Сівая легенда

– Што ж, – сказаў я, – біцца дык біцца. Я доўгі час атрымліваў вашу плату дарма. Праўда, лепей было б мне, як таму ўрачу, усё жыццё атрымліваць яе дарэмна. Але калі так ужо сталася – не трэба непакоіцца, пане.Я вырашыў не турбаваць людзей і даць ім выспацца. Толькі падвоіў каравул і паставіў каля спячых аднаго хлопца, каб па першым трывожным сігнале падняў усіх. А сам я, захінуўшыся ў плашч, сеў на забрале каля вартаўніка і яго дачкі і стаў драмаць, штохвілінна прачынаючыся. Гэтыя ночы, калі спіна прыхілена да дрэва ці каменя, былі мне вельмі знаёмыя. Засынаеш і раптам падаеш кудысь. Такія сны, напэўна, бачаць малпы на сваіх дрэвах. Але чым лепшы за малпу салдат-наёмнік? Дурное, агіднае рамяство – вайна. Такія думкі прыходзілі да мяне за апошні час усё часцей: відаць, я пачаў старэць. Я засынаў і прачынаўся, глядзеў на гэтую жанчыну, якую ніхто не прымушаў сядзець на муры, і бачыў яе закураны белы твар пад хусткаю, вачніцы ў ценях.Нічога няма прыгажэй за жаночы твар у прыцемку. Таму, напэўна, і кахаюць у гэты час.У адно з такіх абуджэнняў я ўбачыў, што ўжо не толькі светла, але вось-вось узыдзе сонца. За намі быў блакітны туманны Дняпро. Перад намі – роў, невялікае, ледзь узгорыстае поле, а далей – лясістыя ўзгоркі і сярод іх ружавеючая роўнядзь Святога возера.Сонца ўжо выкінула з-за лесу тысячы чырвоных дзід, заліло расплаўленым золатам маленькія воблачкі ля далягляду. Але я пазіраў не на яго.Поле за гэтую ноч, здавалася, абрасло маладым лесам. Па абодвух баках вялікай лагчыны сядзелі, хадзілі, ляжалі тысячы людзей. Дзіды, уторкнутыя ў зямлю, рацішчы1, адагнутыя ў шыйцы косы. Далей, каля лесу, сотні вазоў выставілі да неба свае аглоблі.Падымаўся ў бязвоблачную вышыню дым вогнішчаў. Мы бачылі як на далоні ўсё поле, акрамя шырокай лагчыны. Але, напэўна, і там былі дюдзі.На адным з недалёкіх узгоркаў стаяла кучка людзей. І гэтыя людзі былі не ў белай вопратцы, значыць, не мужыкі.У мяне добрая падзорная труба са шкельцамі галандскай ручной шліфоўкі. Я навёў яе на ўзгорак і ўбачыў трох чалавек.Сярэдні быў высокі і тонкі ў касці. На ім – барвяны плашч, што падаў амаль да зямлі. Доўгія, да плячэй, валасы, ладная пастава, вельмі вузкія клубы. Гэты чалавек нешта казаў двум другім, паказваючы рукою на муры. Поруч з ім стаяў юнак ці малады мужчына, крыху падобны да сярэдняга. На ім былі светлыя латы і таксама плашч, толькі блакітны. А з другога боку стаяў каржакаваты чалавек, ніжэйшы за іх ростам і моцна сутулы. Ён быў без барады і вусоў, хоць па гадах мог быць бацькам маладому. На бязвусым латы былі цёмныя, а плашч зялёны з чорным.– Дай, – сказаў мне Кізгайла, які зноў выйшаў на мур.Ён прынік да трубы, аж падаўся наперад.– Яны, – сказаў ён пасля нядоўгага маўчання. – Той, што ў барвяным, – сам Раман, ваўчына драпежная. Ну, пападзіся ты мне – я табе пакажу, як гэта быдла ўзнімаць.– А астатнія?– У светлых латах – Лаўр, з Раманавай варты. Байструк.– Яны чамусьці падобныя.– Баюць, што там не абышлося без Якуба, якога я на той свет адправіў. А чорны – Пятро, таксама брат Раманаў. Родны... Адроддзе дэйноўскае! Здохлага зубра запалявалі...Лаянка Кізгайлы мне здалася непрыстойнай. Усякае нараджэнне законнае, калі ад яго нараджаецца добры воін ці дзеўка, створаная для радасці і кахання.А лаяцца тым, што людзі родам з былога Дэйноўскага княства, краіны лясоў і балот, і зусім бязглузда.