1 2 3 4 5 6 7 8 9

Пасмяротная гісторыя аднага цецерука

У хаце Катарына сказала мужу:– Ты Цесляку скажы, каб ён ішоў да д’ябла. Непатрэбныя нам яго грошы. Хай з кізяку сабе хату лепіць, зладзюга такі.Гаўрыла прыпомніў чамусьці цецерука і, хоць збіраўся – упершыню ў жыцці – паклапатаць у лясніцтве, каб прадалі бярвенняў сынаваму сябру, сказаў:– Ды я і то адпушчу яму лесу хіба на труну толькі. А грошай здабудзем неяк.Пасля снедання ён запрог служэбнага каня, апрануў вышываную кашулю, чорныя, старанна зацыраваныя порткі, на ногі нацягнуў замест ануч парцяныя шкарпэткі. Старанна выгаліў твар, паглядаючы на Катарыну, якая здавалася вельмі маладой у белай, вольнай ля плячэй, сарочцы і шырокай, у чатыры палы, клятчастай спадніцы.Пасля глядзеў, як яна дастала свой залаты, сэрцайкам, вясельны яшчэ медальён з трыма блакітнымі каменьчыкамі і як адразу папрыгажэла яе амаль маладая, вельмі загарэлая шыя.Яны паехалі ў мястэчка і там, на базе, прадалі набітых цецерукоў. Даклаўшы трохі грошай, Войтаў купіў шрот, порах і капсулі, пахадзіў з жонкаю па рынку і пасля, падумаўшы, купіў у краме чацвярцінку гарэлкі. Рукі яго былі чырвоныя, з пухлымі суглобамі, і бутэлька схавалася ў далоні адразу, быццам і не было.Яны выпілі яе на возе пад хатняе сала. Катарына падпіла, астачай асенняй прыгажосці заззяў яе паружавелы твар. Конь борздзенька тупаў дахаты, плылі паабапал дарогі дрэвы, таксама трошкі на падпітку. I жонка раптам, – даўно гэтага не было, – прыхілілася да пляча Гаўрылы і завяла нечакана прыгожым голасам тую песню, якую спявала на першае іхняе Купалле, калі Гаўрыла спаймаў яе:Купалінка, купалінка,Цёмная ночка,Цёмная ночка,А дзе ж твая дочка?I Гаўрыла з гонарам, як заўсёды, падумаў: “Во яна ў мяне якая”.

ІІГаўрусёў Паўлюк, або, як ён цяпер зваўся, Павел Гаўрылавіч Войтаў, накіроўваючыся ў Маскву, сустрэў на вакзале старога сябра па інстытуце, зараз таксама выкладчыка, толькі ў абласным інстытуце, Івана Каліберава.Сябры не бачыліся два гады і таму, даўшы насільшчыкам магчымасць цягнуць рэчы ў купэ, пачалі проста на платформе ціскаць і абдымаць адзін аднаго.– Братка ты мой, колькі вады сплыло!.. Ну дай жа я гляну на цябе. Пасталеў, раздаўся.– Ды і ў цябе, дарагі, кандыдацкія грудзі выраслі.– Янка ты, Янка, макітра ты чарапяная... Куды едзеш?– У Маскву.– Бацюхны, і я таксама... I вагон адзін... Во, братка ты мой, свет цесны.Павел Гаўрылавіч надта ўзрадаваўся сустрэчы. Яны вельмі сябравалі калісь, ведалі адзін аднаго, і таму ім не было прычыны саромецца сябра. Можна было шчыра паразмаўляць.Кожны чалавек часам хоча гэтага, як ён ні звыкай да вечнай стрыманасці і асцярожнасці ў словах і ўчынках. А Войтаў ужо два гады не адводзіў душу з блізкім чалавекам.Таму ягоны валявы, трохі азызлы твар выяўляў самае жывое замілаванне. А Калібераў таксама смяяўся жывымі вочкамі і вохкаў, як квахтуха.Ён проста быў добразычлівы да людзей.Войтаў памятаў яго яшчэ ў тыя часы, калі імя сябра было, мякка выражаючыся, дзіўным: Мардары. З такога імя кпілі, але Калібераў не звяртаў увагі і толькі пасмейваўся. Таму хутка кпіць пакінулі, а там і імя ў пашпарце змянілася на нейтральнае – Іван. Другі скандал атрымаўся з прозвішчам. Калі драматург Макаёнак напісаў сваю вядомую камедыю – з Івана зноў пачалі смяяцца. I тут ужо даць рады было нельга. Іван збіраўся быў напісаць на драматурга ананімны ліст, але потым раздумаў і суцешыўся тым, што не ўсе ж Каліберавы на свеце свінні і мярзотнікі. Ёсць сярод іх і прыстойныя людзі.

1 2 3 4 5 6 7 8 9