1 2 3 4 5

Подыхі продкаў

Трава зялёная, як у “Паўночнай ідыліі”, кураслеп рассыпаў па ёй сваё тлустае золата, і маленькія браткі падміргваюць нам сінімі вачыма. Але не гэта галоўнае. Там, на краі лугоў, зліўшыся з гэтым, молада-зялёным і залатым, уросшы ў гэты просты пейзаж, бачны стройны-стройны белы прамакутнічак са сціплым зялёным купалком.Мы мімаволі паскорылі крокі. Яна плыве да нас, адрываючыся ад зямлі, як кветка, раскрытая небу, як неапалімая купіна, палаючая белым агнём.Там-сям купы ліп падступаюць да яе. І вось бліжэй, і вось бачная ўжо сухая бяроза, што схіляецца над старыцай.Пэўна, нехта заўважыў нас маленькімі мурашкамі ў лугах і проста, як у свой дом, адчыніў нам дзверы. Быццам сама яна даверліва адчынілася нам.Два вузкія перашыйкі паміж Нерлю і старыцаю вядуць да яе, і ў яснай, бы сляза, вадзе старыцы напалову плаваюць спарахнелыя, цалкам падобныя на старажытныя, чаўны.Простая, стройная, дасканалая на дасканалай зямлі, яна чакае нас, і вакол ні душы, быццам яна сама вырасла з гэтых лугоў і зажурылася, стаіць над княжычам, што загінуў тут на паляванні восем стагоддзяў таму.О, пяшчотная мая!Я, чэрствы і грубы, не верыў, што можна плакаць, гледзячы на каменні. Я веру ў гэта цяпер. Птушкай узаўюся перад табою, Сірынам заспяваю, закрыўшы вочы, між маладых, гусіна-пушыстых дрэў, Феніксам згару і ўваскрэсну з попелу.Нічога няма ўнутры: чыстыя белыя сцены, цішыня, святло, якое падае невядома адкуль, квадратны алтарны камень. Ніякіх упрыгожванняў, толькі львы з чалавечымі тварамі глядзяць з верхавін чатырох квадратных калон, і на вуснах іхніх застыла таямніча-сумная, лукавая і сонная, усеразумеючая ўсмешка. Я шукаў яе на перуанскіх масках і на егіпецкіх статуях, а адшукаў тут.Пра што сняць яны?Строгі халадок даходзіць да самага сэрца, снежнае святло выціскае вільгаць з вачэй.Стану на пальчыкі, адарвуся ад зямлі, павольна палячу туды, пад купал, купаючыся ў слупах белага святла.Куды знікла зараза смерці? Не, чалавек не звер на зямлі, калі можа ствараць такое. Стакрат варта паходзіць ад такіх продкаў і ўсім жыццём сваім імкнуцца стварыць нешта падобнае, наблізіцца да вечнай дасканаласці.Усё паўторна на свеце, і толькі ты адна непаўторная. Тысячы разоў яшчэ будуць ліць кроў і крыўдзіць, але хто, хто наважыцца пырснуць барвянай чалавечай крывёй на гэтыя белыя каменні, запэцкаць тваю белую нявіннасць і чысціню?!Я малюся невядома каму, і зноў мы пераходзім парог і бачым бязмежныя залатыя лугі. І я доўга-доўга стаю і гляджу на яе здалёк.Песня, песня з лугоў.І здарылася дзіва. Быццам нябачны град явіў позіркам адзінае, самае дасканалае сваё стварэнне, схаваўшы ўсё астатняе.І ззялі вакол лугі, і вясёлка абаперлася пятою ў ваду ля царквы, запрашаючы цуда ўзысці на аблокі і явіць сябе ўсім людзям.Не, продкі не адышлі. Яны тут і заўсёды прабудуць тут: як песня, якую мы атрымалі ад іх, як іхнія радасць і боль.Яны расквітаюць усмешкай на нашых вуснах, і іхні боль гэта наш боль. І калі мы плачам – мы плачам іхнімі слязьмі.Бо ніхто не ўцячэ ад іх, як не ўцячэ ад сябе.Бо ніякія галубы не загладзяць слядоў крыві на гэтых плітах.І ніякая хмара не заб’е майго імкнення да нябёс у слупах святла, якія заліваюць цудоўны храм на Нерлі.Продкі мае, любыя мае, мір вам.Мір вам з вашай тугою, з думкамі, якія зніклі, з клопатамі, якія не датычацца нас.Настане дзень, і мяне не будзе. Але свет не застанецца без слоў.

1 2 3 4 5