1 2 3 4

Паляшук

Румянцаў раззлаваўся: – Ну, ён ці не ён, патрыятызм гэта ці звычайны бандытызм, а я яго расстраляю. У наступны раз не будзе павадна іншым бадзяцца са зброяю ў недазволеных месцах. Шабаш! І ён разануў далонню па паветры, быццам паказваючы, што няма чаго далей валаводзіцца. Палешука адвялі ў пуню, пакуль паны-афіцэры пераапрануцца і нап’юцца чаю з ромам. Гэта цягнулася амаль што цэлую гадзіну, і ўвесь гэты час паляшук спяваў нейкія, зусім не жаласныя спевы хрыплым голасам, падобным да лаю сабакі. Першым прыйшоў за ім Ратч і пабачыў: паляшук сядзеў, забіўшыся ў кут, і з цемры блішчэлі яго вочы. Ратч спытаў: – Чаму гэта ў цябе песні такія гнеўныя? – Мужчынскія, – адказаў паляшук і зноў заціх. Ратчу падабаўся гэты дзікун, нягледзячы на тое, што гэта была жывёла, тупая і выраджаючаяся з кожным пакаленнем. Бачная была ў гэтай жывёле нязломнасць. Калі паляшук глядзеў на пушчу – Ратчу здавалася, што гэта арол, пасаджаны ў клетку, пазірае на высокія, залітыя сонцам горы. Там шмат часу трымаецца святло, а тут, па лагчынах, ужо ляжыць цемра і імгла, і ніколі ўжо не прашумець яму на верхавінах магутнымі сваімі скрыдламі. Ратч любіў селяніна сваіх беларускіх абшараў, пакорнага, рэлігійнага, набітага забабонамі да мазга касцей і, разам з тым, моцнага, вытрымлівага. Вось зараз ён, вядома, сумуе, што загіне без сабаравання. – Ты ў якога бога верыш? У вуніяцкага альбо праваслаўнага? – Чаго? – Ну дзе твой бог: у касцёле ці ў царкве? Паляшук зітхнуў і адказаў упэўнена: – А нашто бога саджаць у каменную будку? Бог у кожнай былцы, і ў лясах, і ў багне – паўсюль. “Нейкі палітэізм”, – падумаў паручык. Ззаду Ратча затрашчаў барабан: падыходзілі салдаты. Справа ўжо йшла к вечару. Стаяў шэры кастрычніцкі дзянёк, і хоць раннія маразы ўжо скончыліся – яны падтачылі лісце, і яно валілася зверху чырвонымі варахамі, і лес безупынна шалахцеў, прыгавароны да страты. Чорныя галіны дрэў асабліва ярка вымалёўваліся на гэтай чырвонай казцы, а ліст ляцеў наўскасок, ляцеў, ляцеў. Паляшук ішоў, аточаны чатырма салдатамі, і нешта мармытаў сабе пад нос. Твар яго часам уздрыгваў, і на ім з’яўляўся нейкі дзіўны прызрысты выраз, амаль дзіцячы па яснасці. Калі ўжо амаль падышлі да месца расстрэлу – ён ненарокам пакінуў у калюжы адзін поршань, але не заўважыў гэтага і пайшоў далей. Нага хутка пачырванела ад холаду, і Ратчу было непрыемна глядзець на гэта. Зусім скалелы ад холаду Румянцаў сказаў палешуку, калі яго паставілі да дуба: – Ты б памаліўся хоць. Паляшук паслухмяна пачаў казаць наступнае: – Матка боска заступніца... І свенты Осіп і свенты Мікола, станьце маім ворагам у глотцы колам. Заступіцеся за мяне і зямлю маю... Усіх сумуючых... Відаць, ён нават не ведаў малітваў і паўтараў тое, што чуў калісь без усялякага сэнсу. Ратч зарагатаў: – Што гэта ён такое вярзе? – Не бачыш – дурань, – адказаў Румянцаў. А маленькі брудны чалавек усё казаў: – Зассі іх у багну, не дай ім сонейка пабачыць... Дай хлеба астаўленым. Свенты Осіп і свенты Мікола... Калі не будзеце, як дзеці... На гэтым месцы ён запнуўся, паўтарыў “як дзеці”, і як быццам толькі тут дайшло да яго тое, жудаснае, што з ім збіраюцца рабіць, бо ён раптам паў на калені і заплакаў: – Не забівайце!.. Паночкі, не забівайце! Я вам грошай дам, шмат грошай!.. Румянцаў наліўся чырванню і закрычаў: – Падыміся! Трус! Нічтожаства! Палешука сілком паставілі да дрэва, але раптам Ратч сказаў задумліва:

1 2 3 4