1 2 3 4 5 6 7 8 9

Пасмяротная гісторыя аднага цецерука

– Калі яна скажа – гэта прыемней.– Ну і яшчэ, – працягваў Павел, – дайце нам салянкі зборнай. Я думаю, гэта не будзе многа пад такую выпіўку? Ну так.Іван зноў перарваў:– А на другое куранятак-табака... Вось яны, любыя, па васемнаццаць рублікаў.– Не, – уладна сказаў Войтаў, – куранят есці не будзем. Якія табе кураняты ранняй вясной. Гэта будуць ужо замужнія курыцы. Не хачу. Што ж нам узяць? Так-так-так... Ага! Цецярук смажаны з гарнірам. Адзінаццаць рублёў шэсцьдзесят пяць капеек. Вось гэта добра.– Цецярук гэты твой у магазіне 28 рублёў кіло. Купі і смаж.– Вясной трэба есці дзічыну, – адрэзаў Войтаў.Афіцыянтка пайшла выконваць заказ. Сябры глядзелі адзін на аднаго і ўсміхаліся.Цягнік прыемна пахітвала, на белым, як снег, крухмальным абрусе ляжалі партабакі. На матавым шкле дзвярэй блішчэлі сілуэты вінаградных лісцяў і гронаў, блішчэлі паліраванае дрэва і начышчаны метал.I зусім не хацелася глядзець за акно, дзе ляжалі, асветленыя вячэрнім залатым сонцам, палосы маладой збажыны і чорных папараў, узгоркі, укрытыя бярозкамі, і зноў бары, бары, махавыя балаты, шапкі дубоў над лесам.Гэта была зямля, такая сціплая без летніх убранстваў, з такімі голымі, бяспёрымі дрэвамі.Іван толькі раз кінуў туды абыякавы позірк, пабачыў хатку стрэлачніка і, па асацыяцыі, спытаў:– Ну як там твой бацька маецца?– Ды нічога. Палюе, што яму станецца? Нас перажыве. Месяцаў пяць лістоў ад яго не было.Выпілі пад чырвоную саланаватую ікру з ледзяным маслам. Павел адчуў цеплыню ў грудзях. Працягнуў размову:– Месца ў яго хлебнае, лясное. Палюе. Гародчык свой.– Месца хлебнае, – іранічна сказаў Калібераў, – калі красці.– Ён не краў, – засупярэчыў Павел, – але з гадамі чалавек усяму навучаецца. Пэўна, якую лясіну і прыбярэ.– Не з тых людзей, – сказаў Іван, – я ведаю. Ты дапамагай яму.– Ды ён сам не хоча. Ён, наогул, лепей жыве, ніж я. Ён душою спакойны, а тут інтрыгі, нізкая зайздрасць бяздарнасцей, нервы. Ахнуць не паспееш – інфаркт нажывеш. А ён сыты, апрануты, на службе. Мог бы што-кольвеч і ўнучцы падкінуць: грыбоў там, ягад.Узяліся за салянку, страву цікавую тым, што кожная лыжка нясе навіну: цёмна-чырвоны скрылёк вяндліны, мяккія, як маміна пяшчота, кавалачкі сасісак, зялёныя пупышкі каперцаў, ад якіх так і нясе Італіяй, саланаватыя цярніны алівак, што прымушаюць язык дрыжаць у смачнай сутарзе.Абодва былі прыемна напітыя. Лёгкі ружовы туман стаяў у вачах. Калібераў спытаў сябра, добразычліва і мякка:– Дык што гэта ты там жонку лаяў? Павел наліў яму гарэлкі з ледзянога запацелага графінчыка:– Дурубала яна. Дома грошы да капейкі лічыць, а ў дарогу дае звыш меры, каб людзі не асудзілі. Толькі і жыву, што ў дарозе.– А ты б некаторыя заробкі хаваў.– Ды яна і то пра дзве маіх халтуры не ведае... Але што зробіш, з усімі яна знаёмая. Паспрабуй мне хто на мазолю стаць – чорт ведае якім чынам даб’ецца апраўдання. Толькі апошні раз не дапамагла. I вось еду ў Маскву, абароны шукаць. Нічога, я іх, крытыкаў, свінячым хвастом закручу.– Ды ў чым справа?– Ну ты ведаеш, што я пачаў з таго, што адкрыў некалькі новых, сапраўдных вершаў Багушэвіча. З гэтага і пайшоў да ззяючых вяршыняў... Але пра гэта хутка забылі... Fortuna саеса еst – фартуна сляпая. I вось падсудобіў мне адзін дабрадзей працяг “Энеіды навыварат”. Бум быў такі, што сярод калег стогн стаяў. Ды толькі нядоўга яны стагналі. Адшукалі сучасныя звароты ў мове. Потым мяне падвялі вадзяныя знакі – папера зусім новая. I тут накінуліся яны на мяне ўсім хаўрусам, як на мядзведзя.

1 2 3 4 5 6 7 8 9