1 2 3 4 5

Подыхі продкаў

Кусцік палыну пад маімі нагамі, нашчадак таго, які нюхаў ён. Трава – емшан, што серабрыцца ў стэпах палавецкіх.Сарві яе.А потым трапяткі агонь паходні і чалавек з барвяным тварам, з папярочнай, успухлай жылай на лобе, нечалавечай сілай адбіваецца ад шасцёх змоўшчыкаў з мячамі і дзідамі, раскідвае іх і рыкае, як паранены леў, а яны зноў і зноў кідаюцца на яго, шматуюць, цягнуцца за ім па падлозе.Вырваўся, бяжыць, мітусяцца па скляпеннях, размаляваных травамі, калматыя цені. Сплываючы крывёй, ён бяжыць, і ногі заносяць яго ў бакі, як п’янага. Наперадзе паратунак, але ён страціў сілы і розум, свісцячае дыханне вырываецца з вуснаў, ногі яго ведаюць толькі, што ўніз бяжаць лягчэй, і ён збочвае, бяжыць па вінтавых каменных сходах. Праз вузкія вокны ў шырокіх нішах, перамяжаючыся з пыльнай цемрай, склізгоча па яго твары святло зорак. З інстынктам зайца, які хоча схаваць галаву, чалавек шукае нары.Многа стагоддзяў пасля другі ўладар, кірпаты, хаваецца ад крылатага жаху ў камін.Гэты забіваецца ў нішу акна.Чуюцца крокі, якія… вось-вось, здаецца, пайшлі далей. Не – бліжэй.– Тут ён!Страшны крык абуджае мяне.Я іду яго шляхам, бачу на сценах роспіс, што перадае яго апошні бег, спускаюся па сцёртых прыступках і бачу ў пыльнай нішы, дзе яго дабілі, два цёплых, ружаватых галубіных яйкі.Калі мы зноў выходзім на траву, я амаль хістаюся. Нервы цэлы дзень так напружаны, што не вытрымліваюць яшчэ і гэтага, здаюцца.Я адчуваю сябе няздольным нешта ўспрымаць, аб нечым думаць, штосьці любіць. Адбылося нешта падобнае таму, калі б ты пабачыў чалавека, задаўленага аўтамабілем, тое, што медыкі-псіхолагі называюць заразай смерці.У такім стане нельга жыць: пад скурай самага лепшага твару ясна бачыцца чэрап, дасканалыя формы чалавечага цела, гладкія мускулы, складанейшыя нервы, прыгожая, цёплых колераў скура – усё толькі дзеля таго, каб прыкрыць шкілет.Нешта шчыміць і варочаецца ў горле. Адразу ўспамінаецца, што Хранос жэр уласных дзяцей, што дзевяць дзесятых чалавецтва за ўсю яго гісторыю знішчана братамі, што на месцы Кіева пасля татар трыста год раслі дрэвы, што заўсёды з зайздроснай настойлівасцю людзі знішчалі лепшых сваіх сяброў і працягваюць паспяхова рабіць гэта.Ці варта жыць, калі паходзіш ад такіх?Усё жыццё чалавек рабіў глупствы. Замест таго каб аддаваць жэмчуг жывым, ён апраўляў ім вокладкі цяжкіх мудрых кніг, якіх не чыталі простыя. І жэмчуг выглядаў на іх рыбінай луской і кукурузным зернем. А жэмчуг прыгожы толькі на чалавечай скуры, напоены яе цеплынёй. Адзіная з каштоўнасцяў, ён тады і толькі тады ззяе ружовым і серабрыста-гарачым.Таму, што імя яму – чалавечнасць.Мы ледзь цягнем ногі, цягнем толькі таму, што трэба яшчэ пабачыць царкву Пакрава на Нерлі1. І нам зусім не хочацца гэтага, але ногі ідуць аўтаматычна. Трэба ж ім кудысьці ісці.Іржавыя цыстэрны ля чыгуначнага палатна, бруд на схіле, бетонныя трубы, матляецца на ветры бялізна – неарэалістычны пейзаж.Хто ж ты ёсць, чалавек?Цьмянае сонца выплывае з-за хмар. З маста над галавою падаюць іржавыя кроплі. Мінаем яго, і ўздых, як у дзіцёнка пасля слёз, шырыць лёгкія.Бязмежныя-бязмежныя лугі з лесам на краі вакаёма ляжаць перад намі. Іх нявечыць высакавольтная лінія, іх нявечыць нейкая слабада ўдалечыні, справа, але гусцее іхняя трава як і ў тыя часы, калі выязджалі сюды на паляванне з празрыстым гукам рагоў і сакаліным палётам.

1 2 3 4 5