Сівая легенда

– Нядрэнна, – сказаў я, – але ж гэта для вылазак, гаспадар. А нашто нам іхнія коні? Хіба што жэрці, калі будзем галадаваць? Вядома, гэта ежа для басурмана, але голад не цётка.– Ёсць яшчэ каля дзвюх соцень дваран.– Адчайныя і кончаныя душы, – сказаў я, – але зноў-ткі для бою ў шырокім полі.Словам, я зразумеў, што муры павінны абараняць мае хлопцы.– Не нам жа каменне цягаць, пан Кізгайла? Дайце нам на гэтую работу з паўсотні мужыкоў.– Нельга мужыкоў, – амаль ускіпеў ён. – Іх зусім не будзе.Я паціснуў плячыма:– У чым усё ж справа, гаспадар?– Пытаць будзеш потым. Кажы, колькі тут можна пратрымацца?– Год, – суха сказаў я, – год я пратрымаюся тут нават супраць Сатанііла. Два гады я пратрымаўся б тут з гаспадаром, які мне давярае. І я не паручуся нават за тыдзень абароны, калі гаспадар не давярае сам сабе.– Цхакен, праяцель, – сказаў ён трохі мякчэй, – я проста не хацеў пасяляць у тваёй галаве скажоных меркаванняў наконт лёгкасці і цяжкасці гэтай аблогі.– Дык хто ўсё ж ткі ідзе?– Хамы ідуць.Мне спадабаліся гэтыя словы. Швейцарцы ўсе былі мужыкамі яшчэ сто год назад. Але ён пакрыўдзіў не маіх землякоў. Акрамя таго, ён плаціў грошы. Таму я змоўчаў.– Хамы ідуць, – паўтарыў ён.– Гэта не вельмі страшна, – сказаў я, злёгку пакрывіўшы душою.– Ты не бачыў іх у Віцебску, – сказаў ён, – калі там была смута. А я дагэтуль памятаю набат.– Але ж трыццаць год у гэтым краі быў спакой.– А цяпер яны ўзялі замак. У Рагачыку.– Сорак міль па рацэ адсюль, – усміхнуўся я. – Хто паручыцца, што яны пойдуць у гэты бок?– Яны пойдуць. Я гэта ведаю. Ім няма іншага шляху, акрамя таго, што вядзе праз Кісцяні. Праз мяне.– І ўсё адно мы адседзімся. Вашы мужыкі, вядома, не зусім прыемная рэч. Але гэта не рэгулярная армія.– Гэта горш, – ён пачынаў злаваць. – Чаму?– Таму што сёння ў іх ёсць галава.Па маіх вантробах прабег мароз: гэта сапраўды горш. Але я ведаў, што гэтага чалавека яшчэ ў раннім юнацтве да смерці напужалі зверскія морды, сякеры, паходні, труп епіскапа, які валачылі за ногі па вуліцах, вынішчэнне яго гвардыі. Неразумна было б палохаць яго. Таму я адмахнуўся ад яго слоў.– Глупства, – сказаў я, – галава ў час вайны рызыкуе не менш, чым ногі. На што ўжо быў хітры шведскі кароль, а і той не мінуў кулі.– О, Канрад, вы ж біліся з ім, – раптам загарэўся ён. – Што гэта быў за чалавек? Я ўсміхнуўся сам сабе. Клянуся касой маці божай, на гэтай зямлі кожны марыць аб славе. Нідзе не чытаюць і не распытваюць так прагна пра Аляксандра, Цэзара і іншых разбойнікаў. Нават гэты, якому сядзець бы дома і пладзіць дзяцей, чалавек хутчэй люты, чым мужны, загарэўся, ледзь патыхнула дымам вайны.Я паціснуў плячымі з прытворнай абыякавасцю:– Гэты галандскі мазіла Ван-Дэйк напісаў партрэт шведа, але ён не падобны. Ён на ім чысценькі, як хлопчык, якога мама вядзе ў царкву. А гэта быў здаровы мужалап, які лаяўся мужыцкімі словамі, як залатар з Вюрцбурга.Яго зноў перасмыкнула пры слове “мужыцкі”, але я супакоіў яго:– Нават такая галава нічога не магла зрабіць з мужнасцю праціўніка. Будзем біцца.Мы спусціліся ў другі ўнутраны двор. Тут, пад павеццю, віселі на сцяне кірасы, пырхалі коні і ля агнёў сядзелі кірасіры. На каменных плітах двара сям-там дыміўся гной. Худы мужычок у світцы падмятаў ляніва і непаваротліва.Гаспадар, відаць, знайшоў, на кім спагнаць гнеў. – Дамінік, – сказаў ён, – калі двор будзе запаскуджаны раніцай, я пастаўлю цябе вышэй за сябе.