1 2 3 4 5 6 7 8 9

Пасмяротная гісторыя аднага цецерука

– Вайна! Пір жыцця! Каханне! Жыццё! Жыццё! Слабейшыя і пераможаныя даўно ўцяклі з поля бітвы. Цяцерак хапала на ўсіх, але бой ішоў. Ваяўнічы, дзікі напеў гучэў над імхамі, над таючым ільдом лужын.I раптам ласкавае, амаль нягрэючае сонца ўзышло над месцам трагедыі і азарыла паляну цёплым святлом, быццам сказала:– Дзеці мае, любыя мае. Што ж гэта вы робіце? I, пасаромленае гэтымі ціхімі словамі, такавішча пачало сціхаць. Першы паляцеў такавік, а за ім іншыя, і арэна стала пустой.Гаўрыла, сам не ведаючы чаму, сядзеў у схованцы, размінаючы ногі, па якіх паўзлі мурашкі. Паляна купалася ў белавата-ружовым сяйве, і проста ў гэтае сяйва з ляснога гушчару раптам упала цяцерка, а за ёю сіне-чорны, малады яшчэ касач. Напэўна, ён не ведаў, што такавішчам забаронена карыстацца з такой заганнай мэтай, але ён пачаў кругамі хадзіць вакол любай, пяшчотна балбатаць, набліжаючыся ўсё бліжэй і бліжэй.Спрадвечная гульня чынілася на паляне.Потым ён патаптаў яе, і калі яна прынікла да зямлі, ён стаў нагамі ёй на спіну і горда забалбатаў, заспяваў, выцягнуўшы шыю ў неба:– Вось які я малайчына. Глядзіце ўсе. Гэта я! Я!I пад гэтую лікуючую, ганарлівую песню Гаўрыла асцярожна павёў руляй стрэльбы і, нечакана для сябе, націснуў спуск.Шрот з блізкай адлегласці кучна ўвайшоў у касача. Гаўрыла быў добры стралок і ведаў, што не зачэпіць цяцерку. Яна сапраўды ўляцела, а касач зваліўся на зямлю, бяссільна заламіўшы крыло.I твар Гаўрылы раптам наліўся барвянай чырванню. Упершыню за ўсё жыццё ён саромеўся свайго стрэлу.Адвечная прыгажосць спявала на весняй паляне, ганарылася перамогай. Нашто ж яе? Дзеля чаго?“Ты ж зараз усё адно не патрэбен ёй”, – з горыччу падумаў Гаўрыла, падбіраючы цецерука.Ён быў прыўкрасны. Гладкае, зусім яшчэ не жылаватае цела, зялёны адліў каля шыі, які паступова знікае ў мёртвай птушкі, бяссільна звіслая галава з чырвонымі строгімі бровамі.Гаўрыла падабраў астатніх і хуткімі крокамі рушыў з паляны. Ён ведаў, што заўтра не прыйдзе на такавішча.Прайшоўшы палову дарогі, ён сеў у котлішчы, дзе было цяплей і таму высыпаў россып ранніх смарчкоў, падобных на сушаныя грушы з узвару, і з’еў лусту хлеба з мяккім салёным агурком. Жаваў ён цяжка, як замораны конь: жаўлакі рухаліся па няголеных шчоках.Думкі былі невясёлымі:“Адспяваў ты сваю песню, братка. За што прыгажосць такую?.. I ты спяваў, і ты ганарыста чуфыкаў. А зараз...”Але думаць пра гэта было непрыемна, і ён пакінуў....Дзве хаткі ў лесе ён пабачыў, калі ўжо добра абадняла. Задворкамі ён падышоў да густых бэзаў і пачуў голас жонкі, што перакідвалася праз плот словамі з адзіным суседам, аб’ездчыкам Сідарам Ворчыкам, былым зухам-кучаравічам і згубай дзявочых сардэц, а зараз бацькам вялікай сям’і. Размаўлялі пра Цесляка, што прыходзіў учора і, хоць ведаў, што Гаўрыла Войтаў ніколі не крадзе лес, прапаноўваў пэўныя грошы за бярвенні на хату.– Балабайка ён, – прыгожым тэнарам казаў Ворчык, – толькі што струнаў няма. Калі з яго віно выціснуць – застанецца не чалавек, а непрыемна пахнучы маляс. А ў нас з вамі, суседка, “сонца на закаце і ўрэмя на ўтраце”. Таму нам трэба рупіць пра спакойства душэўнае.– А ўжо ж вядома, не такі ён, як наш Паўлюк, – з уздыхам сказала жонка, і Гаўрыла зморшчыўся, бо не любіў размоў пра сына, – наш чалавек сумленны, хоць і сябра Цесляку ў дзяцінстве. Ён у нас вялікі чалавек, кандыдатам завецца. Самы таленавіты знаўца кніжак. Усе яго любяць, – ён і да міністраў, напэўна, заходзіць. Вось хоць бы... грошай мы ў яго і не прасілі, а ён часам дашле якую сотню. Піша, даслаў бы і больш, але ў яго “расходы на прадставіцельства”. Во! Нам, вядома, не так і патрэбныя тыя грошы, не ў горадзе жывем. У нас на мой дзень, на Катарыну, п’юць простую гарэлку, а тое, грэшным чынам, і самагонкі для сябе наварым у такі дзень. Я і напісала, каб пра нас вельмі і не думаў: пражывем. Ён паслухаўся, пачцівы ён. Толькі рэдка прыязджае. Цябе яшчэ не было тут, як ён з жонкай прыязджаў. Такая распрыгажунечка, акуратненькая, толькі худаватая, быццам есці няма чаго. I сціплая, не мянтуха языком. Каб гэта каго-кольвек абгаворваць, дык не. Паўлючок казаў, што вельмі яна яму на жыццёвай дарозе дапамагае. Ды, відаць, не спадабалася ёй тут. Нетры, а яна жанчына маладая, вясёлая.

1 2 3 4 5 6 7 8 9