Сівая легенда

А Раман быў такі моцны, што нават прытомнасці не страціў і застаўся стаяць на нагах.Так і скончылася ўсё гэта. Не атрымалася ўстрашэння.Цяпер трэба было толькі лёс “дзеўкі” вырашыць. І прымеркавалі гэтае рашэнне да таго дня, калі везці належала Рамана ў выгнанне.Напярэдадні гэтага пані Любка дабілася спаткання з Ірынай.

Суправаджаў яе і я. Спусціліся мы ў сутарэнне ля драўлянай брамы, і зноў я ўбачыў аленевыя вочы ды надламаныя бровы. Праз краты.Любка расказала ёй аб усім. А тая ўсміхалася:– З-за мяне... А я праз горшае прайшла б, толькі б ён маё каханне ўбачыў.Ох, якія гэта вочы былі! Шэрыя, прамяністыя, такія зіхатлівыя!У пані Любкі нават ярасць на твары выступіла.– Загубіла нобіля сваім чараўніцтвам. У ссылцы цяпер будзе. Аддай яго другім. Здымі чары.– Не, пані, гэтых чараў не знімеш. А калі нават магла б – не зняла б. Ён – сонца маё. Хіба што з сэрцам толькі гэтае святло ў мяне ўзяць можна.Любка ўстала, пайшла да дзвярэй.– Дык не аддасі?– Не, гаспадыня. Загубіла ты нам жыццё, а шкада мне цябе. Дзеля дзіцяці свайго – не цкуй, не ўціскай да канца Рамана. А мяне хоць і забі. Усё адно я цябе шкадую, я ж мацнейшая.Наступнага дня мы зноў прыехалі ў вазку да Замкавай плошчы. Вырашаўся лёс Ірыны, а лёс халопкі без гаспадыні не вырашаецца.І ледзь паспелі мы праехаць праз гурты народныя – узняўся на вуліцах плач:– Дзяўчынанька, бедная!– Не быць вам разам!– Не ўбачаць яго твае вачаняткі.Ад Сарака Пакутнікаў ехаў просты воз, і ў яго толькі ледзь саломкі падкінута. А на возе скутая Ірына ў белай сукенцы і казнатцы1 з каразеі – белага сукна. Прыбралі. Учора ж у рыззі была.Едзе, глядзіць на людзей ззяючымі вачыма, велікаваты рот усміхаецца. Рада, даўно ж не бачыла нікога. Такое яшчэ дзяўчо, таненькая – двума пальцамі зламаць можна.А плач коціцца хвалямі:– Ясачка ты наша, заступніца. Даруй табе бог. А і ты нам даруй.І яна кланяецца і радасным голасам – усё адно канцу нейкаму быць – кажа:– Даруй, люд праваслаўны, даруй.Спынілі воз ля вузкага высокага дома: замкавага суда. А Ірыну знялі з воза, павялі пераходамі ўгору.У зале доўгі стол, крэслы без спінак, смярдзіць атрамантам са скураных чарніліц. І з акон так мала святла, што запалены тры свечкі. Ад адной струмень куродыму на нізкую скляпенчатую столь.Больш нічога. Хіба што цяжкія дзверы ў правай сцяне. У катавальню. За сталом Друцкі, Дэспат-Зяновіч ды два пісцы. І яшчэ радца з магістрата.Гаспадыня села і сядзіць, бледная, нерухомая, як ідал. І павекі самкнёныя. А на высокай прычосцы футраная шапачка з заморскімі пер’ямі.Разбор быў кароткі. Іспісалі правіны, якіх не аказалася, акрамя цягі да мужыцкага цара. Ніякіх пошчакаў – падстаў для падазрэння, ніякіх рахаванняў – нарад з мяцежнікамі. І ніякіх падстаў меркаваць аб зламысным, хіба што толькі паспрабуе пабачыцца з Раманам.Што рабіць?У Друцкага яшэ больш сухая скура да зубоў прыліпла.– На прэнг2 павесіць – няма чаго. Катаваць дарэмна не трэба. Але і пусціць небяспечна... У замкавае сутарэнне, на вечнае зняволенне. Або – лепей – на агнявую страту. Прываражыла былога нобіля. – Чаму? – пытае Дэспат-Зяновіч.– Не абышлося тут без чараўніцтва, – з’едліва кажа Друцкі. – Не такое каханне ўсявышні ў Кане галілейскай бласлаўляў.А Дэспат усміхаецца:– Каханне... А што ты ў ім разумееш? Яно ўсякае, каханне. Ці богам, ці чортам дадзенае, а ўсё адно лепшага за яго нічога няма. – І звяртаецца да радцы: – А твая думка якая?