Сівая легенда

А сама як літая: усё на месцы, што павінна быць у жанчыны, па думцы ўсякага добрага швейцарца. Я, праўда, не ведаў, якая ў яе хада. У мясцовых жанчын вельмі зграбная хада. І яшчэ рукі, такія, як у гэтай: белыя, не худыя, з тонкімі пальцамі, якія звужаюцца пад канец.Але што іх асабліва рабіла непадобнымі, дык гэта вопратка. Да вопраткі трэба прывучваць не адно пакаленне. І, можа, толькі ўнукі пана прызвычаяцца да адзення, якое насіў ён сам. Шырокая і вельмі кароткая аксамітная безрукаўка на куніцах. Ярка-чырвоная сарочка, якая гладка прыставала да цела. Карункавы каўнер і з-пад яго, на жывот, залаты ланцужок. На поясе цацачны кінжальчык. (Божа, ды гэтым людзям толькі доўбня і з рукі.) І куды яму, да д’ябла, з яго худымі нагамі і таўставатымі каленнымі суставамі, насіць гладкія, у абцяжку, залацістыя панчохі і мяккія боцікі з доўгімі наскамі?Дражняць нас бусланогімі, а самі вучацца.А на пані Любцы ўсё дарэчы. Шырокая ў падоле блакітная з золатам сукня. Пояс, што завязваецца па клубах і падае спераду двума канцамі, быццам падзяляючы ногі. Тонкая ў поясе казнатка1, таксама блакітная.І што лепей за ўсё – на галаве іхні “караблік”, быццам ляжачы маладзік, быццам рожкі над вушамі. Рожкі тыя залацяцца, а на іх зверху накінуты рантух, зусім празрыстае блакітнае пакрывала паміж каленяў.Сядзіць, бы ў воблаку.І на каленях скруціўся свойскі белы гарнастай.

Яна ўстала мне насустрач, усміхнулася злёгку жарсткаватай і прыемнай усмешкай. Гарнастай паспрабаваў быў учапіцца за сукню, але не ўтрымаўся і скаціўся ўніз.У мяне сівізна ў галаве, і тут я ўпершыню пашкадаваў аб гэтым. А сам сабе падумаў, што мужа як мужа, а гэту буду бараніць да самага скону. У мяне ж, каб я не валачыўся па свеце, а жаніўся, як усе добрыя людзі, магла б быць вось такая дачка. І я абавязкова назваў бы яе Гертрудай.Я падышоў да яе і схіліўся, каб пацалаваць руку. Не дала рукі:– Гэта ўжо, бацька, па нашых звычаях зусім без патрэбы.– У іх свой звычай, – сказаў пан Кізгайла, але я пабачыў, што ён узрадаваўся.А потым я пераканаўся, што ён яе і наогул неяк безнадзейна раўнуе. Я злавіў сябе на думцы, што стаў думаць на іхняй варварскай гаворцы, і крыху раззлаваўся. Я ўсё ж з кантона Швіц, чорт мяне забірай!Праўда, тут усе, акамя палякаў, вельмі памяркоўныя да любога народа і любой веры, так што мне тут добра.– А вы сядайце за стол, пан Кандрат, – сказала яна, і я не раззлаваўся за перакручанае імя, – зараз усе прыйдуць.– Ваенную раду ўчынім, – сказаў муж.Я падзівіўся толькі, якія дзіўныя тут норавы. Я не перастаю здзіўляцца дзевяць год. За ежаю – і ваенная рада.Я, грукочучы, падышоў да стала і сеў з імі. Першым прыйшоў пан Фелікс, капуцын – і надзіва чысты для свайго ордэна. Зрэшты, я ўсё адно лепей сядзеў бы з дзесяццю смярдзючымі капуцынамі, чым з адным езуітам. Душэўны смурод горшы.Гэты, выяўляецца, мыўся і нават дужа старанна, бо прыстаўлены быў акрамя выканання службы яшчэ да варкі мёду. Капуцыны разумеюць у выпіўцы.Потым з’явіўся попік, айцец Іякінф (язык зломіш на гэтых імёнах!), ускудлачаны, сухі і хітранькі.Кожны сеў з боку “свайго” гаспадара, у канцы стала і, на маё здзіўленне, надта мірна прывітаўся з законным ворагам.– Прыгразілі, што іначай выганім, – шапнула пані Любка.– А зараз іх наогул вадою не разальеш, – буркнуў Кізгайла, – п’юць разам і зневажаюць бога. Такія блюзнеры. Нядаўна пан Фелікс, напіўшыся, крычаў, што з беларускай зямлі трэба павыганяць і папоў, і ксяндзоў, а богам прасіць на цараванне Бахуса. А разумны ж і бывалы чалавек: у Венецыйскай зямлі быў і яшчэ недзе.