Сівая легенда

– Нічога, бог за легкадумнасць даруе, – сказала гаспадыня.– Яшчэ манахі ёсць? – спытаў я.– Цяпер ужо другі тыдзень служаць запрошаныя. Уратаванне каралевы на вадзе. Тры тыдні будуць выць, – скрывіла яна губку.– Якія?– У шэрых расах.Я ўвесь пахаладзеў. З гэтай кампаніяй я зусім не хачу мець спраў. І я вырашыў паспрабаваць заўтра справадзіць “сыноў Ісуса”, указаўшы ім на небяспеку.З-за мяркуемай рады запрошаных да стала было мала. Прыйшлі яшчэ толькі два: капітан конных кірасіраў, сапраўдны разбойнік з закручанымі вусамі і ў ботах, падобных на вёдры, а сам – ні даць ні ўзяць картачны ніжнік.І яшчэ выбраны камандзір шляхты ў чузе з буркацелі – тайнай парчы, і ў шэрай футры паўзверх яе нягледзячы на вясновы час. У гэтага былі маленькія вочкі і маленькія крывыя далонькі. Хай мяне бог шасне, калі я не ўспомніў крата.Калі мы сунялі першы голад – а на гэта пайшоў немалы час, – я спытаў, калі чакаецца прыход ворага да муроў і ці не абяцаў канцлер Сапега ўзброенай дапамогі. – Яны ўзялі Рагачык з налёту, – хрыпла сказаў капітан. – А цяпер кудысьці зніклі.– Рыхтуюцца, – з прыкметным хваляваннем сказаў Кізгайла, – разумеюць, што тут нечаканасцю нічога не зробіш, і нешта рыхтуюць. Сядзяць недзе ў пушчы... як павукі.– Сяпега ж абяцаў падмогу, – з адценнем пагарды сказала гаспадыня.– Кату ён пад хвост вырас, твой Сапега, – ускіпеў пан, – ці можна яму верыць? Сама памятаеш, як ён за народ беларускі распінаўся. А цяпер надта ўжо скора па-польску пачаў балбатаць. Пярэварацень.– Дый ты ж, – усё з той самай лёгкай і жорсткай усмешкай сказала яна.Твар Кізгайлы так па-пакутніцку скрывіўся, што я пашкадаваў яго.– Ён першы перабег, – скрыпнуў пан зубамі, – а за ім іншыя разышліся на ўсе застаўкі. Як пацукі з карабля. А астатнім чыняць уціск.– Нобілі1 не бягуць, – сказала яна.– Таму і галеюць. Ды і гэтых, першых, тры чалавекі засталося. І тых бы для спакою – на плаху.– Сапега прышле дапамогу. Сапега вораг яму.– Не веру, – сказаў пан, – я і на сабе не спадзяюся пасля “схілення”. І хто ведае, ці не пакарае мяне за гэта пан бог.– Што такое, – не зразумеў я, – каму вораг Сапега?– Галаве мужыкоў, – ваўкавата гледзячы ў падлогу, сказаў Кізгайла. – А ён хто?– Нобіль. Раман Грынка з Ракутовічаў, – адказаў пан.Прызнаюся, што я даволі непачціва свіснуў.Справа паварочвалася зусім дрэнна. Нобілі – самыя знатныя і самыя паважаныя народам людзі на гэтай зямлі. Яны не проста маюць дрэва продкаў, яны вядуць яго ад якога-небудзь слаўнага чалавека.Іхні закон гонару: кожнае пакаленне павінна прымножыць славу гэтага продка сваімі дзеяннямі. Таму большасць з іх вызначаецца справядлівасцю, шчырым норавам і неўтаймаванай адвагай у баі.Гэтыя тры добрыя якасці – я заўсёды казаў гэта – зусім не садзейнічаюць працвітанню. Таму гэта парода належыць да ліку выміраючах. Зніклі нашчадкі князя Вячка, няма прамых нашчадкаў Андрэя Полацкага, нястомнага ворага Крэўскай уніі. Іх забылі. І па заслузе – няма чаго дарэмна геройстваваць. Чалавек створаны на тое, каб пладзіцца, а не на тое, каб знішчаць сябе. Які толк у тым, што іх імёны занесены ў які-небудзь гарадзельскі прывілей або першы статут, калі носьбітаў гэтых імён не засталося на зямлі.Але я заўсёды казаў, што ў гэтага народа галава змайстравана не так. Я не ведаю, мякіна ў іхняй галаве ці інакшыя мазгі (калі здарыцца выпадак, трэба будзе паглядзець), але яны абкружаюць гэтую пароду ўвагай і пяшчотай. Мужыкі асабліва любяць іх, бо тыя амаль заўсёды небагатыя і лічаць празмернае багацце за ганьбу.