Сівая легенда

Заснежаныя дахі, заснежаныя, падталыя з поўдня купалы, шэрыя драніцы, што адлівалі зялёным.І над усім такая ціша, што страшна. Змоўклі раптам усе. Ніхто нават з нагі на нагу не пераступіў. Чакалі.І вось зарыпелі дзверы. Паволна адчыніліся. І ў дзвярах паказаўся Дэспат-Зяновіч. А за ім – Ірына. Адной рукой трымаецца за Дэспатаву руку, а другая ў паветры працягнута. За імі кат вываліўся. Стаіць.Кат пашкадаваў яе. Толькі зроку пазбавіў, а вочы не вырваў. Ідзе яна і проста быццам спіць на хаду, закрыты вочы, пушыстыя веі апушчаны.І Дэспат – першы яе павадыр.Яны зусім былі падышлі да сходаў, калі кат раптам зрабіў следам некалькі крокаў і стаў на калені.– Даруй мне, даруй, – варушыць тоўстымі губамі.І яна папрасіла, каб стаў ён ёй пад руку. І паклала далонь на шорсткую, як поўсць, грыву.– Даруй табе неба. Ты нас зноўку звёў.Выйшаў з дзвярэй на балюстраду Друцкі-князь. Стаіць, глядзіць на гэта, усміхаецца. Гурма, пабачыўшы ўсмешку гэтую, натапырылася ўся. Такія ўжо мы люддзі: лепей галаву сячы, чым плюнь з усмешачкай. Будзь катам, толькі ў душы катаўство не трымай.А гэтыя два ўсё яшчэ спускаліся з ганка.Ах, доўгі, доўгі гэта быў шлях! Не карацей усяго жыцця, што яшчэ заставалася.А ў спіну тым, што спускаліся, Друцкі крыкнуў:– Бяры яе, Раман. Вядзі па дарогах няпраўды, па якіх пайшоў. Радзі дзяцей, напалову халопаў, напалову ізгояў.А Раман у адказ усміхнуўся. І была гэта такая ўсмешка, што Друцкі зразумеў: не абразіў, не зняважыў ён скутага, а пасяліў у ім цвёрдасць. І ён не вытрымаў, пайшоў, грукнуў дзвярыма.Прыступка. Прыступка. Яшчэ прыступка.Спускаюцца белыя, футрай аблямаваныя кабцікі. Дзеўка з нагамі лебедзя. Што? У лебедзя чорныя ногі? Я сам ведаю. А ногі ўсё ж былі лебядзіныя.Ударыў недзе першы далёкі ўдар звана. Упаў у цішыню, як камень у ваду. І адразу закружляла, закаркала вараннё, быццам камякі сажы ўзляталі і асядалі на стрэхі. Яна магла толькі чуць іхні крык. Але затое яна адчувала: пругкі і цяжкі мокры вецер быццам далонню штурхаў у твар. І яна ішла насустрач гэтаму ветру.Дэспат падвёў яе да воза:– Бяры. Не табе б, ворагу роду чалавечага, такую дзеўку.– Добра, – сказаў Раман, – час нас з табою рассудзіць. І шмат грахоў табе даруецца, Зяновіч, за тое, што ты яе вёў. Дай табе бог на тым свеце жаданай сустрэчы, калі на гэтым не атрымалася.– А за гэта табе дзякуй, – сказаў Дэспат і змоўк.Зноў упаў чорны ўдар звана. А ў Рамана валасы амаль што сталі дыбам, і ён цягнуўся да яе, а твар плакаў без слёз такой тугою, такой пяшчотай, якую і адшукаць цяжка на зямлі.Звон ударыў. І яна працягнула да чалавека на возе рукі, быццам да святла нябачнага.– Раман, вазьмі мяне.Чыясьці рука падхапіла яе, дапамагла падняцца. І там, наверсе, яе з трапяткой прагнасцю, пяшчотна і асцярожна схапілі яго абрубкі, прыцягнулі да грудзей.Ён стаяў, абапіраючыся спіною на слуп, стаяў з перакошанымі бровамі. Стаяў, прыпаўшы вялікім ротам да яе валасоў. І ў вялізных вачах было такое, чаго лепей не бачыць на гэтай богам праклятай, лютай, грэшнай зямлі.А яна прынікла попельна-залацістай ускалмачанай галоўкай да яго грудзей, там, дзе білася сэрца. Бледны твар, пушыстыя веі апушчаны. І ўсмешка – быццам бачыць шчаслівы сон.І твар ваяўніка плакаў без слёз.Я здзівіўся, такая яна была таненькая ў яго руках...І ўсе людзі маўчалі....Таненькая, таненькая.І поруч са мною нейкі шляхцюк, пакрыты шрамамі, чалавек з тых, што смяецца на хаўтурах, груба сказаў: