вялікая сялянская хата з неатынкаванымі сценамі. Вялізныя, выступаючыя бэлькі на столі. Хата перагароджана вышыванай занавескаю, якая ў першую палову дзеі адшморгнута. Перад занавескаю: злева – дзверы з хаты, справа – адгароджаныя перагародкаю, мыцельнік і печка. У мыцельніку стол, паліцы з міскамі, на печы відаць пучкі сухіх траў. Ад дзвярэй стол і лавы ў кутку пад іконамі (у гэтай сцяне два акны). На той сцяне, што перад гледачамі, – фатаграфічны партрэт пад ручніком, ля акна. Там жа стул і старадаўняя пузатая камода. На сцэне А п а н а с Ж а ў р у к у світцы, Т э к л я К а в а л ь ля стала, у мыцельніку. На стале пакункі, скруткі. Стол пад абразамі сервіраваны. Восень, за вокнамі блакітнае неба і жоўтыя кусты. Знадворку далятае сумны крык жораваў, якія цягнуць у вырай.

Т э к л я. Жоравы лятуць, Апанас. Смешна гэта, а я б таксама з імі паляцела. Што мяне трымае? Цяжка мне. А яны сабе палятуць далёка-далёка, аж за мора сіняе. Я памятаю, дзяўчынкаю ляжаш на мяжы, палынок, бадзякі ў траве, павуцінкі плывуць. I ўсё такое чыстае, і жоравы крычаць. Замахала б рукамі, узляцела, прыстроілася ў хвост іхняму кліну. Нельга.

Ж а ў р у к. Надта ўжо цяжка. Месяц як шукаюць партызан – не вытанцоўваецца. Злыя, як асеннія мухі. Твой гэты маёр хаця нічога?

Т э к л я. Скнара! Цукар на пальцах пералічвае. Учора котка, калі я за дровамі пайшла, сцягнула каўбасу. Бягу з дровамі – аж мне гэта тут у галаву–бягу і думаю: “Божухна, не папусці!” Прыйшла і бачу: Кабздох мой стаіць над каўбасою і на котку вурчыць. Ён у мяне такі, сам не з’есць і іншаму не дасць. Выратавала мне жыццё царыца нябесная. А што гэта, Апанас, ты сядзіш неяк так дзіўна, быццам зараз пойдзеш?

Ж а ў р у к. Іначай не магу. Ты ж ведаеш, як было, каб ім у пекле патэльні падмазвалі, з гэтым Мацкевічам. Калісьці я і ён заляцаліся да маёй жонкі будучай. Тая мяне выбрала. Паскудзіў ён мне як мог. Біліся два разы на год абавязкова. Дваццаць пяць год прайшло, сам ён жанацік, дзеці вялікія, думаеш, ён мне дараваў, харцызяка? Прызначылі яго месяц таму старастам. Здаецца, ніхто на яго пакуль што не скардзіцца, адзін я толькі. Дня не праходзіць, каб не прычапіўся да якога-небудзь глупства і немцам не данёс. А ў тых справа кароткая – адшмагаць палкамі, і скардзіся пасля нямецкаму богу. Білі, праўда, шануючы, гады, не знімалі світкі, дык я пад яе на тое месца, на якім нават цар сядзіць, кажушаную латку нашыў. Дапамагло пару раз. Дык што ж ты думаеш, на трэці дзень, падлюкі, знялі не толькі світку, але і нагавіцы, і тады, вядома, латка не дапамагла. Ведаеш, Тэкля, я добры чалавек, але да таго мяне зацкавалі – дай час, прыйдуць нашы. Вазьму стрэльбу, зайду да яго ў хату, скажу “маліся” – і, хаця б жонка маліла за яго на каленях, трахну яму ў лоб. Так і ўяўляю: сядзіць ён, капусту жарэ, а я яму ў лоб. Каб мазгі ў міску паплылі. Жыццём дзяцей бажуся, так і зраблю, дальбог. Раз’юшыўся, азвярэў народ.

Паўза.

А ты ўсё варыш, нябога?

Т э к л я. А што ж мне рабіць? На ражон лезці? Сёння ў іх гулянка нейкая будзе. Вось і гатую. Кохвей ім на спіртоўцы іхняй вары, суп вары, як той каралеўне, што жадала пірагоў з жабамі, рысавы, з сухімі слівамі, лыжкай не правернеш. Наша сумленная груца, па-іхняму, ежа для свіней ды для нас. Але я, Апанас, на ражон не палезу з-за таго толькі, што яны ядуць, як свінні. Я вялікага дабра ад савецкай улады не бачыла, арыштаваць хацелі за гэтыя вось травы. Я памерці па-людску жадаю, а не на шворцы, як сабака які, даруй мне божа.

Ж а ў р у к (устае). Злая ты баба, Тэкля... Ты вось пра арышт памятаеш, а пра тое, што дачка твая з дзярма, з хлопства, у ваяводы папала, на доктара вывучылася – дык гэта не, не памятаеш.

Т э к л я. А ты мяне не вучы. Мне не многа ласкавых слоў за жыццё перапала, дык і я, таксама захачу – бурчаць стану, захачу – лаяцца буду.

Жаўрук. Я б на тваім месцы, Тэкля, не так рабіў, але што ж, твая справа.

Ж а ў р у к пайшоў, Тэкля ўвіхаецца ля печкі, бурчыць. Праз некаторы час заходзяць Ш т а р к е н ф а у с т, В о л ь ф г а н г Л а м с д о р ф, Ф е р д ы н а н д Э в е р т, яшчэ д в а д р а б н е й ш ы я а ф і ц э р ы. Прайшлі ў чыстую палову хаты.

Э в е р т. Нун, гусь, бяры свае ногі ў ахапак і гатуйся частаваць. Маёра чакаць не будзем. Што гэта ты задумалася? Мо замуж хочаш? За мяне?

Т э к л я (ціха). Гусь такому кабану дурному, як ты, не таварыш.

Э в е р т. О-о, дурань матка. Глядзі, пух-пух будзе.

Ш т а р к е н ф а у с т. Эверт, хадзі сюды. Няма чаго з ёю размовы весці. А ты, жанчына, рабі свае справы, інакш заробіш на старасці год. Гэта табе не саветы. (Кажа ціха.) Справы дрэнныя, панове. Што зрабілі за гэты месяц? Нічога?

Э в е р т. Ну, гэта як хто. Я не без прыемнасці правёў час. Жанчыны тут – Венеры Бельведэрскія.

Ш т а р к е н ф а у с т. Поспехам асаблівым вы, аднак, не карысталіся. Вы, Эверт, наогул, хвалько. I было б значна лепей, калі б вы займаліся не спадніцамі, а сваімі справамі. I яшчэ я даведаўся: калі малы сын гэтага... Жаўрука залез у вашу банку з варэннем – вы толькі вынеслі яго за вушы з хаты, як самавар.

Э в е р т. Дурань, бубэ.

Ш т а р к е н ф а у с т. Вы спрыялі дрэнным інстынктам гэтага народа. Яны ўсе, як адзін, зладзеі. Трэба было б, на першы раз, адлупіць, а калі паўторыць – стрэліць на месцы, як збрадлівага сабаку.

Л а м с д о р ф (нервова). I наогул, Эверт, вы з вашай лагоднасцю дрэнна скончыце. Справы дрэнныя! Мясцовыя жыхары – шыбенікі! Дзікі край! За гэты час прачасалі ўсю паўночную частку пушчы – ані слядоў, ані намёкаў на гэты млын і на інсургентаў. Ненавіджу! У кожнай хаце па пяць дзяцей і кожны – будучы бандзюк. Калі б знішчыць кожнага чацвёртага – і то б не дапамагло. Што мы, урэшце, будзем рабіць, Штаркенфауст, шляхі невядомыя, паглыбляцца ў пушчу – небяспечна!

Ш т а р к е н ф а у с т. Шукаць. I не трэба быць панікёрам, Ламсдорф. Будзем паглыбляцца ў пушчу па рэчках і ручаях...

Л а м с д о р ф. Якія губляюцца ў дрыгве, упадаюць у лясныя азёры, утвараюць з межытокамі сапраўдныя лабірынты! Вы звар’яцелі, Штаркенфауст, не гледзячы на ваш халодны, як нож, розум!

Ш т а р к е н ф а у с т. Я, перш за ўсё, не крычу. А вось калі вы будзеце так хвалявацца – месца ў бедламе вам забяспечана.

Л а м с д о р ф. I добра. Лепей бедлам, як гэтыя лясы і ваша суседства. Прыхлопнуць брыгаду нам не ўдасца, хутчэй яны нас прыхлопнуць.

Ш т а р к е н ф а у с т. Бацька мой сумленна загінуў за месяц да майго нараджэння, у першую вайну. Дык вось, калі мы іх не знойдзем, я згаджуся загінуць не ад сумленнай кулі, як бацька, а ганебнай смерцю.

Л а м с д о р ф. Як вы не разумееце, рух на чыгунках спыніўся! Дыверсіі. Смерць! Жах! Жыхароў савецкая ўлада сапсавала канчаткова. Нават наш велікапышны дуб, Эверт, разумее, што мы... нічога не можам зрабіць з гэтым народам.

Ш т а р к е н ф а у с т. Я не крыўджуся на вас, я добра бачу, гэта ад нерваў. Затое, калі гэта скончыцца, я даб’юся таго, каб не толькі гэтых лясных разбойнікаў павесілі, але і жыхароў навакольных вёсак. Тады я падумаю, што мне адказаць вам, Ламсдорф. Я ўпэўнены, я перажыву апошняга з іх, мала таго, даб’юся, каб гонар знішчыць гэтага, апошняга, належаў мне.

Э в е р т. А зараз выпіць трэба, панове.

Афіцэры наліваюць. 3 вуліцы ўбягае Т р у б а й л а.

Т р у б а й л а. Дазвольце, паны афіцэры. Прашу прабачэння. Я, вядома, не адважыўся б, калі б не такі дэцыдуёнцы момант. Але я, нарэшце, успомніў тое, пра што гаварыў пану ІПвальбе.

Ш т а р к е н ф а у с т. Гэта пра млын? Кажыце.

Тэкля Каваль прыслухоўваецца.

Т р у б а й л а. Я прыпомніў, яны казалі, што гэты млын, да яснай халеры, ляжыць на нейкіх Сініх Вірах у непасрэдным суседстве з вёскай Чарнабогі. Яны гаварылі досыць ціха, але я чуў.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 20 21