1 2 3 4

Паляшук

Быццам у падмацаванне яго слоў ззаду, з паляны, пачуўся прарэзлівы крык. Ён быў падобны адначасова і на вой, і на лямант смяротна пакутуючага чалавека. – Што гэта? – спытаў Румянцаў, усё яшчэ не разумеючы. – А то, – адказаў Ратч з крывою пасмешачкай. – Жанчына, ваўчыха ці, можа, яшчэ што. Румянцаў зразумеў, уцягнуў галаву ў плечы і амаль пабег да сяла. На сцежцы, на шляху ляжаў поршань палешука, вада яшчэ не наліла яго з коптурам, і ўнутры плаваў жоўты асінавы лісток. І толькі тут Ратч зразумеў усю непавяртальнасць зробленага. А на паляне лямантавала жанчына, і ў голасе яе адчуваўся такі адчай, такая безнадзейнасць, што здавалася, уся зямля напоўнена ім і болей нічога не засталося на яе абдзёртых, жарбацкіх абшарах. Вечарам яны смяротна перапіліся. Ратч узняўся і кінуў Румянцаву ў твар абвінавачванне: – Вы гэта зрабілі ад злосці. Ганарыцеся сваёй сумленнасцю, а самі жадалі абакрасці гэтага бедака. – А чым вы за мяне лепшы? – адпарыраваў Румянцаў. Ратч зваліўся на лаву і зарыдаў п’янымі слязьмі. Румянцаў ірвануў каўнер мундзіра: – І гэтак паўсюль. У мяне пад Калугаю тое ж бачу ў вачах хамскіх. Хутка яны схопяцца за сякеру, і тагды... Мы тут апошнія госці, няпрошаныя на ўсёй зямлі, ненавісныя, прадрачоныя. А Ратч рыдаў, і праз рыданні чулася: – О, як яны нас ненавідзяць!.. О, як яны нас ненавідзяць!.. Як жахліва, як холадна нам жыць на зямлі! Над хатамі раўла навальніца, сыпала дажджом на загубленае ў лясах сяло, чорнай сажай крыла ўсё навакол, і ў яе плачы чуўся і перадсмяротны стогн, і лямант кабеты, і грамавы рык народнай крыўды і помсты.

1 2 3 4