Сівая легенда

А потым была ракавая бітва на Урэчаскім полі, калі панскае войска раздавіла сваім жалезам мужычыя палкі. Яны ўцякалі, і завея космамі снегу залізвала іх сляды.Прайшла чутка, што барвяны ўладар забіты ў гэтай сечы. Але гэта была няпраўда.І акурат у лютаўскія дні, крыху раней празначанага, – і гэта было добра, таму што забівала сумненні, – у нас у замку заплакаў новы жыхар, сын пані Любкі, Якуб Кізгайла. Гаспадыня занадта перапалохалася, калі прыйшла звестка з Урэчаскага поля. І я не бачыў твару больш радаснага, чым у яе, калі мы даведаліся, што частка войска, на чале з правадыром, адступіла, разграміўшы нашчэнт галаўны полк шляхецкага апалчэння, і шнырыць паміж панскімі атрадамі, прарываючыся на ўсход, да маскоўскага рубяжа.А яшчэ праз месяц прыйшла вестка, што Рамана разбілі і вязуць у ланцугах у Магілёў.Пані Любка разбудзіла мяне ўначы. Твар бледны, вусны сінія. Толькі і здолела сказаць:– За ім!І памчаўся наш вазок па сакавіцкім расталым снезе да славутага горада. У вазку пані з немаўляткам, – харошы, здаровы хлопчык! – а вакол дзесяць чалавек коннай варты з паходнямі ды я. Давялося-ткі нацягнуць даспехі на разгультаенае цела.Скакалі ўдзень і ўначы, змоклыя, галодныя, заляпаныя праснакамі расталага снегу. На дарозе адзічэлыя сабакі, ды зрэдку панскія раз’езды, ды па начах глухія і безнадзейныя пажары вёсак.А ў гаспадыні твар, як маска, як крэйдай набелены, і непаслухмяныя вусны толькі і могуць вымавіць:– Хутчэй! Хутчэй!І я ўжо не называў гэтых людзей вар’ятамі. Прывык. Гэта добра – загнаць каня, калі душа патрабуе. Пад Дарамі Лыкаўскімі сталі трапляцца слупы з павешанымі людзьмі. А потым, яшчэ здалёк, заўважылі мы натоўп народу наўсцяж дарогі. Вялі палонных, і кожны з натоўпу хацеў даведацца, ці няма сярод іх свайго чалавека. Тыя ішлі моўчкі, суровыя, з непакрытымі льнянымі галовамі. І зусім іх было мала. Амаль ніхто не здаваўся, а астатнюю, большую, частку Раман выкупіў сваім целам: паставіў умову, што здасца, калі іх адпусцяць. І здаўся. Пасля гэтага кінуліся лавіць адпушчаных уцекачоў, ды куды там. Ад людзей мы і даведаліся, што Рамана правезлі яшчэ ўчора. У гнойных драбінах. Прыкутага за нагу да градкі. Сядзеў быццам маўклівы і зусім не хмурны, з светлым абліччам, быццам усё зрабіў на зямлі і замкнуў свой круг.Вельмі шляхта над ім здзекавалася. Самога яго баяліся зачапіць, нават скутага, дык яны меч ягоны двухручны ззаду на вяроўцы прывязалі, і валачыўся ён усю дарогу за возам па снезе ў разбоўтанай гразі. Народ плакаў, гледзячы на ганьбу.Шлахта плявала на меч.А ён быццам сказаў толькі:– Нічога, вашы пляўкі зямля сатрэ.І яшчэ мы даведаліся, што Лаўр, хлопчык-архангел, прабаваў адбіць Ракутовіча і паў падчас стычкі, забіты ўдарам чакана ў залатую галаву.Пані занурылася крыху – і толькі.А народ валіў за палоннымі, і над натоўпам стаяў ціхі, амаль нячутны стогн.Лепей бы ўжо крычалі.Пані яшчэ мацней загадала гнаць коней. І мы прыскакалі ў горад і спыніліся на Лупалаўскім прадмесці, у парафіі святой тройцы.І адразу, не адпачыўшы, ілба не перахрысціўшы, удваіх з паняй памчаліся ў крэпасць – яна ў вазку, я – вярхом. Здзівіла нас мноства п’яных у прадмесці, а потым і ў самым горадзе. Выявілася, што пакуль звестка пра злоў яшчэ не прыйшла – з ганцом прыбыло дазваленне лішнія дні чатыры супраць Магдэбургскага права, і не ў тэрмін, варыць піва, і гарэлку, і мёд.