Сівая легенда

– Дай мне яго забіць, – сказаў пастух, – з-за яго ў мяне брата павесілі.– Ведай сваё месца, Іван, – суха сказаў Ракутовіч, – гэта мой вораг, не твой.Два ворагі глядзелі адзін на аднаго. І ў аднаго не было ў вачах боязі, а ў другога – злосці. Кізгайла стаяў, прыняўшы самавітую паставу, разумеючы, што яго ўжо нішто не ўратуе.– Ну вось, – сказаў Раман, – ты думаў, я не дабяруся да цябе, Кізгайла? А я тут, і я разграміў тваё гняздо.Адзін вецер бязважна гуляў каштанавымі валасамі Кізгайлы і грывай Ракутовіча, Кізгайла дыхаў гэтым ветрам і адказаў не адразу:– Чаму ты не выклікаў і не забіў мяне тады?– Вас усіх трэба пад корань – вось што я падумаў тады... Дзе Ірына?– Ты не знойдзеш яе, Раман. Яна цябе ніколі, ніколі на пабачыць. Родам панскім на зямлі клянуся. Я адправіў яе далёка, куды ты не дастанеш.– Я дастану... Як да цябе дастаў.– Ты і без гэтага пакараў мяне, – на твары Кізгайлы я ўбачыў тую самую маску, што ўначы, калі Ірына кідала яму праклёны. – Дык забівай ужо да канца. – Усміхнуўся: – Толькі для мяне трох плах зашмат, Рамане. Усіх трох крывёю аднаго не напоіш.– Я не буду сячы табе галавы. Я проста зраблю тое, чаго не зрабіў тады. Прымай выклік. Лаўр, дай яму каня.Вочы Кізгайлы загарэліся:– А калі я цябе звалю?– Тады ты будзеш вольны. З жонкаю. Чуеце, мужыкі?! Я слова даю.Кізгайла кінуўся да гнядога каня, якога падвёў яму Лаўр, коршакам узляцеў у сядло.– Ну, тады трымайся, Ракутовіч! Я табе за дваранскую ганьбу адплачу. Шаблю мне!– І мне шаблю. Горшую. Каб не выхваляўся потым.– Мужыкі, – загарланіў Лаўр, трасучы хваляй валасоў, – а ну, лезь куды вышай. Ачышчай месца.Народ з гаманой і смехам палез на балюстраду, на лесвіцы, на забрала. Адусюль глядзелі зверавата-лагодныя вусатыя морды.Коней развялі па кутах двара. Кізгайла, прыгнуўшы галаву, шнарыў вачыма па постаці ворага. Ракутовіч спакойна чакаў. – Давай, – махнуў рукою Лаўр.Цішу раздзёр звонкі пошчак капытоў. Ворагі рынуліся адзін на аднаго, сутыкнуліся, скрыжавалі сталь.Дзве блакітныя палосы затрапяталі ў паветры.Секлі, выварочваліся з-пад удараў, з запалам хакалі пры кожным удары.– Трымайся, Рамане, – з экстазам выў Кізгайла, выскаляючы зубы.– І ты трымайся, – з прытоенай нянавісцю адказаў Раман.– Блакітную кроў спахабіў.– Людажэр. Напіўся дзявочых слёз. Вось табе...Звон зброі аддаваўся ў мурах і запаўняў увесь двор, як на бяседзе ў таго грэцкага прахвоста, калі даводзілася ганяць птушак.Раман ужо два разы зачапіў Кізгайлу. Абодва разы мы выразна пачулі трэск лат. Нарэшце Кізгайла злаўчыўся і рассек на Ракутовічу шалом. Рана была, напэўна, неглыбокая, але струменьчык крыві прасачыўся праз падшаломнік і павольна папоўз цераз правае брыво Рамана, закапаў на жалеза нагрудніка.– Вось табе першая метка, – зарагатаў Кізгайла, – выкласці б цябе, сукінага сына.І тут Раман, сціснуўшы зубы, кароткім і моцным ударам адбіў правую руку Кізгайлы ўбок.Яго шабля занеслася і бліскавічна слізганула ўніз.Мы пачулі Раманаў крык:– За Ірыну табе, ваўкарэз.Раздаўся глухі ўдар. Цела Кізгайлы хіснулася ўбок, потым павольна перавярнулася ў паветры і ўдарылася спіной аб пліты.Шабля вылецела з непаслухмянай рукі і, звонячы, заскакала на каменнях.Чырвоны, разгарачаны, з валасамі, якія зліпліся на лбе, высіўся над забітым Раман. І я не заўважыў на яго твары радасці, звычайнай для пераможцы. Ён працягнуў руку і здзічэлым хрыплым голасам кінуў адно слова: