1 2 3 4 5 6 7 8 9

Пасмяротная гісторыя аднага цецерука

– А ці не час нам гэты корань падкарміць? – спытаў Войтаў, пераводзячы на другое размову, якая пачала ставаць непрыемнай.– Н-да, час адміральскі, – сказаў Калібераў і, узяўшы пад локцік сябра, прыўзняў яго і працытаваў: – I сталі мір і згода, і дружна, рука да рукі, яны патэпалі ў бліжэйшую карчму.“Бліжэйшая карчма” была ў суседнім вагоне. Кілімавай дарожкай сябры перайшлі ў вагон-рэстаран і занялі ў ім кутні столік. Іван адразу спаймаў за локцік бялявенькую круцёлку ў гафрыраваным вяночку. Твар ягоны зрабіўся салодкім, усмешачка села ў кутках рота.– У-у, прыгажуня наша. Як велікодная курачка... нават галоўка гафрыраваная. Нагадуй ты нас, ясачка мая, іначай два прыгожых і халодных трупы будуць на вашым сумленні.“Бач, стараецца, – падумаў Войтаў і ўсміхнуўся, – пабачылі б цябе студэнты, мышынага жарэбчыка”.Круцёлка прыемна ўсміхнулася, перавяла позірк з саладжавага прасцяка на другога, што глядзеў на яе паўзверх кветак халоднымі, з усмешачкай, прыгожымі вачыма, падумала: “Свае хлопцы” і борздзенька змяніла ім трошкі памяты абрус на свежы, узяла з гнёздаў бутэлькі з півам і вадою і замяніла іх свежымі:– Яны тут нагрэліся на сонцы, дык я вам халодненькіх, з леднічка. Ну, што будзем естанькі, хлопчыкі?Іван скроб пальцам шчаку, чытаючы меню. Потым звярнуўся да Войтава:– Як ты наконт усерасійскага праствейну, каток? Не хочаш? Каньяк? А не памятаеш, як мы з табою цукарную самагоначку глушылі? “Бутэльку каньяка – тры бурака”.– Ды пакінь ты, – незадаволена сказаў Павел.– Ну-ну, не буду. Дык вось: для мяне трыста грамаў гарэлачкі... Ведаю, ясачка, што не паложана, але па Канстытуцыі законы мяняе народ. А хто такі народ? Гэта ён, я, вы, мядуначка мая. Таму тры чаркі... Не п’яцё на рабоце? Ай-я-яй, якое падзенне маральнасці. Не смейцеся, ясачка, о мой бружмель і гіяцынт. Вас просіць аб гэтым Іван Калібераў, чалавек з расчараваным сэрцам, якое ведала лепшыя дні... Дык вось: гэтаму Апалону трыста грамаў каньячку... Ну, яшчэ бутэлечку мінеральнай і тры – двайнога залатога. Няма? Тады “Сенатар”.– Хлопчыкі, – запратэставала афіцыянтка, – гэта ж сапраўдны “портэр”, васемнаццаць градусаў. Ці не зашмат будзе?– Хто вам сказаў, о дзіця фіёрдаў, што для такога чэрава зашмат дзве вартых жалю бутэлькі. Ды мы і сядзець будзем добра... пад багаты закусон. Мы не пустэльнікі, акрыдамі закусваць не збіраемся.– Закусачку?– Наконт закусачкі я – пас. Гэта мой сябра, але пад маім чулым кіраўніцтвам. Ён лесавік, а там людзі рабчыкамі гадуюцца, бо на кірмаш везці далёка.Павел узняў на афіцыянтку сінія, з лядком, вочы. Іван нават здзівіўся, такі ў яго быў выгляд.– Ну не дай ладу, лорд Байран! Ай, братка, ай, сукін кот! Гэтыя лесавікі маюць такую паставу, што дай трошкі шліфоўкі і выпускай у дыпламатычны салон... У мяне так не атрымаецца, вось і балбачу.– Дайце нам, дарагая, ікры кетавай па порцыі.– I масельца да яе... каб салаты лісцік на ім, халодненькага, – дадаў Іван.– Не перабівай, Іван. Яна сама ведае.– Ды я не перабіваю, я толькі кажу, каб закускі разнастайныя былі.– Трошкі маслін, любая, толькі не сухіх. Салаты сталічнай порцыю.– I трэпангаў, – рагатаў Іван, – а то я нядужы. Круцёлка зразумела, усміхнулася.– Няма іх у нас. Ды яны вам і непатрэбны. Не хлусіце на сябе.– Іван, перастань балбатаць агіднасці.– Ды я нічога. Хацеў яшчэ раз пачуць, што я хлопец хоць куды.– Гэта табе і я магу сказаць.

1 2 3 4 5 6 7 8 9