Сівая легенда

Некалькі дзён кідалася пані Любка па горадзе. Усе яе прынялі, і ласкава аднесліся, і шкадавалі за ўдовіна гора і сіроцтва сына. Сказалі, што быць ёй галоўнай сведкай і пры вынясенні выраку дадзены ёй “цяжкі голас” права выказаць сваю думку. Яны ўздыхнула. Ясна было, куды вядзе справу каптуровы2 суддзя.А на Аляксея, божага чалавека, да Замкавай столькі народу збеглася – не прапхнуцца праз натоўп. Ледзь нам удалося ўзабрацца на ганак у доме былога войта Славенскага. Сам ён ужо год трыццаць як у зямлі спачываў, а ў доме жыла яго звар’яцелая жонка-дваранка ды дачка-пярэстарак.Стаім, ціскаемся. Сырасць такая золкая.І раптам зашумеў, неахвотна даў дарогу магілёўскі люд. Убачыў я перш за ўсё коннага чалавека ў чорным, насатага, са шчокамі, якія быццам да зубоў прыліпалі. Галава непакрытая – яшчэ б, скруха: нобіля, што зганьбіў саслоўе, судзіць давядзецца.А за насатым яшчэ і яшчэ коннікі, у парчы, сабалях, утэрфіне3. Шаблі рознакаляровымі агеньчыкамі ззяюць.Прыехалі Дэспат-Зяновіч, Загорскі, Сапега, князь Друцкі – судзіць у ратушу. І павезлі з сабою універсал караля, згоду рэляцыйнага суда на любое рашэнне дваран аб нобілю Ракутовічу.І не паспелі праехаць – завыў, загаласіў юродзівы, прабег за імі, закрываючы пальцамі – у засохлай крыві – вочы.– Дэманаў бачу, чорныя ўсе... лятуць! Светленькага агнца хочуць зарэзаць, кішкі ягоныя зубамі валачыць.Народ шарахнуўся ўбок. А тыя праехалі да ратушы, і дзверы зачынілі.Да вечара яны там прэлі. І наступнага дня. А мы абодва дні стаялі ля дзвярэй ратушы і на ганку. Пані Любку выклікалі сведкай, але яна сказала, што Раман мужа ў баі забіў і езуітаў павесіў за атруту, усяму ж астатняму даў літасць. І пад канец самлела.Суд застаўся ёю вельмі незадаволены.А народ усё больш шумеў ля дзвярэй ратушы і на плошчах. Я сам чуў, як багаты хлопец з мяшчан, абуты ў саф’янавы кабці, у лісіным кітліку наапашкі, крычаў нема:– Не даць ім Рамана на разарванне. Ён веру правую ўратаваць хацеў, як продак ягоны ратаваў ад татар. Усім вядома, што не Міндоўг іх біў ля Крутагор’я. Ён і граматы дагары нагамі трымаў, кажух смярдзючы. Хто конніцу татарскую апракінуў? Ракута, Раманаў продак!.. Таму мы і белыя, што татар не нюхалі!Людзі рваліся і да дзвярэй ратушы, крычалі:– Няправедная гэта справа, нобіля судзіць.І ім паказалі ўдаву Кізгайлы, жывое абвінавачанне, і немаўлятка Якуба паказвалі з гульбішча, лаялі Ракутовіча:– Немаўля нявіннае яшчэ ў чэраве асіраціў. Ірад! Вораг усіх беларусцаў з існымі!А спрэчкі ў ратушы ўсё цягнуліся. Сапега з Друцкім стаялі за смерць. Але магістрат быў супраць. І на яго бок схіліліся Дэспат-Зяновіч і Загорскі. Апасаліся, не было б спакусы для малых.Крычалі да хрыпаты, лаялі адзін аднаго псамі і па-іншаму. І, можа, нічога б не вырашылі, каб не прыйшлі людзі з Лупалава і Падуспення. У натаўпе адразу засмярдзела скурамі і рогам, і крычаць пачаў натоўп зусім іначай:– Заб’яце яго – смута будзе! Забылі, як пры магілёўскім бунце ў порткі клалі, будзеце і цяпер. Стаха Мітковіча ды Гаўрылкі Іванова1 на вас няма. Памяць каціная! Забылі, як дзверы судовай залы адбілі? Набату не чулі даўно?! Будзе і вам тое ж!І тады Загорскі сказаў апошняе слова:– Добра. Нобіляў на пласе не забіваюць. Няхай быдла верыць.Мы з ганка, а пасля з акна вазка бачылі, як рухаліся на гару, пад аховай крылатай варты, драбіны. І ў драбінах той, хто загадаў мне трымаць замак. Пасівелы на скронях, бледны, але спакойны.