Сівая легенда

А Раман, ужо не звяртаючы на іх увагі, павярнуўся да Лаўра:– Ты даруй мне мой грэх.І паказаў рукою на езуітаў:– Бяры іх, Лаўр. Ваўка не заўсёды забіваюць, але змяі раструшчваюць галаву заўсёды.Цвёрда і сурова кінуў:– На зубцы.

ІІІ“І калі жонка засталася ўдавой без дзяцей, што мацуюць дом, – дай ёй па сэрцу ладу на час кароткі, дабы не паклаў бог канца і мяжы дому і роду мёртвага... Але не для ворага дай, бо пракляне цябе зямля, і дом, і народ твой”.

Старажытны законПознім вечарам гэтага дня я стаяў на вахце ля дзвярэй замкнёнай бібліятэкі. Гэты загад даў мне сам Раман. Пані Любка дабілася праз Лаўра размовы з гаспадаром і хутка павінна была прыйсці. А вартаваць іх павінен быў я, і я сцяміў, што яны не хочуць, каб пра гэта ведаў нехта са сваіх.Дзверы былі прычынены няшчыльна, і мне можна было бачыць цёмны дуб сцен, кнігі ў нішах за драўлянымі кратамі, цяжкі васьміногі стол, вялізны глобус і зорную сферу, абхвачаныя меднымі бліскучымі абручамі. Тут быў спакой, і мір, і кніжны пыл.А перавёўшы позірк правей, я праз вузкае акно бачыў замкавы двор, вогнішчы, раскладзеныя на плітах, узброеных мужыкоў, залітых чырвоным вадкім святлом. Адтуль ляцела ціхая і страшнаватая песня аб наплываючай хмары і наступаючым турэцкім цару. І твары тых, хто спяваў, былі задумлівыя і, як заўсёды ў тых, хто спявае, прыгожыя. Але ж я ведаў, якія яны бываюць жахлівыя. Песня. Агонь. Косы.І гэта было жыццё.А ў бібліятэцы Раман казаў Лаўру:– Ну, забіў. А ўсё ж так шкада дурня, быццам не загубіў ён майго жыцця... Разам галубоў з дурнем ганялі. Собіла ж яму пярэваратнем стаць, людзей мучыць. І мучыў, можа, таму, што сумленне было неспакойнае.– Не таму ты турбуешся, – холадна сказаў Лаўр. – Надта ўжо ты, дзядзька, сэрцам да аксамітнікаў прырос.Ракутовіч доўга маўчаў. Потым уздыхнуў:– І тут твая праўда. Душа разрываецца. Крычаў сёння, што мужык – хрыбет усяму. І ведаю, што гэта так. І ведаю, што ягоная праўда, таму што ніхто так не пакутуе. А сэрца ліпне і ліпне да гэтых. З імі ўздзіць вучыўся, сокалаў пушчаў, з імі скакаў, з імі ўпершыню напіўся.– Дурыш, – непачціва сказаў Лаўр, – а яны табе на кожным кроку бязлітасна здраджвалі. Яны спяць і ў сне бачаць выспацца на тваёй скуры.– Ведаю. І ўсё ж, каб не былі яны павей-ветрамі, каб не перкінулася ўся гэтая зграя да Варшавы і Рыма, – не пайшоў бы я з вамі. Дабром бы іх упрошваў добрымі быць з людзьмі.– Іх упро-сіш, – працягнуў Лаўр. – Хіба сякерай толькі...– Ведаю, – сказаў Раман. – Ды з гэтым скончана. І хопіць балакаць.– А Ірына? – не сунімаўся Лаўр. – З ёю яны што зрабілі? Ці, можа, і яе забудзеш? Закруціш з багатай?– Не магу забыць. Верны ёй. І няма мне забыцця. Ідзі, Лаўр. Ідзі...Лаўр моўчкі прайшоў паўз мяне ў пакой насупраць.Некаторы час я чуў і бібліятэцы толькі гулкія крокі. Потым убачыў праз шчыліну гаспадара, які падышоў да стала і адкрыў кнігу не кнігу – аркушы былі занадта розныя, – а хутчэй нейкія пасланні ды граматы, пераплеценыя ў агульную цялячую вокладку.Ён чытаў, варушачы вуснамі, і раптам я пачуў знаёмыя мне словы, словы васьмігадовай даўнасці, словы з прашэння беларускага народа на сейм. Усе ведалі, хто яго склаў.І гэтыя словы шмат у каго былі на вуснах. Ведаў іх і я.– “Усяму свету вядома, – чытаў гаспадар, – у якім быў стане слаўны старажытны народ за некалькі перад сім год, аныня оный, падобна ўлюбёнаму богам народу ізраільскаму, з плачам аб стане сваім вапіе: се мы днесь унічыжэнны, пачэ ўсіх жывучых на зямлі, не імамы князя, ні правадыра, ні прарока...”