Сівая легенда

Любка ж была ўжо амаль гаспадыняй. А тая раптам уся страпянулася і холадна сказала:– Не.Ён паглядзеў на яе халодны твар, на прыжмураныя вочы, што глядзелі ўбок.– Не, – паўтарыла яна. – Нобіль і халопка? Калі ты гэта зробіш, пра мяне можаш не думаць. І Аляхно не паехаў да Ракутовіча. А неўзабаве пасля вяселля Кізгайлы з Любкай да яго прымчаў на кані стрыечны брат Рамана, Якуб.– Аляхно, – маліў ён Кізгайлу, – зрабі гэта, дзеля пакут Хрыстовых, калі хочаш, каб Раман памёр. Ён зусім звар’яцеў, мы вынеслі з яго пакояў усю зброю. Ён раве, як грэшная душа ў пекле, і лае караля, Літву і палякаў. Ён пагражае разнесці ўсё. Ты ведаеш, ён і раней ненавідзеў уціск, на які нас прыракаюць. Цяпер ён ненавідзіць яго стакратна. І гэта твая дзеўка штурхнула яго на гэта. Адпусці яе. Разумееш, я яшчэ не бачыў, каб чалавек так кахаў і шкадаваў.– Не, – сказаў Аляхно і сказаў гэта не сваімі вуснамі, а вуснамі жонкі.– Ты ведаеш, – сказаў Якуб, – ён крычыць, што гэта цяперашнія выскачкі зрабілі такімі цяжкімі ланцугі халопства, што хутка стануць халопамі і паны, увесь народ... Аляхно, ён не есць, і не п’е, і не спіць па начах. Адпусці!– Не, – сказаў Аляхно.– Добра, – ускіпеў Якуб, – ты будзеш вінен у пагібелі дзвюх душ. Яго і гэтай дзеўкі, таму што яна таксама шкадуе яго, я ведаю. Сорам табе, Аляхно! Дзяды часта жаніліся так, як хоча Раман. І гэтыя новыя парадкі нам не даспадобы.– Не, – сказаў Аляхно.– Добра ж, – і Якуб кінуў на стол корд1, – тады слухай, Аляхно. Ракутовічы табе абвяшчаюць варожасць. Беражыся.Кізгайла пагаварыў яшчэ раз з жонкай, але тая ўпарта і тупа стаяла на сваім. А праз месяц Якуб, спасцерагаючы згасанне брата, выклікаў Аляхно на бой і быў забіты. Смерць брата крыху працверазіла Ракутовіча. Ён стаў на ногі. І ніхто не ведаў, што ён думае. Перапалоханы гэтым нядобрым маўчаннем, Кізгайла вырашыў напасці на адну з вёсак суседа, каб паскорыць вырашальную сустрэчу.Па дарозе туды ён быў паранены стралою з сялянскага самастрэла. Страляў адзін хлопец з аховы Якуба. Помсціў за нябожчыка.Загонавыя дваране адступілі, забраўшы з сабой Кізгайлу. Той не дазволіў ім дакранацца да сябе і адлежваўся ў Кісцянях, нікога не пускаючы ў свой пакой.І вось цяпер мужыцкія орды ўзначаліў гэты чалавек, смяротны вораг майго гаспадара.Я плюнуў, выслухаўшы гэтую гісторыю. Калі ў справу ўмешваецца баба – дабра не чакай. І ахвота яму было пытацца парады ў свае жонкі!Але ўсё адно яна была гожая, а гэтага Ракутовіча я не разумеў.Толькі вар’ят мог, калі яму дакляруюць такую раскошу, – патрабаваць сабе ланцугоў на шыю.“Не мая справа. Мая справа біцца”, – вось што вырашыў я.Між тым мяне выклікаў капітан.– Слухай, калега, – сказаў ён, – я зараз адлучуся на малы час, а потым мы з табою пагаворым, як падтрымліваць адзін аднаго ў час вылазак, калі прыйдзе хам.– А ці патрэбныя тыя вылазкі? Нас мала.– Затое мы ў жалезе. Адзін латнік варты трыццацёх мужыкоў.Я ведаў, што гэта так, але параіў вылазак не рабіць.– А нашто ж тады конніца ў чатырох сценах? – засмяяўся ён. – Ды і хлеб я атрымоўваю не за сядню. Плацяць – скачы і сячы.– А калі гэта неразумна?– Пла-ацяць, – працягнуў ён, быццам давёў, і выйшаў.Я пачакаў крыху і пайшоў за ім. Мне цікава было, якіх людзей ён адпраўляе з крэпасці напярэдадні аблогі.Я прайшоў пераходамі і выйшаў на галерэю, што выходзіла ва ўнутраны двор. Я думаў, што я адзін, але потым заўважыў, што ў адным канцы галерэі стаіць гаспадар з жонкай. І тады я адышоў у другі канец, дзе было цямней, і там успёрся на парэнчы.