Сівая легенда

– Сволач, прадажнік, блакітнай крыві здрадзіў! Ну, трымайся, Раман! Забыў, хто ў краіне станавы хрыбет? Нобілі, баярства, дваране! Яны табе даруюць, думаеш?– Ваша дараванне – сабаку пад хвост, – загрымеў Ракутовіч. – Мужык – станавы хрыбет усяму. А вы яго ў пекла ўвергнулі.Крот выгінаўся ў дужых руках, спрабуючы ўстаць. Ён ужо не крычаў, а хрыпеў:– Юда! Ці не мужыцкая зязюля пабывала ў тваім гняздзе? Юда!На лбе Ракутовіча набракла жыла. І такога голасу я таксама яшчэ ніколі не чуў. Ціхі, ён узняўся на канец да трубнага:– Аспід. Васіліск. Выпоўзіна змяіная. Ты ці многа разумееш у гонары? Ваш гонар у Варшаве Жыгімонту пяткі лізаў. Ваш гонар адзінаверцаў маскоўскіх пад Воршай разграміў і пакуты ім чыніў смяротныя. Ваш гонар сваіх беларусцаў на прэнг вешае. Да чаго вы народ русінскі, божы народ, давялі ў подласці сваёй? Дзеў на чужацкі ложак шпурнулі. Краіну ўсю! Слёзы яе вам сэрца не абцяжарваюць?! Веру змянілі, хрыстапрадаўцы! Народ прадалі, гандляры! Сваімі рукамі пятлю на яго звілі ды самі і надзелі. Ва ўніжэнні, ва ўціску ён небу вапіе, а вы лікуеце!І захрыпеў горлам:– Я дваран здрадзіў, а ты здрадзіў край. Мне гарэць, а табе пакі. Ды мне, можа, яшчэ і даруе пан бог, бачачы, што скроні ў мяне ад мучэнняў сівеюць. А табе – няма літасці.– Ды не бядуй ты так, – жаласна сказаў мужык. – Кажы, што рабіць з імі, ды і канцы.– Твая праўда, – сказац Раман, – вядзіце іх за муры. Пад корань!Натоўп закіпеў, цягнучы пад арку палонных. Цішу прарэзаў чыйсьці немы лямант. Потым усё сціхла.Сціхла таму, што пад арку з-за муроў ішло павольнае і маўклівае шэсце. На плячах мужыкоў плылі насілы з вялізным каржакаватым целам Пятра.Распасцёрты на іх, велічэзны, з закінутым падбароддзем і раскіданымі валасамі, ён павольна плыў нагамі ўперад. Латаў на ім не было. Чорна-зялёны плашч прыкрываў калені, што тырчалі ўгару.Знялі шапкі. Раман прыдушаным голасам спытаў:– Панцыр дзе?– Знялі, бацька.– Правільна. Жывому жывое. У нас мала.Пад’ехаў да насіл, схіліўся:– Прабач, брат. Не ўбярог я цябе. А ты – спі. Усім спаць… Многім – скора.І, падняўшы галаву, абвёў шляхту вачыма, пасвятлелымі і жорсткімі. Потым слізгануў позіркам па шасцёх чалавеках у шэрых расах, што смірна стаялі каля сцяны, узняўшы вочы ўгору. Поруч з імі стаяў служка з біклагай ля пояса.– І вы тут? Прыпаўзлі, гaды. Доўга ж вам дазваляе бог сваім імем празывацца.Калі ён пацалаваў нябожчыка ў лоб, я ўбачыў, як дрыжалі яго вусны.– Падлу цалуе, – выразна даляцеў голас з натоўпу дваран. – Сам скора падлай будзеш.Ракутовіч узняў галаву, агледзеў стракаты ад парчы натоўп.– Плахі сюды, – свісцячым шэптам сказў ён і раптам выбухнуў: – Плахі!!! Спявай памінальную, поп! І вы, шэрыя расы, спявайце. На сваёй д’ябальскай гаворцы.Іякінф заспяваў. Да неба панесліся гукі памінальнай абедні. А ад сцяны ціхмана і здаўлена загучалі іншыя гукі, нязладжаныя басы:– Dies irae, dies illa, dies magna et amara valde1.Мужыкі прыцягнулі ўжо тры сасновыя калоды і кінулі іх перад капытамі белага каня. Але Ракутовіч раптам апусціў галаву.– Добра, – сказаў ён, – не трэба плах. Не нам пэцкаць сякераю рукі. Гэтая сволач не храбрэйшая за жанчын… Вазьміце іх, мужыкі. Дваран пацягнулі далей пад арку. Большасць маўчала, разумеючы, што пажынае свой пасеў.– А гэтага куды? – спытаў пастух у ваўчынай шапцы, паказваючы на Кізгайлу, якога ўжо звялі з балюстрады.– Гэтага не чапай.