Сівая легенда

Божа! Цяпер я зразумеў усё. Зараз і ад тых, што наперадзе, не застанецца мокрага месца. Гэтыя падазрона слабыя лесвіцы, гэты натоўп, што загадзя асудзіў сябе на смерць, гэты коннік, якога наганяе сотня, – усё гэта было падсадкай, усё гэта было прыманкай. І капітан, як пячкур, папаўся на гэтую вуду, на хітрыкі гэтага азіята і варвара. Варвар мог цяпер быць спакойны наконт конных вылазак.– Дык прападай жа, дурань, – плюнуў я са злосці.Парадзелая больш чам напалову сотня адхлынула нарэшце ад дзівоснай спаруды і пачала адступаць да муроў, спадзеючыся, як сказаў нейкі пісака, “больш на шпоры, чым на мячы”.Іх падбадзёрваў роў з муроў, але я ўжо ведаў, з кім мы маем справу, ведаў, што гэты не выпусціць іх так проста са сваіх рук. Я здзівіўся толькі аднаму: што магло прымусіць гэтых, з лесвіцамі, пайсці на справу, якая не абяцала жыцця, а толькі смерць? Напэўна, нясцерпным стала жыццё.Рэшткі атрадаў кірасіраў скакалі на ўсю моц, а я ўсё паўтараў сам сабе:– Не спадзявайцеся, гэты не выпусціць, гэты не з тых.І я не здзівіўся, калі з лагчыны, напярэймы адступаючым, вылецела конніца. На чале яе імчаў чалавек у барвяным плашчы са сваімі двума спадарожнікамі. І было гэтых конных людзей не больш за дзве сотні, але я пазнаў па шэрых ваўчыных шапках з заломам на левае вуха, што гэта за людзі.Так носяць шапкі толькі конныя пастухі, што вандруюць з панскімі чародамі па ўсіх пясчаных і вапняковых пустэчах гэтай зямлі.Божа, умяшаліся ў бойку нават гэтыя людзі, што ўдарам канца карбача1 па носе забіваюць ваўка! Каго ж ты не пакрыўдзіла, панства гэтай зямлі?!.Я ўжо амаль не глядзеў, як яны дагналі кірасіраў, урэзаліся ім ва фланг, змялі і адрэзалі ад замка. Я толькі глядзеў, як гэты барвяны д’ябал арудаваў двухручным мячом – па-даўнейшаму.І яшчэ бачыў я, як чорна-зялёны, быццам тванню запэцканы, галаморды Пятро – у яго, як у многіх дэйноўцаў, кепска расла барада – збіў сваім канём цяжкага каня капітана, на хаду выхапіў кірасіра са страмёнаў, перакінуў яго цераз сядло і загікаў, засвістаў разбойніцкім посвістам, памчаў прэч ад месца сутычкі – каб не адбілі.Не ўцёк ні адзін кірасір, яны расправіліся з імі хутка, як галодны швейцарац з засмажаным трусом. Частка засталася ляжаць на зямлі, і з іх на месцы здзіралі латы, частку пагналі на вяроўках у бок лясістых узгоркаў.А гэтыя прыскакалі амаль да самых муроў і пачалі нахабна гарцаваць пад імі. Пасля я ўжо і сам не мог разабрацца, хто каго лае – такія праклёныя сыпаліся з муроў і з поля:– Зямлянікі, рыдлёўшчыкі!– Воўчая сыць! Недаедкі!– Студні салілі!– Шклоўскія іспанцы!– Недасекі! Сабаку з’елі!– Хамаўшчына чарнаногая!– Гудзі, дуброва, едзе князь па дровы! Матку на суку-харта змянялі! Польская косць, ды сабачам мясам абрасла!Я загадаў страляць, але тыя так і пырснулі на ўсе бакі. Чалавекі тры звалілася, ды і тых яны падхапілі на ляту, забралі.Цяпер мы маглі страляць без апаскі. І мы стралялі з гадзіну па асобных кучках людзей. Трымаліся яны нахабна. Два праехалі пад самымі мурамі на кірасірскіх конях і ў латах. Адзін – на кані, пакрытым замест падкладкі ксяндзоўскай рызай (з Рагачыка, відаць, узялі).Я супакоіўся, нават перамаргнуўся з Дар’яй, што блукала па двары. Усміхнулася і яна мне.Тыя таксама, відаць, адпачывалі.А потым стала не да адпачынку. Таму што вазы, тыя самыя, акутыя, пачалі паўзці з-пад лесу да цытадэльных муроў. Іх кацілі надзейна прыкрытыя мужыкі.