1 2 3 4 5 6 7 8 9

Пасмяротная гісторыя аднага цецерука

– Лоп-лоп-лоп, – і на сярэдзіну паляны зляцеў галоўны такавік, цар такавішча. Забалбатаў, стаў хадзіць кругамі па зямлі. Гаўрыла да болю сціснуў стрэльбу. Кожны раз яму даводзілася перамагаць жаданне стрэліць у такога прыгажуна. Але ён ведаў, што смерць такавіка – смерць такавішча, што з загібеллю гэтага князя разлятаецца па другіх мясцінах бітваў яго народ і паляна на доўгія гады застаецца пустой.Чорны, з сінім адлівам, вясёлкава-зеленаваты ля галавы, з белымі люстэркамі-перавязкамі на крылах, касач хадзіў, распускаючы лірападобны хвост, як быццам збіраўся граць на ягоных тугіх пер’ях.З’явіліся каля яго чатыры цяцеркі, шэра-паласатыя, іржавыя ля шыі. З няшчырай сціпласцю яны захадзілі па махавіне акуратненькімі, падборыстымі лапкамі.– Ко-ко-ко, – з ліслівай абыякавасцю завяла адна.– Ведаем мы вас, мужчын, – здавалася, казаў яе галасок, – зараз вы ўсе ходзіце пеўнем, а яйкі потым нам адным наседжваць.– Ур-гур-гур, – з гарлавой пяшчотай адказаў такавік.– Ко-ко-ко, – зацягнула яна зноў – не быў бы ты такім малайцом, толькі б ты мяне і бачыў. Нахабы вы, мужыкі, але ўсё ж падыходзь, я пабачу, што з табою рабіць.Гэта было вышэй сіл душэўных. З бярозы сарваўся яшчэ адзін цецярук і са стукам сеў перад такавіком. Той не спяшаў: паглядзеў на самачку, якая, адбяжаўшы ўбок, чакала ад яго маладзецкай адвагі. Прайшоўся перад ёю – шыя выгнута над зямлёй, хвост веерам, крылы да зямлі.I толькі потым павярнуўся да суперніка, зусім паклаў галаву на мох, натапырыў дыбарам усе пер’і. Зачуфыкаў.Другі зухавата адказаў яму:– Чуф-фы! Чуф-фы! Чуф-фы!I адразу з дрэў пачалі зрывацца яшчэ цецерукі, яшчэ, яшчэ. Знаходзілі ворага і ставалі ў пазіцыю. Хутка не менш як восем дзесяткаў глотак заводзілі ваяўнічую песню, вызаў на смяротны бой.Гаўрыла, прыцягнуты з’яўленнем такавіка, як заўсёды, не змог заўважыць, адкуль яны браліся. Але цяцеркі ўжо ачысцілі месца пабоішча і рассеяліся на бярозках вакол паляны: глядзець спектакль.У жылах байцоў закіпала гарачая, адураная вясною кроў, кідалася ў вочы, ярчэй налівала палымняныя бровы.– Жыццё! Жыццё! Жыццё! Пір бітвы! Каханне! Вайна!Старажытныя, цьмяныя, усеўладныя сілы апанавалі іх. I яны, як рыцары, выходзілі на арэну, каб перамагчы або загінуць.I вось галоўны паладын дзюба ў дзюбу сышоўся з ворагам.– Чуш-шшы, – як праколатая веласіпедная шына, зашыпеў ён, і гэта быў крык крайняй ярасці і запалу.– Абар-рву пер’і, кр-рутыя пер-р’і. Ур-гур-гур. Чуф-фы! Чуф-фы!– Чуш-шы!I вось усе сышліся ў бітве. Хапалі адзін аднаго дзюбай, цяжка вазілі па зямлі. Чорнае пер’е хмарай узлятала над арэнай.Яны счапляліся ў стычцы, разыходзіліся, зноў сыходзіліся, і кроў гарачымі чырвонымі журавінамі пырскала на мхі.Дзесяць разоў стрэліў Гаўрыла, чатырнаццаць трапяткіх байцоў засталіся на зямлі, лопаючы слабеючымі крыламі. Але вораг не заўважыў нічога ў запале бітвы, такавішча перарывалася толькі на хвіліну. Ніхто не чуў грымотаў, для ўсіх самым галоўным быў праціўнік, п’яны бой, каханне і стук гарачай крыві ў жылах.I вораг кідаўся на зваленага шротам ворага, думаючы, што гэта ён, толькі ён, перамог яго.Дзікая мелодыя, якую чулі апошнія ледавікі на гэтай зямлі, агалошвала халоднае, празрыстае і бязлітаснае паветра.I цяцеркі глядзелі з дрэў на сваіх рыцараў, гатовыя ўвянчаць іх. Такавік біўся ўжо з чацвёртым. Ён перамагаў сумленна, бо Гаўрыла не страляў у ягоны бок. Чырвоная броў касача была рассечана, некаторыя пер’і зламаныя, але ён, грозны, як дух лясоў, ізноў наступаў і наступаў.

1 2 3 4 5 6 7 8 9