Сівая легенда

– Піць.Служка, што стаяў побач з шэрымі манахамі, спешна сарваў з пояса біклагу і, усміхаючыся ліслівай і жалкай усмешкай, стаў наліваць з яе віно ў вялікую срэбную чару, якую дастаў з-за пазухі. Потым трушком падбег да Ракутовіча.Рука Рамана імпэтна схапіла чару.І тут Лаўр зноў здзівіў мяне. Яго скуласты прыгожы твар стаў раптам грубаваты і халодны. Ён паклаў руку на локаць Ракутовіча:– Не пі, гаспадар.– Гэта чаму? – Раман здзіўлена глядзеў у шэрыя доўгія вочы хлопца. А ён ужо перавёў упарты позірк на аднаго з манахаў. У таго былі таксама шэрыя халодныя вочы, толькі пад вялікімі верхнімі павекамі, і ён спакойна вытрымаў позірк Лаўра.

– Хлопчык непакоіцца, – з халоднай кплівай усмешкай сказаў езуіт. – Ну што, дайце віно мне. Вып’ю я. Яно такое ж чыстае, як кроў Хрыстова.– Дурная галава, – з грубаватай пяшчотай працягнуў Раман, – хто ж гэта скурай рызыкаваць будзе? Кеміць трэба.– Дайце. Дайце мне, – спакойна сказаў езуіт.– Ну не. Ты не працаваў, табе потым, – і Раман пацягнуўся да віна.– І ўсё ж не пі, – упарта сказаў Лаўр.Вочы яго з-пад доўгіх, як стрэлы, вей глядзелі падазрона і пільна.– Глупства.– А я кажу – не пі!І ўзмахам рукі выбіў чару з рук Ракутовіча. Пунсовы, як кроў, цурок слізгануў па беласнежнай скуры каня. Бразнула чара. Расплылася па каменнях чырвоная лужынка.– Ну і дам я табе зараз лупцоўку, – сказаў Раман.– І дай. А іхняе віно ўсё адно няможна піць. Ніколі.– Хлапчыска дурны.У гэты час вялікая белая хортая Кізгайлы, цемнавокая і дрыжачая, як спружына, пацягнулася падціснутым жыватом, падышла, стукаючы кіпцямі, да конніка і, соладка прыжмурыўшыся, лізнула лужынку языком. Потым лягла, паклала доўгі шчыпец на складзеныя крыжыкам лапы і зажмурылася, уздрыгваючы бровамі.– Бачыў, – хітнуў галавою Раман, – у пса разумення болей.Лаўр усё глядзеў на езуіта. Потым падышоў да хортай і штурхнуў яе нагою. Яна бязвольна, як ватная, асунулася набок.– Бачыў, – перадражніў Лаўр. – У пса разумення болей. Столькі, колькі ў цябе, бацька.Ракутовіч не звярнуў увагі на дзёрзкасць. Ён глядеў на жывёліну, вокамгненна забітую ядам. Потым перавёў позірк на езуітаў:– Што ж вы, панотцы, маруднага яду не ўзялі? Каб праз тыдзень забіў. Не знайшлося? Каб ведалі – прыгатавалі б?Веі-стрэлы Лаўра сярдзіта дрыжалі. Ён, надзьмуўшыся, глядзеў на манахаў. А езуіт усміхнуўся і па-ранейшаму спакойна адказаў:– Так, трошкі сарвалася. Не пашанцавала збавіць гэты няшчасны край ад лішняй смуты. Але цябе нішто не зберажэ, Раман. Пры жаданні і ў яйка можна пакласці адплату.І ўсмешка яго была разумнай, з’едліва-хітрай і чымсьці нават прыгожай.І Раман паглядзеў на яго таксама з усмешкай, якая, аднак, адразу знікла.– Маладзец.Я не разумеў, чым можа скончыцца гэтая сцэна, але ў гэты час Дамінік падвёў да ног Раманавага каня пані Любку і капуцына Фелікса.– Канчай і гэтых адразу, бацька, – змрочна сказаў ён.– З бабамі не ваюю, – кінуў Раман. Любка глядзела на яго нейкім незнаёмым мне шырока адкрытым позіркам.– А гэты? – сказаў Дамінік, падштурхоўваючы Фелікса.– А што гэты? – іранічна спытаў Ракутовіч.– Ты што ж, гаспадар, не бачыш, хто гэта?– Бачу. Ціхі п’яніца.Іякінф кінуўся да сабутэльніка і замітусіўся вакол яго. З рук Фелікса ўпалі вяроўкі, і капуцын шырока ўсміхнуўся.– Ну вось, ну вось, – задыхаючыся, сказаў Іякінф, – літуй мя, божа, ды і на алтар твой цяльцы.