Сівая легенда

Аднойчы, пасля разгрому татар пад Крутагор’ем, трэцюю частку здабычы прапанавалі аднаму з Ракутовічаў (не памятаю ўжо, што ён зрабіў, здаецца, закалоў ці ўзяў у палон хана Койдана), і ён аддаў яе мужыкам, якія прыйшлі пад яго сцяг. Тыя потым маліліся на яго, як на бога, і калі іхні бажок паклікаў іх з сабою ў паход на яцвягаў – кінулі ўзбагацелыя гаспадаркі і пайшлі за ім. Вядома, гэта ўсё скончылася дрэнна – з правадыра-завадатая знялі скуру, узяўшы яго ў палон.І даніну з гэтых яцвягаў можна было ўзяць толькі венікамі для лазні і лыкам. Неразумная рызыка!Я ведаў усё гэта ад аднаго быхаўскага манаха. Ён пратрубіў нам усе вушы гэтай мінулай славай.І ўсё ж я ўстрывожыўся. Кіраўнікі яны нядрэнныя, і, калі чуткі спраўдзяцца, значыць, у мужыцкага цела вырасла някепская галава.Гаспадар з гаспадыняй між тым сварыліся. Ён крычаў на жонку:– А ўсё ты! Патрэбна мне была тая халопка. Вось зараз і расхлёбвайце кашу, пані Любка.Тая ласкава гладзіла гарнастая, які ляжаў у яе на плячы, ляніва выгнуўшыся, і лашчыўся галоўкай. Потым сказала холадна:– Не бойся, ён цябе адсюль не дастане. Ён не мацнейшы за цябе.І спытала ў капітана:– Тую дзеўку адправілі ў Магілёў?Капітан ледзь не ўдавіўся кавалкам і пачырванеў:– Праз гадзіну адправяць. Разам з астатнімі. – Загадайце берагчы яе. Калі з ёй што-небудзь здарыцца ў дарозе і той даведаецца – ён не пакіне ад Кісцянёў каменя на камені.– Слухаю вас, – буркнуў капітан.Я не пытаў ні аб чам. Занадта многа таямніц на адзін вечар.Потым мы спехам вырашылі, каму які мур абараняць, а Кізгайла даў загад трымаць напагатове смалу і дровы і змазаць пад’ёмнік другой рашоткі.Загадзя ведаючы, што гэта бескарысна, вырашылі ўзняць на супраціўленне мужыкоў з замкавых вёсак Кізгайлы.Потым Кізгайла прачытаў загад збароўскім мяшчанам, на якіх таксама маглі напасці. Ім належала: “Стрэльбу ўсякую, то бок гакаўніцы, ручніцы і сагадайкі, і іншую абарону, то бок шыбні і што іного да той абароны належыць, у дамех сваіх маці; а хто не можа больш, іно хаця адну ручніцу і рацішча няхай маець, а без абароны ў даму няхай не мешкае”.– Не атрымаецца і гэта, – усміхнуцся Крот. – Гэта чаму? – узвіўся Кізгайла.Крот выцер ільсняныя губы:– Яны ў нас пра падатак прасілі?– Ну, прасілі.– А ты не зняў?– Не зняў... – Таму і не атрымаецца. Скажуць, як п’юць ды ядуць, дык нас не завуць, а як с... і д... дык нас ішчуць.– Не лайся, Іван, – скрывіўся гаспадар, – баба за сталом.– Калі яна баба, – нахабна адказаў той, – няма чаго ёй за нашым сталом сядзець. А калі села, няхай слухае. Воінам без лаянкі нельга. Прыцерпіцца.І тут пані Любка мяне здзівіла. Глянула на Крата цёмна-блакітнымі вачыма і сказала цвёрда:– Калі пан хоча лаяцца, няхай пакіне замак і за мурамі лаецца з тым, хто ідзе.Крот наліўся крывёй:– А ці не хоча пані, каб дваране і яе адправілі за муры сустракаць гэтага чалавека?– Добра, – усміхнулася яна, – пагроза за пагрозу.І раптам устала.– Пан Цхакен, клікніце сваіх людзей. Я загадваю вам выкінуць гэты зброд за браму. Няхай абараняюцца ў чыстым полі.– Любка, – уступіўся муж, – гэта ж кожны трэці абаронца. Спалоханы сваркай гарнастай шмыгнуў пад рантух і хутка ўжо высоўваў сваю трохкутную мордачку з рукава гаспадыні.– Нам не патрэбен такі трэці, – сказала яна, – здрада крочыць цераз самыя высокія вежы. Пан Цхакен...Я ўстаў і бразнуў шпорамі. Гарнастай зашыпеў на мяне з рукава, як васіліск.