1 2 3 4

Паляшук

– Скуль у яго могуць быці грошы? Можа, гэта іхні жонд прыхаваў тут частку свайго скарбу? – Мажліва, – ажывіўся Румянцаў. – Што ж, паспрабуем. І зноў пакрочыў перад імі паляшук. Ісці давялося ўсяго хвілін пяць. Ля сухой асіны з развілкаю ён торкнуў пальцам у зямлю: – Тут. Салдаты пачалі рыць зямлю, Румянцаў з Ратчам пільна сачылі за імі, і вось урэшце салдацкі штык стукнуў аб нешта. Гэтае нешта ўбачыла святло божае ў выглядзе невялічкай драўлянай скрынкі. – Не, жондаўскім гэта быці не можа. Мала. Відаць, яго асабістае, – сказаў Ратч. А Румянцаў прыбавіў: – Вось падлы. А кажуць: галеча. Галеча галечаю, а грошы хаваюць. Скрынку расчынілі, і адтуль пасыпалася на жоўтую кастрычніцкую траву палешукоўскае «багацце». Асноўную частку скарбу складалі нейкія чатырохкутныя чорныя раменьчыкі. – Пятроўскія раменныя грошы, – сказаў Ратч і плюнуў. Былі тут шчарбатыя, ззелянелыя грошы, а найболей таго палушкі, збітыя капейкі з лішаямі, адна “Янава галоўка”. – Дык што ж ты мне кажаш, трасца тваёй матары, – падступаў да палешука Румянцаў. – Грошы, шмат грошай... Можна купіць... Не трэба. – Э, ды чаго з ім размаўляць, – твар Румянцава зморшчыўся. – Стаў яго да дрэва і канчай размову. Тагды паляшук зразумеў, што ўсё адно яго не адпусцяць і кончаць тут, ля гэтай сваёй скарбніцы, і выцягнуўся, нават здаўся вышэйшым па росту. – Гэта я падпаліў, – сказаў ён. – Вы мяне заб’еце, але я свае імя перадаў іншаму, і ён вас таксама падпаліць і заб’е, бо кроў бедных людзей... І вы прыйшлі ў гэты лес, не паклаўшы хлеба на пень, і ён вас не выпусціць адсюль. Вы тут памрэце, бо вы кепскія людзі, і я вас сапсаваў. І чым больш ён гаварыў, тым больш Ратч ставаў упэўненым чамусьці, што паляшук ні ў чым не павінны. А Румянцаву прыйшло ў галаву, што асуджаны саскнарнічаў у апошнюю хвіліну і не паказаў ім сапраўднай скарбніцы. Ён падумаў трохі (паляшук стаяў ля дрэва і маўчаў, толькі вочы яго з-пад брудных, навіслых на вочы касмылёў глядзелі з нянавісцю) і сказаў палешуку: – Купі сабе жыццё. – Мне не трэба жыцця, – адказаў жорстка і холадна паляшук. Грымнуў залп.

IIКалі паны-афіцэры пакрочылі ўперад, а знявечанае пякельнай пакутай цела палешука зарылі – адзін з салдат сказаў каротка: – Эх, паны, на такога бедака грошы паквапіліся. А другі прадоўжыў: – А я ўпэўнены, што, калі б там хоць дваццаць сапраўдных рублёў было – яго б выпусцілі жывым. Вось чаго грошы варты... Кажуць, палячышкі, палешукі, а мне здаецца, што калі паны на такое здатны, дак нам з гэтых палешукоў прыклад браць трэба, а не біць іх. Абярнуўся да ямкі і нагою асцярожна ссыпаў туды грошы: – Можа, хто падбярэ. Ратч і Румянцаў ледзь адышлі ад месца страты, як у гушчары нехта варухнуўся. Абодва прыгледзеліся: ля самай дарогі стаяла нейкая жанчына ў лахманах, з змрочным тварам, падобным на твар зморанай разумнай жывёліны. Двое дробных дзяцей трымаліся за яе падол, трэці вісеў у нейкім лянтуху за плячыма. У яе былі сурова нахмураныя бровы і глыбока запалыя вочы, якія глядзелі некуды ў бок паляны. Пачуўшы трэск галіны пад нагою капітана, яна знікла, як быццам праваліўшыся праз зямлю. – Гэтай што яшчэ патрэбна? – спытаў Ратч. – Не ведаю. Адышлі далей, ззаду паказаліся салдаты, і раптам Ратч, які напружана думаў аб гэтым, стаў. – Стойце! – закрычаў ён. – Бож-жа ж мой! Здаецца, я пачынаю разумець... Вось чаму ён так прасіўся.

1 2 3 4