Сівая легенда

Гаспадар скалануў грывай валасоў. Заплюшчыў вочы і чытаў, можа, па памяці:– “Не даволі, што славуты народ рускі даведзены да такой вялікай бяды і толь цяжкага ўцяснення, будучы бог весць за што ганімы... пазбавілі нас яшчэ і бясцэннага скарбу – златой волі, нахабным чынам прысвоіўшы оную”.Голас Рамана сарваўся. Ён бясшумна закрыў кодэкс і ціха сказаў:– Такія словы сказаўшы, адрачыся ад іх. Эх, людзі...І яшчэ цішэй, з нейкім жаласным дзіцячым непаразуменнем спытаў:– Як жа гэта ты, Леў?..Паглынуты гэтай споведдзю, я здрыгануўся ад нечаканасці, калі вузкая жаночая рука апусцілася на маё плячо. Перада мною стаяла пані Любка, накінуўшы на плечы белую – на знак жалобы – хустку.– Можна да яго?– Ідзіце, пані.Яна ўвайшла і зачыніла за сабою дзверы. Нейкі час я нічога не чуў, але гэтыя дзверы былі з норавам: спачатку з’явілася вузкая шчыліна, пасля шырэйшая, потым такая, як раней. Я не стаў іх зачыняць – няхай сабе стаяць, як ім падабаецца.І я пачуў мяккі, зусім не такі, як раней голас жанчыны:– ... і бяздзетных выганяюць з маёнтка другія сваякі. Хто абароніць, калі абаронцы забітыя?– Чаму ж раней не было?Дзверы адчыніліся яшчэ крыху шырэй. Праз рэдкую штору я ўбачыў гаспадара, які сядзеў на шырокай ложы, накрытай ручным русінскім кілімам, і жанчыну, што сядзела насупроць, праўдзівей, яе галаву, залацістую, злёгку нахіленую ўперад.І гэтая галава ціха сказала:– Ты нічога не ведаеш. Праз паўтара месяца пасля вяселля яны ішлі граміць цябе, і страла пазбавіла яго мужнасці.Я сам сабе свіснуў. Так, нявесела было Кізгайле. Вось чаму ён быў такі кіслы, калі Ірына праклінала яго.– Ну што ж, – сказаў Ракутовіч, і я ўбачыў яго вялізныя шалёныя вочы, – вы ж і мяне пазбавілі кахання, пазбавілі роду. Ён гадзюка. Няхай згасне яго род!– Ты сам разумееш, як гэта страшна, гаспадар, – ціха сказала яна.– А што ты зрабіла для мяне добрага? – нахіліўся ён. – Забойства Якуба? Упартасць? Стрэл у брата? Яд? Другі вас бы з зямлі сцёр.Жанчына, здавалася, вось-вось заплача. І я не чуў больш кранаючага голасу, чым той, якім яна загаварыла:– А ты памятаеш, як мы збіралі пярэсны і лотаць? Мне было трынаццаць, ты – трохі старэйшы. Ты прывёз мяне ў лес на сваім кані. І я адчувала спіной руку, якой ты мяне трымаў, такую цвёрдую руку... Або калі ты прынёс мне крылы сіваваронкі, каб я магла ўбрацца мятлушкай1.– Ты была мне, як сястра... Але я не дарую вам, што вы пад замком Ірыну трымалі.– Тады забі мяне. Не трымала я. Гэта ён.– Я не ваюю з жонкамі, – сказаў ён, – я нобіль, і нас тры, чый род застаўся.І раптам я пачуў яго крокі.– Цхакен, – сказаў ён, з’явіўшыся на парозе (я стаяў, павярнуўшыся спіною да дзвярэй), – пакліч Лаўра.Насуплены Лаўр прайшоў у бібліятэку, і хутка там загучаў голас Ракутовіча:– Бачыш гэтага хлопца? Падабаецца ён табе?– Так, ён вельмі падобны да цябе, Раман.– А яна табе падабаецца?– Так, гаспадыня вельмі прыгожая. – Дык вырашай, калі хочаш, я зараз, тут, зраблю яго дваранінам. Гэта будзе апошні дваранін.– Не хочаш выслухаць мяне, Раман, – з дакорам сказала яна.– А ты бяры яе ў жонкі. Будзеш трымаць гэты замак маёю рукой на выпадак, калі трэба будзе адседзецца.Я бачыў упартую спіну Лаўра. Потым блазнюк падкінуў падбародак і з папрокам, відаць, жадаючы ўкалоць, сказаў:– Не, гаспадар. Куды ўжо вароне... Ды і не хачу я дваранінам быць.І Раман зразумеў укол.– Тады ідзі, – сказаў ён сурова, – і чакай майго загаду.