Сівая легенда

Зноў з’явілася конніца і замаячыла па ўзгорках. Так, з вазамі яны прыдумалі хітра, амаль як чэшскія ерэтыкі калісьці. Праўда, “Вагенбург” Ракутовіча быў лягчэйшы і, відаць, больш рухомы. Калі ён прапоўз палову адлегласці да крапасных муроў – мы пачалі паліць па ім з гармат. Пару разоў трапілі. Але праз імгненне адтуль таксама грукнулі гарматы, шэсць штук, роўна столькі, колькі было на мурах у Рагачыку.Пырснулі каменныя асколкі ля самага майго твару, паваліўся і застагнаў адзін з маіх хлопцаў.А яны палілі, пасоўваючыся бліжэй і бліжэй. Абваліліся два-тры зубцы на сцяне.Пятро, які нешта гарланіў пушкарам, раптам шалёным намётам памчаў да Жабінай Вежы. Асадзіў каня і, прымушаючы яго гарачыцца, закрычаў дурным матам:– Здавайцеся, штурмаваць будзем!Кізгайла вырваў у пушкара, што наводзіў гармату, фіціль, вылаяўся, сунуў яго ў запальнік. Пашча гарматы вырыгнула агонь.Мы пачулі глухі ўдар. Потым на тым самым месцы, дзе куражыўся Пятро, устаў косы, завіты, як гляйсар, слуп дыму. Конь узняўся на дыбкі і перакуліўся на спіну, прыціснуўшы сабою седака.Муры завылі трыумфуючы.Я не бачыў, як яго падхапілі, – агонь стаяў жахлівым. “Вагенбург” усё набліжаўся, і поле за ім варушылася: ішоў народ. Зноў неслі лесвіцы.... Прыйшла наша чарга. Я загадаў Аўгусту Тухеру, адзінаму сярод нас немцу, стаць на маё месца, сачыць за боем і падаваць мне сігналы гукамі ражка, а сам спусціўся да брамы. Вылазка стала неабходная бо мая абарона – гэта напад. “Вагенбург” трэба было знішчыць. Трэба было пазбавіць іх гармат.Мы выйшлі з крэпасці і рушылі на іх трыма плутонгамі, па чарзе страляючы цераз галовы пярэдніх. Яны кінуліся на нас утрапёна, але швейцарца цяжка збянтэжыць. Мы вялі свой беглы агонь і ішлі.Нядобра выхваляцца сваімі дзеяннямі, і я скажу толькі, што мы прымусілі да ўцёкаў пярэднія гурты, праніклі да “Вагенбурга” і закляпалі тры гарматы з шасці.А потым прыйшла расплата.З дыму, што, як коўдра, укрываў поле, паказаліся раптоўна конныя і пешыя гурты ў белым. Іх было многа. І наперадзе ішоў чалавек, які трос двухручным мячом. І яны ішлі не спяшаючыся, а над іхнімі галовамі лунаў дзікі і суровы харал:Пан бог цвярдыня, Цвярдыня мая, Узняў ён длань маю.Як Давід на Галіяфа – Узняў.Вось мой народ, Як ільвіца, устае.Пан бог над намі, З намі ў гневе, З намі ў гневеНаш народ.І раптам яны кінуліся наперад. Гэта была нібы лавіна.– Святы Юры! Русь! – крыкнуў Ракутовіч, і конь Лаўра шарахнуўся ў бок ад гэтага страшнага голасу.Яны сутыкнуліся з намі, і нас не выручылі нашы дзіды, абцяжараныя целамі, абсечаныя кароткімі кордамі мужыкоў.Ракутовіч сек двухручным мячом. І яго атрад не адступаў ад яго. А мы падаваліся задам, захлынаючыся сваёй і чужой крывёю. Падаваліся занадта паспешліва, каб гэта можна было назваць адступленнем.Хутка за намі, патрапанымі і зраненымі, з трэскам зачыніліся форткі брамы. Я ўцякаў другі раз: першы раз пры Брэйтэнфельдзе1 – я быў тады ў імператарскай арміі, і намі камандаваў Цілі, а супраць нас быў шалёны швед – і тут, ад мужыкоў.І я не стыдаюся гэтага. Калі б гэтаму варвару даць тых самых утрапёных мужыкоў, але закутых у латы і ўзброеных сталлю, ад яго ўцякаў бы і сам Густаў2. На наша шчасце, у іх былі мяккія шапкі з вяровачным шаломам паўзверх. Гэта ратавала іх ад удару шаблі, але не ад дзіды і свінцу.А потым пачалося пекла аблогі: лесвіцы, што паўзуць уверх, агнявыя патокі смалы, каменні.