получить деньги под залог квартиры
1 2 3 4 5 6 7 8 9

Пасмяротная гісторыя аднага цецерука

Яны так захапіліся сустрэчай, што прывёў іх да прытомнасці толькі голас правадніка:– Грамадзяне, сядайце. Цягнік зараз рушыць.Таму яны перанеслі далейшыя паляпванні па плячы ў тамбур купэйнага мяккага. Тут Войтаў даў правадніку пятнаццаць рублёў, і хутка сябры апынуліся ўдвух у купэ.Ужо былі закінуты ў багажнік чамаданы, ужо чалавек у форме ўключыў вентыляцыю і атрымаў загад наконт бялізны, ужо цягнік імчаў з бліскавічнай хуткасцю сціплымі палямі і пералескамі, якія пачалі ўбірацца ў малады зялёны вэлюм, а сябры ўсё яшчэ сядзелі поруч і трымаліся за рукі, як закаханыя.Пукатае шкло ліхтара адбівала часам праменні сонца, варушыліся на вокнах бязважкія фіранкі, цела мякка адпачывала ў прытульнасці канапак. Было бесклапотна і лёгка на душы, як заўсёды ў дарозе.– Ну як ты, Іван, маешся?– Ды нічога, братка. Ты ж ведаеш, напэўна, што я кандыдацкую абараніў. Дзякуй Богу, тады яшчэ друкаваць раздзелаў з яе не трэба было... Хату сваю дабудаваў.– Ты там, братка, наваяваў нешта ў інстытуце. Калібераў пасуравеў, ля вочак сабраліся дробненькія зморшчынкі.– А што з імі было рабіць, з салапякамі. Шчанюкі такія, ледзь у навуку залезлі, а ўжо ніякіх аўтарытэтаў для іх няма. Ты ведаеш, я добразычлівы чалавек, але тут не мог. За навуку сэрца баліць, за навуку... Ну вось і дабіўся, выкінулі іх...Прасцецкі, грубаваты яго твар скрывіўся, ён махнуў рукою і агледзеў сябра.Павел сядзеў перад ім, цвёрда сціскаючы нязмяты, сухі муштук папяросы. Шэры пушысты гарнітур сядзеў на ім з няўлоўным “кашэ”, змятай зручнасцю, якой дасягнуць цяжэй, чым адпрасаванасці і дубаватай элегантнасці. Цвёрды каўнер белай кашулі шчыльна аблягаў вельмі тоўстую мускулістую шыю і падкрэсліваў свой нечапаны колер шэравата-блакітным гальштукам. Вышэй быў цвёрды рот, прамы, трошкі задзёрты нос і халодныя блакітныя вочы. У рысах карэктная выхаваная стрыманасць. Агульнае ўражанне інтэлігентнасці псаваў трошкі нізкаваты лоб і нездаровая азызласць белых шчок.– Ну а ў цябе што новага, Павел?– Жыву, брат, нядрэнна. Доктарскую пішу. Прызначылі нядаўна дэканам факультэта, цякучка заядае. Працаваць амаль некалі, але ўсё ж з прафесарам Гаровічам адхапілі прэмію за працу па эстэтыцы.Іван рагатнуў:– Тая навука, пра якую самі эстэты не ведаюць, што яна такое. Што ж, я заўсёды ведаў, што ты – галава. Кнігі рэдкія з экслібрысамі ўсё яшчэ збіраеш?– Жонка не адстае, – уздыхнуў Войтаў, – я і кінуў бы іх, бо, шчыра кажучы, ні храна я ў гэтых экслібрысах не разумею. Але яна мяркуе, што ў кожнай велічыні павінен быць нейкі, як яна кажа, “бзік”. Ну вось і “бзікую”, бегаю за гэтымі рэдкасцямі, як гізнуты бык.– Добрая ў цябе жонка, – сказаў Калібераў, – сапраўдны друг-паплечнік. Не тое што мая... Хадора.– Жонка-карова, – кінуў раптам Войтаў. – Танюткая калісь была, а зараз што твой мех з гарбузамі. Раскапусціцца каля трумо і сядзіць. Ну вось, у мяне ж чудовая мова, а дачку вучыць чорт ведае чаму: мова гладкая, ані каструбацінкі, сумная, кастрыраваная.– Не ведае, што мова ёсць зброя ў жыццёвай барацьбе, – падтакнуў Іван, – а, між іншым, каб не веданне намі мовы, той, што ад бацькоў, ні шыша мы з табою не вартыя былі б. Бо, шчыра кажучы, не такія ўжо мы з табою Арыстоцелі, каб у кандыдатах хадзіць.– Але ўсё ж лепшыя за многіх іншых, – з грымаскай сказаў Павел.– Гэта таму, што ў нас корань здаровы, мужыцкі, – падняў Іван тоўсты палец.

1 2 3 4 5 6 7 8 9