1 2 3 4 5

Подыхі продкаў

Мы блукалі па Уладзімірскай зямлі: яна і я.Стаялі празрыстыя і халаднаватыя дні канца мая з размытымі хмаркамі, з рэдкім сонейкам, якое прыгравала там-сям скупую паўночную зямлю, яе бедныя кветкі і спакойныя рэкі.Нічога не трэба было ад жыцця, толькі трымацца за рукі пры пераходах праз ручаіны, толькі піць прыгажосць весняй зямлі, разлітую вакол.Спакойная наша дружба гарэла роўным і цёплым агнём. Гэта было падобна на лікуючае замілаванне другам, гэта была проста радасць, што мы жывём на зямлі, што мы поруч. І гэтаму зусім не патрэбна было канчацца іншым… і горшым. Проста расла ў грудзях хваля ўдзячнасці: у мяне да маёй лепшай на свеце спадарожніцы, а ў яе – да мяне.Вялікі горад застаўся далёка за спіной. Там былі правільныя ўстаноўкі, любоў да бліжняга з пажаданнем дабра яму, змястоўныя і ўдумлівыя даследаванні.А тут была проста палявая купель, дзе халодныя вятры звіняць маладой травой.- Акуніся, акуніся ў мяне.І травы цалавалі нашы ногі, а вакол ляжала лясістая зямля.Яна сінела медуніцай, званочкамі белазорыку, цямнела дымчата-сінімі лясамі, крычала па начах патаемным крыкам звяроў і адбівалася ў валавокіх, трывожных вачах мудрага леляка.Мы ішлі ляснымі сцежкамі, і большы груз ляжаў на маіх плячах, а малы – на яе, як гэта павялося на зямлі яшчэ з тых часоў, калі Адам пакінуў рай і пайшоў у свой першы шлях, які прывядзе яго невядома куды.Колькі разоў рыдала і зноў усміхалася зямля з тых часоў, колькія адышлі ў нябыт?Крумкач, чорны і вялікі, як птэрадактыль, глядзеў на мяне з абочыны дарогі: разумеў гэта. Учора быў дзень яго ангела. Яму мінула чатырыста год, і ён з сумам думаў, што слабейшыя сталі птушкі на зямлі, што не дажыць яму да мафусаілавых год бацькі, які бачыў май пяцьсот разоў.Бацька толькі яшчэ вучыўся лётаць, калі першы сінявокі чалавек прыйшоў з сякераю на гэту зямлю. На паўднёвым захадзе нельга стала жыць: трывожылі полаўцы, вугры, ятвягі. Яны перашкаджалі сінявокаму думаць, а думаць ён навучыўся зусім нядаўна, і яму гэта падабалася.Уцякалі з Кіеўшчыны і з Чарнігаўшчыны і з Тураўскай зямлі. Будавалі палісады, выдзіралі борці, палявалі на бабровых гонах.Добра было тады жыць бацьку. Заўсёды можна было адшукаць у нетрах ляжачага чалавека з ротам, поўным ядомай травы – маркоўніку.Але нядрэнна было і потым, калі з другога боку з’явілася страшная сіла. Рэчка была такая – ах, забыў, -на якой яны навалам ляжалі.Хапала і вачэй, не прыкрытых кальчугай.Ах, як плакала княгіня Агаф’я, калі прынёс да яе на вежу крумкачовы бацька жылаватую мужскую руку з залатым пярсцёнкам!Не тое стала жыццё, не тое!Я заўважаю сум у вачах спадарожніцы (гэта мая справа) і ганю прэч чорны крылаты цень.Чорны касы крыж грузна ляціць над зямлёй, зрэдку завальваючыся то на той, то на другі бок, быццам не можа трымаць раўнавагі.І святлее твар майго друга, і святлее ўсё вакол.Нам дастаткова зірнуць, каб даведацца, што думае другі, і часцей за ўсё мы думаем пра адно і тое ж і аднолькава.Змяіцца, змяіцца пад нагамі шэрая дарога, ківаюць-ківаюць галовамі кветкі наўздагон нам.Белыя, як запылены цукар, Уладзімірскія саборы. Хто знявечыў вас пазнейшымі перабудовамі, тленным старэчым духам ладану?Мы ходзім цэлыя дні. На нас глядзіць жыццё, новае і старое, добрае і са ўсячынкай. Хлопчык сядзіць, задзёршы кашульку, ля канавы. Закінуў у яе нітку на лазіне: вудзіць. На манахавым валу гуляе фанабэрыстая каза, і вочы яе, зялёныя, д’ябальскія, з прамавугольнымі і вузкімі зрэнкамі, глядзяць на нас як на істот ніжэйшай пароды.

1 2 3 4 5