Сівая легенда

Народ выў. Я бачыў змардаваныя твары, па якіх цяклі слёзы, і іншыя твары, ярасныя. Але і на тыя і на другія было страшна глядзець.– Раман! Нарог божы! – Роў рабіўся нязносны. – Ратуй! Дай зброю! Рай будуюць на нашым пекле! Ратуй нас! Ратуй!Я ўбачыў, як некалькі чалавек кінуліся цалаваць сляды капытоў яго каня, і, слова гонару, гэта не было смешна.А ён крычаў у адказ сваім страшным трубным голасам:– Праваслаўныя, усё бярыце! Зямля – ваша, хлеб – ваш, вера – ваша! І доўбні – вашы! А гэтым нечасціўцам – меч!Але нават яго голас заглушыў роў і крыкі “ратуй!”. Калі ён мінуў арку брамы і ўехаў у двор – да ног яго каня сталі шпурляць скручаных шляхціцаў, усіх, хто ўцалеў пасля бітвы на мурах.А народ усё роў, і тут я ўпершыню пачуў, як выгукнулі тое яго імя, якое праз месяц стала крылатым:– Барвяны ўладар! Барвяны ваяўнік!Конь мерна ступаў паміж целамі, і капыты звонка білі аб камень. Белы конь з залацістымі вачыма. А гэты сядзеў на ім як уліты. Бачыў я грыву непаслухмяных і бліскучых попельных валасоў, што адлівалі золатам, ёмісты чэрап з вялікім ілбом, цвёрда сціснуты вялікі рот, жорсткія жаўлакі на шчоках, прамы і крыху кірпаты нос.Аблічча, што наганяе жах. Але жахлівей за ўсё былі вочы, незразумелыя па колеру, то шэрыя, то сталёвыя. То залацістае ў ім прамільгне, то нават трохі зялёнае, раз’юшанае. Доўгія, светлыя, незразумелыя вочы.І гэта галава была закінутая назад, бы ў нязмернай гардыні, а жылістая рука ўладна сціскала павады. І конь адчуваў гэтую руку і ішоў палухмяна, дрыжучы кожнай жылкай, касавурачы шалёным вокам і стрыгучы вушамі.Потым я даведаўся, што такая пасадка галавы ад нараджэння, а позірк ад неастылага яшчэ ап’янення бітвай, але тады ён здаўся мне такім жахлівым, што я жахнуўся за кожнага, кінутага да яго ног. Конь стаў пасярод распластаных цел. А ён сядзеў і глядзеў на мяне.– Найміт, – усміхнуўся ён. – Але ты добра біўся. Развяжыце іх.Народ кінуўся выконваць яго загад.– Хочаш служыць мне?– Не, пане.– Называй па імені. – Не, Раман.– Правільна, сорам ад аднаго гаспадара адразу пераходзіць да пераможцы. Ты эшчэ не да канца запрадаў душу. Вось табе загад: вартуй пакоі…І ўзвысіў голас:– Рабунку не будзе, людзі. Лаўр, падлічы хлеб, срэбра, худобу. Падзялі на дзве паловы. Адну няхай бяруць мужыкі і раздзеляць па беднасці. Ад другой паловы трэцюю частку – на зброю і харч, а дзве трэці – падзяліць паміж сем’ямі тых, хто браў замак. Па храбрасці. І не забудзь тых, што загінулі ля фальшывых лесвіц.Змоўк на імгненне.– А замак не ўзрывай. Ён нам яшчэ можа спатрэбіцца.Народ адказаў радасным ровам. Паляцелі ўгору магеркі і ваўчыныя шапкі.– А з гэтымі што рабіць, Раман? – спытаў мужык з рацішчам.– Шляхта, – быццам упершыню заўважыўшы, сказаў ваяўнік. – Паглядзіце, што ў іх на шыі. З праваслаўным крыжам – пакіньце заложнікамі. У каго рымскі агнусек1…Ён замяўся:– Хай мужыкі і сярод праваслаўных, і сярод католікаў адшукаюць злых. Аддаю іх у вашы рукі. Добрых – пусціце на ўсе чатыры вятры і адбярыце слова не чыніць шкоды. Няхай крыж цалуюць. Астатніх – у заложнікі.Пачалася сумятня. Хутка меншую частку палонных павялі за браму – далей ад граху. Засталося чалавек сорак, і сярод іх Крот.– Пастаўце на калені, – сказаў Ракутовіч, – няхай і яны на мужыкоў знізу паглядзяць.Крот супраціўляўся як мог. Твар яго быў наліты крывёй і, калі выбарнага ўсё ж паставілі на калені, стаў жахлівым.