1 2 3 4

Паляшук

– Ты ведаеш, што ты падлягаеш расстрэлу? – спытаў стаяўшага перад ім чалавека капітан Румянцаў. Той змаўчаў. Стаяў прама, неяк дзіўна выцягнуўшыся, і толькі вочы яго з затоеным сумам сачылі за пушчай, куды яму ўжо не было шляхоў. Увосень 186З года частка коннага загона Чэнгірэя, моцна патрапаная ў безупынных сутычках з інсургентамі, была па спецыяльнаму загаду штаб-канцылярыі размешчана на адпачынак у глухім палескім сяле. Толькі-толькі адгрымелі раскаты паўстання, і хоць сам “дыктатар” яшчэ не быў схоплены і нават ніхто не ведаў, ці ў Вільні ён, але ўсё ўжо суціхала, дабіваліся апошнія чырвоныя загоны, няшчасныя, зацкаваныя людзі хаваліся па лясах. Край дагараў, і разам з тым выпаўзала на свет тое, што раней старанна хавалі: здрада, падлог і мярзотны жах. Усе падонкі людства пачалі сваю мышыную вазню ля гожага нават зараз трупа Паўстання. Махровымі кветкамі ўзраслі лжывыя даносы, шантаж, правакацыя. Спуджаныя бюргеры выкладвалі з кішэняў столькі грошай, сколькі жадаў агаворшчык, абы толькі потым, пры вобшуку, не знайшлі дзесьці ў доме альбо ў адрыне падкінутай зброі. Усю мярзоту, што звычайна хаваецца на самым дне людское душы, саромячыся падняць галаву, выцягнулі зараз стуль і выставілі для агульнага агляду і прыпадабнення, і капітан Румянцаў, які заўсёды быў сумленным ваякам, пачаў казаць за гарэлкаю: – Дзярмо. І палячочкі, і гэтыя вашы, паручык Ратч, палескія вылюдкі. Ды, калі праўду казаць, дык і мы такія ж, калі яшчэ не горшыя. “Душыцелі”. Няма чаго казаць, гожая для вялікай Расіі справа. У адзін з апошніх дзён “баб’яй восені”, калі лясы пачалі, пасля працяглага бязветрыя, страсаць на зямлю залаты дождж лісця, а ночы былі асабліва цёмнымі – нехта падпаліў стайню і склад з амуніцыяй і зброяю. Надвор’е стаяла ветранае і сухое, і таму ўсё пагарэла датла. Пасілілі каравул, але праз дзве ночы нехта падкінуў у пакой Румянцаву і паручыку Барзіловічу па змяі. Румянцаў “выкруціўся толькі цудам”, а паручык памёр, хоць лекар, якога прывезлі з горада, прыпальваў яму ўкус нейкім белым камянём. І вось тагды салдаты, абшукваючы ваколіцы сяла, выпаралі з нейкай нары пад карэннямі старога дрэва палешука. Ён быў данельга брудны, з амаль бязвусым тварам, і таму цяжка было станоўча сказаць, стары ён ці малады. Нізенькі, у нязменных поршнях і кажуху, з голаю галавою, ён стаяў перад афіцэрамі, шчыльна сціснуўшы сківіцы. Выцягнутая з-за паяса сякера і старая стрэльба, а таксама вагніва і крамень у скуранай торбачцы былі ўлікамі. – Ты хто такі? – спытаў яго Румянцаў. – Паляўнічы. – А хто цябе ведае ў акрузе? – Ведаюць звяры маю кулю. Румянцаў пасміхнуўся нервова. Гэты дзікун раздражняў яго. – Ну,а можа, ты ведаеш, хто падпаліў на сяле будынкі і кідаў да нас, у вокны, змей? – Не, не ведаю. – А хто ж ведае? – Ведае цёмная пушча, неба, хмары, а той, што зрабіў, – усё адно не скажа. – Чаму? Паляшук змаўчаў. Ён па-ранейшаму глядзеў на неба, і губы яго слаба рухаліся. Румянцаў паглядзеў на яго і сказаў паручыку Ратчу: – Вось вам, прыхільнікам гісторыі: добры абразчык. Першабытны жыхар лясоў. Ух, фанатычная морда, каб была ахвота паскудзіцца... Ратч з сваімі жаноцкі прыгожымі вачыма адказаў: – Гэта не фанатызм, гэта – звычайная абмежаванасць і жывёльная тупасць. У гэтых маіх імшарах патрыятызм і нянавісць да нас пакуль што з’явіцца не могуць. Можа, гэта й не ён падпаліў наогул.

1 2 3 4