Сівая легенда

Але Крот ужо звяў. Ён раптам усміхнуўся гаспадыні:– Добра, пані. Даруйце мне. Добрыя мы будзем, распачаўшы бойку, калі справа зайшла аб скуры. Паасобку будзе дрэнна і вам і нам.Воблака рассеялася. Вячэра цягнулася далей. Вырашылі паспрабаваць заўтра выслаць Дамініка лазутчыкам, каб даведацца, дзе вораг.Усё астатняе для абароны было падрыхтавана. Мы толькі не ведалі колькасці ворага. Мяцеж, выяўляецца, узгарэўся ў наваколлі Зверына. Адтуль не ўцёк ніводзін дваранін. Было гэта за тры тыдні, а першая чутка аб бунце прыйшла тыдзень назад, калі паўстанцы ўзялі Рагачык. І тады ўжо на чале іх быў гэты Раман.Дрэнна, вельмі дрэнна. Я ніколі не верыў людзям, якія занадта доўга церпяць. Калі іх нянавісць загарыцца, яна гарыць, пакуль не спапяліць праціўніка або самога сябе.І толькі цяпер я даведаўся нарэшце, у чым рэч, і сам сабе падзівіўся неразумнасці Кізгайлы.А расказаў мне гэта попік з цяжкавымоўным імем.Аказваецца, паўтара года таму назад Раман прапанаваў пану Аляхну пяцьдзесят бітых талераў за тое, каб ён адпусціў на волю сваю халопку Ірыну.Яны сядзелі і пілі разам, і Аляхно спытаў Рамана, нашто яму гэта. Той адказаў, што паспрабуе пасля гэтага завалодаць яе сэрцам і ажаніцца на ёй. – Сэрца, як я мяркую, табе без патрэбы, ласкавы пане, – легкадумна адказаў нежанаты тады пан Аляхно.– Аднак ты ж прынёс сваё да ног панны Любкі.– Гэта зусім іншая рэч. Яна высокага роду. А нобілю сорамна браць за сябе халопку.– Ажаніўся ж на дачцэ смерда мурамскі Пётр, – сказаў Ракутовіч.– Рабы татар могуць рабіць, што ім хочацца.– Не папікай, сусед. Падобна на тое, што прыйшла чарга нам трапіць у рабства. Варшава задушыць нас, мы згубілі памяць. І невядома, чыё рабства будзе даўжэйшае.– І ўсё ж гэта ганьба для нобіля – мяшаць сваю кроў з халопскай. – Ты дазволь мне самому меркаваць пра гэта.– Слухай, Раман, – усміхнуўся Аляхно, – можна пакінуць сытымі ваўкоў і цэлымі авечак. Бяры яе, на колькі спатрэбіцца. Ты ведаеш, я пряцель твой і сусед і ніколі не запатрабую яе назад. Мне вельмі не хочацца, каб ты ажаніўся з ёю.– Не, – сказаў Раман.– Сур’ёзна, вазьмі яе, калі ўжа так захацеў. Зрабі ёй дзіця і супакоішся.– А калі яна мяне ненавідзіць?– А хто пытае пра гэта ў быдла?– Не да ладу кажаш, сусед, – сказаў Раман, – дзяўчат гэтага “быдла” таксама нядобра псаваць, як і ўсякіх другіх. Гэтае быдла адкінула і збіла татарскую конніцу, седзячы на конях, узятых ад сахі. Ды і Ірына паважаная дзеўка.– Ну і вазьмі яе сабе, – засмяяўся Кізгайла.– Браць сілком, браць у ланцугах – гэта трэба не паважаць сябе.– Ды хто ж табе кажа сілком? Ты ўлашчы яе падарункамі.– І ўсё адно яна зняволеная. Не хачу. Брыдка. Трэба каб па любові, іначай якая ж тут радасць?– Гм... Дык ты ж яе ў другую няволю цягнеш. Бо калі дазнаюцца, што ты адкупіў, дык зноў звязанай будзе. І сабака хвастом віляе, калі кінеш яму кавалак.– Вось я і хачу цябе прасіць, каб ты адпусціў і маўчаў. Быццам сам адпусціў.Кізгайла падумаў крыху.– Не, не адпушчу, – сказаў ён. – Хочаш – бяры. Не хочаш – не бяры. Нобілю нельга быць жанатым з халопкай.Ён занатурыўся, і Раман паехаў пакрыўджаны. Яшчэ раз ён паспрабаваў завесці размову аб гэтым і ледзь не маліў Кізгайлу, але той стаяў на сваім. Пасля гэтага Раман пакінуў ездзіць да Кізгайлы. Той перапалохаўся – суседзі сталі коса глядзець на яго. Яму зусім не хацелася варагаваць з Ракутовічамі, і ён вырашыў адпусціць Ірыну на волю. Але вяселле яго з паннай Любкай, што неяк раптоўна згадзілася пайсці за яго, вось-вось павінна было загрымець на ўсё ваяводства званамі і шамкамі коней. І ён, як варты павагі жаніх, спытаў у нявесты, ці трэба даваць Ірыне вольную.