Сівая легенда

– Праўда, ты ж самы страшны мой вораг.– Гэты вораг кахае цябе, – ледзь чутна сказала яна.Але ён ужо ўстаў, падняў яе і паставіў перад сабою.– Бывай, варагіня. Бог з табою. І пацалаваў яе у галаву.Я чуў яго крокі па калідоры,чуў яго кароткую размову з Лаўрам, чуў, як Лаўр паспрабаваў быў за нешта дакараць яго і як Раман на яго прыкрыкнуў. І я чуў потым ціхую размову юнака, падобнага на архангела, з пані Любкай. І чуў, як іхнія галасы рабіліся больш мяккія.Я не зразумеў толькі, чаму яна называла яго Раманам. Хіба што падобны? Але потым я адышоў ад дзвярэй. Мы цікаўныя таксама толькі да пэўнай мяжы......А раніцай мужыцкі цар выступіў з замка ў паход. Войска яго, што ўзрасло на трэць, аброслае нашай зброяй, закутае на чвэрць у нашы даспехі, стала сапраўды страшным. Валіла конніца, везлі пятнаццаць гармат, знятых з муроў, рыпелі вазы.Косы. Вілы. Доўбні.І я ведаў, што гэты чалавек за два тыдні ператворыць паляўнічых – у стралкоў, сялян – у баявых малацьбітоў, вуглепалаў, што звыклі да пешні, – у пікінёраў.І ўсіх ператворыць у воінаў.Перад тым як выехаць за браму, ён пад’ехаў да мяне, па-ранейшаму ў барвяніцы, па-ранейшаму на белым кані, падняў руку ў жалезнай пальчатцы і паказаў на замак:– З табою людзі застаюцца. І баба. І муры. Беражы і брамы перада мною не зачыняй. Зімаваць прыйду.Вочы яго гарэлі.– Зберагу, гаспадар, – сказаў я. – І не зачыню. І другому не дам.Ён кіўнуў мне галавою і паскакаў за сваім войскам. Мільгануў удалечыні барвяны плашч. А потым усё закрыла бясконцая хмара пылу.Нізавошта на свеце я не згадзіўся б другі раз стаяць на мурах супраць гэтага чалавека!

ІVСкардзіся, звон!Без надзеі на цуда, Кату аддадзены, Ў змроку стаю,Адрынуты богам,Адрынуты людам,Адрынуты сонцамУ гэтым краю.Скардзіся, звон!Адное каханне,Песню маю,Сляпую ад мук, Пакуль у грудзях Не згасне дыханне, Цемра не вырве з бяспалых рук.

Балада пра барвянага ваяўнікаЗніклі. Рассеяўся пыл.І над Кісцянямі пацягнуліся лянівыя і пагодныя дні. У замку амаль не было мужчын, акрамя мяне і невялічкай варты. Ды і ў вёсках засталіся амаль толькі адны бабы.Адшумеў май, адзвінела конікамі лета, адшапацеў лістапад. А потым пачаліся снягі, сінія, ваўчыныя, бясконцыя.За гэтыя месяцы адбылася толькі адна нечаканая гісторыя. Я ажаніўся. Абкруціла мяне тая самая вартаўнікова дачка, Дар’я. Хлопцы мае не хацелі сядзець і пайшлі. Засталося чалавек дзесяць з тых, што былі ў гадах, не хацелі цягаць сваю скуру па брудных палёх пад свінцовым дожджыкам і запрагнулі спакою. Большасць таксама перажанілася. І пачалося ціхае жыццё з ежаю, ды пітвом, ды цішынёй.Жонка трапілася харошая, памяркоўная, несварлівая. Ды я і сам такі. Так што жылі добра, па-божаму. І я пачаў уставаць уначы, каб паесці, і звыкнуў да іхняга палявання, і гаварыў з імі, як яны. І пачаў нават звыкаць да іхняй лазні, хоць і не падымаўся высока на гэты жахлівы палок.А вакол вылі снягі, ды заяц пляміў шарон сваімі скачкамі. Зрэдку даходзілі чуткі пра мужыцкую вайну, але лёзныя1 так іх перакручвалі, што і верыць не хацелася.Ракутовіч не прыйшоў зімаваць, як абяцаў.Ніхто не прыйшоў да цёплых нашых печак. Ніхто не прыйшоў і потым, калі зіма пачала чахнуць і сплываць адлігамі. Мы даведваліся, што замкі падаюць далей, што ўсіх дваран апанаваў люты жах, што нястрымныя і перамаганосныя, як раней, мужыцкія палкі. Ды і як ім не быць храбрымі? Самая ж смерць была лепшай за такое жыццё.