Сівая легенда

Унізе ярка палалі паходні, асвятляючы дзесятак вазоў. Будучая варта – чалавек трыццаць верхавых дваран, закаваных у латы, і пяць кірасіраў – трымалася трохі правей, ля брамы. З нізкіх дзвярэй, што вялі, відаць, у нейкае сутарэнне, даносілася бразганне молата – разбівалі ланцугі. А потым з гэтых дзвярэй пачалі выводзіць людзей – абадраных, зарослых. Яны ледзь ішлі.Вывелі дзесяць чалавек. Дзесятую я не адразу і заўважыў, такая яна была худзенькая. Выйшла яна сама і сама села ў дзесятыя, апошнія, драбіны. За ёй выйшаў закураны замкавы каваль з зубілам і молатам у руцэ.Паходня, якую трымаў шляхціц, кідала дрыготкія водсветы на гэтае дзяўчо ў белым. Я зверху бачыў толькі валасы, якія здаваліся мядзянымі, але на самай справе былі, напэўна, попельна-залацістыя. І твар цяпер адліваў бронзай, а ў натуры быў, вядома, бледны, як ва ўсіх пасаджаных пад замок.Мне стала неяк не па сабе. Мала душы ў людзях, вось што я вам скажу. І дзіўна толькі, як гэта бог яшчэ церпіць нашы грахі і нашу бессардэчнасць. Напэўна, за нямногіх праведнікаў. Ды вось толькі дзе яны?– Рыхтуйся, – скамандаваў капітан.Коннікі пачалі збірацца вакол вазоў, бразгаючы зброяй і пераклікаючыся.А я ўсё глядзў на гэтае хударлявае дзяўчо. Найбольш крыўдна, што і ногі ў яе былі пекныя, і ўсё астатняе, і рухі гожыя, – а гэта самая галоўная прыгажосць, калі не лічыць вачэй. Нельга такіх пад замок.– Пан, – крыкнуў каваль, – усе ўжо раскутыя. Да вазоў куць не трэба?– Не, – сказаў Кізгайла.І тут дзяўчына прыўзняла на яго вочы, і я ўпершыню ўбачыў яе твар. Бровы зламаныя, вочы вялікія, шэрыя, глядзяць, як алень на паляўнічага, безабаронна і стрымана. А рот велікаваты, і нос не зусім роўны.Няправільнае аблічча, і ўсё адно – такіх не забываюць.І, як здагадка, мяне кальнула іголкай у сэрца.– Ірына.Дык вось каго яны вывозяць! Рызыкаваць не жадаюць. Думаюць, што выручаць паляціць і зніме аблогу. Нядобра, паны.А ў яе вейкі задрыжалі і рот прыадкрыўся:– Радуйся, пан, радуйся, пані Любка, загубілі вы жыццё маё. Ды, відаць, ляціць сокал, калі вароны ўзграялі з перапуду.– Рушай! – махнуў рукой пан.І загрукаталі па плітах вазы, заскакала полымя паходняў. І стала ўсё гэта падобна на д’ябальскі шабас.А твар пані Любкі стаў зусім страшны, нават зубы выскаліліся не як у чалавека. І ўжо калі драбіны пачалі ўязджаць у браму – даляцеў адтуль добра чутны голас:– Запраданец. Юда. Веру прадаў, братоў прадаў. Хай згіне твой род.Астатнія ўзвылі на калёсах – шмат хто, напэўна, і гаварыць развучыўся. Але начальнік варты стрэліў некалькі разоў, і стала цішыня.А Кізгайла стаў пры апошніх словах такі страшны, якім я ніколі не бачыў чалавека: скулы абцягнутыя, вочы ўтрапёныя, губу закусіў.Любка паклала яму руку на плячо – скінуў. І адразу сагнуўся ў хрыбце.А ад брамы, з-пад самай аркі, той самы голас, усё яшчэ ціхі і на музыку падобны:– Здохні, Кізгайла. А потым упала за імі рашотка. Быццам адрэзала.І пайшоў да сябе ў пакой, не вытрымаў.Лёг на пасцель у ботах – назнарок – і назнарок стаў глядзець на свечку і думаць на сваёй мове. Я пачаў занадта шкадаваць гэтых чужых людзей і, калі шкадую, думаю па-іхняму. А гэта не на дабро.А я ж толькі ўраджэнец кантона Швіц. І наёмнік. Я служу за грошы, і не мая справа судзіць таго, хто мне плаціць. Вось калі ён пакіне мне плаціць – я яго самога прадам, каб заплаціць хлопцам, ды яшчэ і праламлю яму чэрап – за бессаромнасць.