Сівая легенда

Часам мне здаецца, што сатана менавіта тут абараняўся ад усявышняга і што менавіта гэты пагорак бамбардзіравалі каменнямі яго анёлы. Чалавеку цяжка ўзвесці такое.Пад’ёмны мост, брама з падвойнымі кратамі, муры вышынёю ў сорак пяць локцяў. А над імі, яшчэ вышэй, тры вежы.Імя ім: Саляная, Стралецкая і Жабіна.Унутры хапае месца для жылля, стайняў, палаца, дзвюх цэркваў і іншага, чаго і не злічыць. І гэта звачайны замак двараніна, нават не першага па багаццю і знатнасці. Бог няроўна дзеліць: ён дае порткі менавіта таму, у каго яны будуць спадаць з мізэрнага азадка.У гэты вечар над вежамі свяціў месяц – такі пяшчотны, аліўкавы, ружовы, – так бы і з’еў яго. А ў байніцах таксама сям-там гарэлі агеньчыкі. І на сэрцы было лёгка, таму што ў нас, ваякаў, ад нараджэння заўсёды лёгка на сэрцы, калі мы жывыя.У адказ на трохкратны гук нашага рога з вежы над брамай тройчы праспявала дуда, і гукі яе ў майскім вячэрнім паветры таксама былі асабліва сумнымі і празрыстымі. Гэта было такое паветра, што яго хацелася піць. Хрушч ударыўся аб маю кірасу і ўпаў на грыву каня, бездапаможна перабіраючы лапкамі. Хрушчы на гэтай вар’яцкай зямлі зусім такія, як на маёй радзіме, – гэта трохі прымірае.На майго каня ўпаў прамень святла са спадзорнага акна.– Хто ідзе?– Святы Юры і Русь, – сказаў я звычайны кліч воінаў гэтай зямлі.– Дзякуй богу, – стаў жагнацца вартаўнік брамы. – Чакалі вас.Пачалі круціць калаўрот, разышліся акаваныя жалезам дубовыя форткі, павольна папаўзла ўгору рашотка.Нас сустрэў сам гаспадар – рэч небывалая. Я недарэмна намякаў на людзей, у якіх спадаюць порткі. Кізгайла якраз такі. Яму трыццаць чатыры гады, і ён худы, як бядняцкая каза. Але моцны і жылісты. Ён паспрабаваў узяць майго каня за повад – здорава яму прыперла, калі ён аказвае наёмніку такую павагу, – але я спешыўся і сам павёў каня.Кізгайлу мне давялося бачыць не больш як тры разы, я быў толькі яго кулаком у Быхаўскай акрузе. Нядаўна ён ажаніўся, я яшчэ не бачыў яго жонкі.Але нават я здзівіўся той змене, што адбылася з ім. Спіна сагнулася, твар жоўты не па-чалавечы, вочы, як у вар’ята. А быў жа ладны і станісты. І пастава высакародная. – Ты добра зрабіў, што паспяшаўся, Канрад, – сказаў ён, – у мяне вялікая бяда.І змоўк. І маўчаў, пакуль хлопцам не адвялі жыллё, пакуль не выкацілі ім бочку віна і не накармілі тлуста і смачна.Я глядзеў на яго высокі вузкі лоб, на валасы, ледзь падвітыя на канцах, але без бляску, бы ў сухотніка якога-небудзь, на вузкія карыя вочы і думаў: “Вось і зразумей цябе, чорта, што ў цябе ў галаве”.Гэтых людзей нельга зразумець. То яны маўчаць, то загадваюць без дай прычыны загнаць добрых коней. Калі ўсіх напаілі і накармілі, ён падаў мне знак ісці за ім. Мы ішлі бясконцымі пераходамі і вісячымі галерэямі, ён ціха, як кот, я грукочучы, як вядро на цыганскім возе.На вісячай пляцоўцы, вельмі прыдатнай для агляду, ён раптам спыніўся.– Як ты думаеш, Цхакен, ці доўга можна абараняць такі замак?Я паглядзеў на гмах, заліты месячным святлом, на кучы каменняў, што абцяжарвалі забрала, на вежы, што лёгка і трывала стаялі на зямлі.Я ведаў, што на гэтых мурах устаноўлены два дзесяткі гармат і пры іх, як сцвярджае роспіс, ёсць дзесяць custodes arcis et bombardarum magistros1.А каб жэрці і піць, дык гэтага ў склепах хопіць на ўсіх – хоць год сядзі.І ўсё ж я спытаў, якія сілы ёсць у замку акрамя маіх малайцоў. Ён адказаў, што на другім замкавым двары стаіць сотня конных кірасіраў.