Сівая легенда

– Куды яму яе. Пад гэтай сволаччу коні падаюць. Сам бачыў.Я маўчаў усе апошнія дні, таму што ведаў: разяў я рот, і я пачну крычаць, і гэты грык ніколі не скончыцца. Але больш я ўжо не мог. Я павярнуўся да яго і прашыпеў горлам:– Паважай ланцугі, сволач. Пакінь, іначай...– Іначай? – нахабна спытаў ён.– Іначай дрэнна будзе. Ты што, не бачыш, што поруч таксама дваранін? Я табе заткну горла.Ён змоўк. І гэта было добра. Іначай скончылася б забойствам.Марудны ўдар звона заглушыў лясканне бізуна.Шкапы, напружваючыся, зрабілі першыя крокі. Паплыў над галовамі слуп з двума людзьмі. Ракутовіч падняў гавалу, і раптам у велічэзных яго вачах загарэлася нейкая цяжкая іскра.Я зразумеў: гэта была іскра крыўды. На каго? Не гневаўся ж ён нават на ката.Я паглядзеў туды, куды глядзеў ён. Над галерэяй, у акне на рагу палаца, я ўбачыў змяты страшны твар чалавека, які ўчапіўся пальцамі ва ўзорныя краты акна. У вузкіх вачах гэтага чалавека нават дурань заўважыў бы розум, іскру божую, жвавасць. Але я заўважыў у іх яшчэ нешта. Гэта была зайздрасць, страшная чалавечая зайздрасць да таго, хто ехаў на ганебным, падобным на труну возе. Гэта быў Сапега.І раптоўна па ўсім замкавым двары, па ўсіх пераходах раскаціўся дзікі, страшны па сіле голас, якога палохаліся ў бітвах ворагі.– Леў! Леў! – роў голас.І ў таго, хто роў, грыва, якую развейваў вецер, падала на лоб. А на падзёртых голых грудзях ляжала прыгожая сляпая галава. – Леў, ты стаў лісіцай! Калі будзеш ваўком – памрэш, як сабака.Кінуўся твар у акне. Яму засталося толькі кідацца і зайздросціць. Ён жа не мог так.Заляскатаў воз. Моўчкі павалілі па абодва яго бакі людскія гурты.І на непакрытыя галовы падалі нясцерпна рэдкія ўдары звана. Расхлябаныя колы воза па самыя восі гразнулі ў вязкім, набрынялым вадою сакавіцкім снезе.Юрод, што стаяў амаль на дарозе, працягнуў рукі і дрыжачымі пальцамі гладзіў, лашчыў паветра, кранаў яго, як сляпы.– Сынок... Сынок...Страшны твар і сляпая галава плылі над натоўпам, усё аддаляючыся і аддаляючыся.Шалёныя, незразумелага колеру вочы затрымаліся на маім твары.Зноў упаў удар звана.І аддаляўся, аддаляўся воз. І вецер гуляў грывай валасоў, гладзіў твар чалавека і сляпыя вочы той, што прыпала да яго.Я плакаў. Я не саромлюся прызнацца ў гэтым і не саромлюся сваіх слёз. – Божа, злітуйся над зямлёю, што нараджае такіх дзяцей.