Сівая легенда

Мы кідалі таксама гліняныя збаны з чалавечым калам. Гэта прыдумаў Кізгайла, і гэта была добрая выдумка, бо я не бачыў людзей больш ахайных, чым русіны. Яны тройчы ў тыдзень мыюцца ў сваёй лазні, змываючы з сябе выпарэнні. А па суботах яны ператвараюць гэта ў свяшчэннадзейства, хвошчуць адзін аднаго венікамі, п’юць ягадныя воды і качаюцца ў снезе. Таму яны заўжды моцныя і здаровыя, і, кажуць, гэта вельмі спрыяе добрым паводзінам у ложку. Аднойчы я паспрабаваў залезці на гэты іхні “палок” і скажу вам, што свінец і агонь, якімі асыпалі нас пры Бургштале паблізу Вольмірштэта, дзе нас упершыню адлупцаваў швед, – дзіцячыя забаўкі ў параўнанні з той лазняй. Я адчуваў сябе, як у пекле.Але не было выдумкі горш за гэту, бо, скажу я вам, гэтыя людзі надта адчувальныя да абразы. Іх не так абражала унія і зняслаўленыя цэрквы, як тое, што іхніх праваслаўных нябожчыкаў не дазвалялі вывозіць з горада іначай, як праз тую браму, праз якую вывозілі нечыстоты і іншы бруд.Гэты штурм! Я радаваўся толькі таму, што, як заўсёды падчас бойкі, думаў на мове маёй радзімы. Гэта добра.Але ўсё адно жахлівей не было нічога. Падалі лесвіцы, а яны лезлі і лезлі, як чэрці, і хутка сеча закіпела на мурах.Кізгайла, я і мае людзі секліся адчайна, але яны цяснілі нас, а наперадзе іх выў і крыўляўся сівы і маленькі, як кобальд3, чалавечак у рыззі – іхні святы.І яшчэ бачыў я, як сек двухручным мячом дэман у барвяніцы. Яго скінулі ўніз разам з лесвіцай, але яна зачапілася за рог вежы і спаўзла ўніз, і ніхто, здаецца, не загінуў.Мужыкі з навакольных вёсак сцякаліся на ўзгоркі і глядзелі на пабоішча, як на бойку ля шынка.– Зляцелася груганнё, – хрыпеў Кізгайла, гледзячы на іх і з нянавісцю адбіваючыся ад тых, што нападалі.Потым ён кудысьці знік.А нас адцяснілі да сцяны глухой Саляной вежы, і тут мы, сорак швейцарцаў, стаялі, ашчацініўшыся зброяй, і рыкалі на абкружаўшых нас ворагаў.Гэта было ўжо толькі справай гонару, таму што абараняць не было чаго.Замак быў узяты.Дзіды абкружалі нас з усіх бакоў, нават зверху, з забрала сцяны. Варта было нам вякнуць – і з нас зрабілі б вожыкаў. Нас засталося сорак. Астатніх забілі альбо ўзялі ў палон. Вачыма, затуманенымі стомай, я ўбачыў, як перад намі з’явіўся Лаўр у светлых латах, у блакітным плашчы, у блакітных саф’янавых чаравіках, усмешлівы, млява-зняможаны, быццам не з сечы, а са спаткання. Ён крыху нагадваў архангела Гаўрыіла, і гэты архангел кінуў нам словы, поўныя лянівай паблажлівасці:– Кідайце зброю, ці што.– Не, сынок, – адказаў я, – не ты нам гэтую зброю даў, не табе і загадваць.– Не строй дурня, бацька, пашкадуй хлопцаў.І раптам аднекуль з вышыні, з балюстрады, пачуўся безжыццёвы голас:– Складзі зброю, Канрад, я дазваляю. Ты зрабіў усё, што мог.Гэта быў голас Кізгайлы. І я ўбачыў пана на балюстрадзе. А за ім стаяў Дамінік з дзідай. І Дамінік кінуў зверху да ног Лаўра ключ і крыкнуў:– Трымайце. Я замкнуў дзверы ў кутні пакой.– Які пакой? – узняў бровы Лаўр.– У той, адкуль падземны лаз.Я апусціў галаву. Дзіўнае чынілася тут. Гаспадар хацеў уцячы, пакінуўшы нас на ярасць мужыкоў. А схілены ім да каталіцтва мужык, яго апора, не даў яму гэтага зрабіць. І тады я наступіў нагою на свой клінок і зламаў яго, а кавалкі кінуў да Лаўравых ног. Нас абяззброілі. А Кізгайлу, напэўна, разарвалі б на месцы, каб не зарыпелі форткі брамы і не заляскалі ланцугі моста, які апусціўся. Я ўбачыў проста перад сабою дарогу, гурмы людзей па абодва бакі і конніка на белым кані, што ехаў да брамы. Твар яго быў запэцканы сажай, барвяны плашч раздзёрты, але вочы палалі агнём, што ўсяляў жах.